Саміт сабраў лідараў

Штогод дэлегацыі з усіх устаноў адукацыі Гродзенскага раёна збіраюцца на саміт, каб падвесці вынікі работы школьнай сістэмы самакіравання за мінулы год і абмеркаваць праграму дзейнасці на новы навучальны год. Гасцямі сёмага саміту сталі і госці з Літвы — навучэнцы агульнай школы “Атгіміма” з Друскінінкая.

У верасні гэтага года Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пачаў удзельнічаць у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Менавіта гэтай тэме і быў прысвечаны саміт.

У першы дзень работы дэлегаты сустрэліся з кіраўніцтвам Гродзенскага раёна. У інтэрактыўнай праектнай сесіі “Канкурэнтаздольная асоба ў Рэспубліцы Беларусь: стратэгія фарміравання” прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Лябецкі, намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Клімовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Аксаміт. Адбыўся дыялог вучнёўскай моладзі з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады па актуальных пытаннях фарміравання сацыяльна паспяховай асобы. Больш за 35 пытанняў задалі школьнікі прадстаўнікам улады. Моладзь цікавілася значэннем адукацыі ў сістэме фарміравання канкурэнтаздольнай асобы, тым, як уплывае жыццёвы і працоўны вопыт на фарміраванне сацыяльнай паспяховасці.

Панарама статус-стратэгіі “Моладзь ХХІ стагоддзя: крок у будучыню” ўключала выезды дэлегатаў у арганізацыі і на прадпрыемствы Гродна і Гродзенскага раёна, дзе яны на практыцы ўбачылі, якія ўмовы для работы, развіцця творчых здольнасцей створаны для моладзі. Лідары школьнага самакіравання пабывалі ў рэдакціі газеты “Гродзенская праўда” і ў радыётэлекампаніі “Гродна”, на прадпрыемстве “Контэ-СПА”, Адэльскім сельскім Савеце.

Асабліва яркай падзеяй саміту сталі творчыя справаздачы дэлегацый устаноў адукацыі аб выкананні раённай праграмы “Дзесяць добрых спраў”, рэалізаванай у мінулым навучальным годзе пад кіраўніцтвам кіраўнікоў школьных сістэм самакіравання.

На тэрыторыі аздараўленчага лагера “Сузор’е”, дзе адбываўся саміт, беларускія і літоўскія школьнікі залажылі алею сяброўства. Пасля гэтага ўсіх чакала не менш цікавая работа на трэнінгу “Інавацыйная стратэгія развіцця асобы ў Рэспубліцы Беларусь: праз самакіраванне да паспяховасці”, які правялі студэнты педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Другі дзень пачаўся з “Гадзіны творчасці”: удзельнікі саміту малявалі агульнае 10-метровае пано “Мы — паспяховыя”. Актыўная дыскусія разгарнулася на пляцоўцы “Тэрыторыя сэнсу: ініцыятывы — у дзеянне”, дзе абмяркоўвалася і прымалася праграма работы вучнёўскага самакіравання на 2016/2017 навучальны год. Запланавана шмат цікавых спраў. Гэта валанцёрскія акцыі “Тэхналогія дабрыні”, мерапрыемствы з цыклаў “Сямейныя радасці” і “Духоўныя асновы Беларусі”, экалагічныя, спартыўныя і турыстычныя святы.

Знайшлі час маладзёжныя лідары і для забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў. Яны сустрэліся на пляцоўцы “Тэрыторыя спорту: лідарскія спаборніцтвы”, дыскатэцы “Саміт збірае сяброў”. Актыўным завяршэннем мерапрыемства стала пазнавальна-забаўляльная праграма “Здароўя жадаем”, якая адбылася ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Азёры”.

Ганна ФІНАГЕНАВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей
і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *