Самыя маладыя педагогі Лелюкінскай сярэдняй школы сталі настаўнікамі дзякуючы яркаму прыкладу

- 15:00Первое рабочее место

Самыя маладыя педагогі Лелюкінскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Кацярына Трыпуцька і Ганна Ладыка пачалі свой прафесійны шлях ва ўстанове адукацыі ў сельскай мясцовасці і рады, што так здарылася. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Г.І.Алешчык са сваімі былымі вучаніцамі, а цяпер калегамі Г.Э.Ладыка і К.Я.Трыпуцька

Пасля заканчэння ўніверсітэта яны вярнуліся на сваю малую радзіму і сёння шчодра дзеляцца ведамі і душэўным цяплом з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія сталі для іх амаль роднымі.

Настаўніца пачатковых класаў Кацярына Трыпуцька пачынае размову з імён і прозвішчаў сваіх вучняў, і ў гэты момант становіцца зразумела: у прафесіі педагога яна не выпадкова.

— Мне здаецца, іншыя варыянты я ніколі і не разглядала ўсур’ёз. Яшчэ зусім маленькай гуляла ў школу: рассаджвала на крэслы цацкі і з высока паднятай галавой вучыла іх грамаце, — з усмешкай успамінае суразмоўніца.

Бацькі заўсёды падтрымлівалі імкненне дачкі да настаўніцтва, і ўжо тады тата змайстраваў для яе дошку. Пасля заканчэння школы была вучоба ў сталічным універсітэце. На апошнім курсе малады педагог сумяшчала вучобу з работай па спецыяльнасці ў адной са школ Мінска. І ўсё ж пасля атрымання дыплома аб адукацыі ў 2021 годзе вярнулася ў родныя Лелюкі.

Першы раз у першы клас

— З асаблівай цеплынёй успамінаю сваю першую настаў­ніцу Алу Вітольдаўну Дзядуль. На яе ўроках я заўсёды сядзела з шырока расплюшчанымі вачыма, а пасля спяшалася дадому і расстаўляла сваю хатнюю школу з усімі атрыбутамі: дошкай, журналам, крэйдай і ўказкай… Мой прыклад — гэта той выпадак, калі прафесійны выбар шмат у чым вызначыла яркая фігура канкрэтнага педагога, — гаворыць Кацярына.

У Лелюкінскую сярэднюю школу кожны дзень на ўрокі спяшаюцца каля 70 хлопчыкаў і дзяў­чынак. Як гэта звычайна бывае ў сельскіх школах, камплект­насць класаў невялікая — да дзесяці чалавек. Для маладога спецыя­ліста такі фармат заняткаў — безумоўны плюс. Ёсць магчы­масць удзяліць час кожнаму і ў поўнай меры рэалізаваць прынцып індывідуальнага падыходу ў навучанні.

— Пасля выхадных усе шасцёра маіх трэцякласнікаў традыцыйна сустракаюць мяне яшчэ ў дзвярах школы і наперабой расказ­ваюць пра тое, як правялі час. Вядома, іх адкрытасць і шчырасць грэюць душу і цешаць мяне. Падобныя моманты яшчэ раз пераконваюць, што выбар на ка­рысць прафесіі настаўніка я зрабіла не дарэмна, — дзеліцца малады педагог.

Успамінаючы сваё першае настаўніцкае 1 верасня, Кацярына адзначае, што хвалявалася ў той дзень да дрыжання ў голасе. Першы раз у першы клас прыйшлі тады не толькі яе вучні. Але час усё расставіў па сваіх месцах, і на змену хваляванням прыйшла ўпэўненасць і разам з ёй поўнае паразуменне з дзецьмі і іх бацькамі.

— Першыя два гады маім куратарам была вопытная настаўніца Марыя Іванаўна Лянцэвіч. Пры гэтым я ведаю, што па дапамогу і параду магу звярнуцца да любога педагога і адміністрацыі школы.

Скарбонка дасягненняў

Размову аб поспехах і дасягненнях у прафесіі Кацярына пачала, разгарнуўшы папку асабістага партфоліа, якую пачала весці яшчэ студэнткай. У ёй — з дзясятак сертыфікатаў аб заканчэнні розных курсаў, напрыклад, па хуткасным чытанні. Яна засвоіла шмат з таго, што робіць працу настаўніка цікавай і карыснай для вучняў.

У 2021 годзе Кацярына Тры­пуцька была ўдзельніцай абласнога педагагічнага балю, пераможцай раённага конкурсу маладых спецыялістаў. Да таго ж неаднаразова яна станавілася слухачом школы маладога педагога ў Гродне. Пасля ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Асоба, грамадства, адукацыя” яе артыкул быў апублікаваны ў зборніку ГрАІРА. У скарбонцы значных пуб­лікацый маладога педагога ёсць і артыкул у сеткавым выданні ng-press.by. А зусім нядаўна да асабістых дасягненняў Кацярыны дабавілася яшчэ адно: яе імя ўнесена ў віртуальную Кнігу пашаны маладых спецыялістаў галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскай вобласці.

Немалаважна, што матэрыялы асабістага партфоліа расказваюць не толькі пра педагога. Тут жа ксеракопіі дыпломаў яе вучняў. Яны станавіліся лепшымі ў раённым конкурсе даследчых работ. Дыпломам пераможцы адзначаны поспехі вучаніцы, якая пры падтрымцы педагога піша вершы.

Галіна АЛЕШЧЫК, дырэктар Лелюкінскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна: З маладымі педагогамі нам вельмі пашанцавала. Мне гэта было зразумела літаральна з першых дзён іх работы, а можа, і раней. І Кацярына Яўгеньеўна, і Ганна Эдуардаўна былі маімі вучаніцамі. Яшчэ школьніцамі яны вылучаліся зайздроснай актыўнасцю і імкненнем дасягаць новыя вяршыні.

Тэлевядучы ля дошкі

Пяты год настаўнікам-дэфектолагам у Лелюкінскай сярэдняй школе працуе Ганна Ладыка. Пасля заканчэння школы ў вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна яна працягнула вучобу ва ўніверсітэце як мэтавік.

— У школе была вельмі актыўнай і марыла аб прафесіі тэлевядучай. Але на мой выбар на карысць педагогікі шмат у чым паўплывала мая першая настаўніца Святлана Іванаўна Бычкоўская. У нашым класе яна апрабоўвала новыя методыкі навучання і сапраўды любіла тое, што робіць. З заканчэння пачатковай школы прайшло нямала часу, але памятаю яе ўрокі, быццам яны былі ўчора, — расказвае Ганна Ладыка.

У пэўнай ступені мара педагога аб кар’еры тэлевядучай здзейснілася. Бо настаўнік, як ніхто іншы, спалучае ў штодзённай рабоце мноства роляў. Важна не проста разумець вучняў, як псіхолаг, але і ўмець утрымліваць іх увагу, як вядучы.

З кожным годам усё больш дзяцей маюць патрэбу ў прафесійнай дапамозе Ганны Ладыка. І кожны такі вучань патрабуе індывідуальнага падыходу, плана работы. Па словах суразмоўніцы, у школе для гэтага ёсць усе неаб­ходныя ўмовы: заўсёды можна правесці заняткі з выкарыстаннем мультыборда ці пераноснага праектара, ноўтбука.

Ганна Ладыка рэгулярна павышае кваліфікацыю на тэматычных курсах. Акрамя таго, педагог удасканальвае веды, удзельнічаючы ў вэбінарах рознай накіраванасці.

Двойчы Ганна станавілася ўдзельніцай міжнароднай канферэнцыі “Асоба, адукацыя, інтэрнэт”. У абласным конкурсе “IT-майстар” заняла 3-е месца. Ганна Ладыка дзялілася сваімі напрацоў­камі і запазыч­вала вопыт іншых і на Усерасійскім сімпозіуме Забайкальскага краю. Для ўдзелу ў гэтай віртуальнай дыялогавай пляцоўцы педагог Лелюкінскай сярэдняй школы здымала свой урок і адпраўляла на спецыяльную платформу. Удзель­нікамі форуму тады сталі педагогі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і іншых краін.

— Вынікам узаемадзеяння з калегамі з розных краін стала сумесная відэаканферэнцыя, дзе мы маглі задаваць пытанні і абмяркоўваць убачанае. Гэта быў вельмі цікавы і карысны вопыт узаемадзеяння, — прыгадвае Ганна Ладыка.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара