Самыя надзейныя, самыя дружныя

- 10:41Актуально, Апошнія запісы

Менавіта такія сем’і сабраліся ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску на фінале ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, што прайшоў пад дэвізам “Мая сям’я — мая краіна”. Сем дружных, надзейных, творчых, цікавых сем’яў з кожнай вобласці Беларусі, а таксама са сталіцы, пераможцы адпаведных рэгіянальных конкурсаў выйшлі на сцэну.

— Ад імя ўрада дазвольце сардэчна вітаць вас у гэтай цудоўнай зале на цудоўным завяршэнні той работы, якую вы праводзілі год, — звярнуўся да фіналістаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы. — Сапраўды, сям’я — гэта аснова і ячэйка грамадства. Менавіта ў бацькоўскім доме закладваюцца асновы ўстойлівасці дзяржавы. Дзеці, тата, мама і хлеб — гэта аснова дзяржаўнасці, гэта аснова ўсяго нашага жыцця, гэта наш рэсурс, наш патэнцыял.

Пра тое, што сям’я — аснова грамадства, а клопат пра яе — справа агульная, сведчыць і тое, што сярод арганізатараў конкурсу — міністэрствы, установы, грамадскія аб’яднанні: Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, Беларускі саюз жанчын, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты.

Асаблівую ўвагу ў Беларусі, як падкрэсліў віцэ-прэм’ер у прывітальным слове, удзяляюць сем’ям з дзецьмі, мнагадзетным сем’ям. І на сцэне ў той святочны дзень выступалі амаль выключна мнагадзетныя сем’і. Так, Брэстчыну прадставіла сям’я Хвесюк з Мікашэвіч, у якой трое дзяцей, Віцебскую вобласць — жыхары абласнога цэнтра Алег Генадзьевіч і Алена Барысаўна Краўчук, якія таксама маюць траіх дзяцей. Дарэчы, Алена Барысаўна дзесяць гадоў працуе настаўніцай англійскай мовы ў адной са школ Віцебска, сёлета прымала ўдзел у раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”. І яна была не адзінай маці-педагогам у фінале конкурсу лепшых сем’яў Беларусі.

Самай мнагадзетнай (шасцёра дзяцей) удзельніцай фіналу ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” аказалася сям’я Пятрушка з Калінкавіч Гомельскай вобласці. Гродзенскую вобласць прадстаўляла сям’я Сідар: тата Алег, мама Ірына (музычны кіраўнік ў сярэдняй школе) і іх дочкі — Марыя і Дар’я. Дзве дачкі і сын у сям’і Войцех з Мінска, таксама трое дзяцей у Ігара Іванавіча і Святланы Пятроўны Еўтух з Нясвіжа, што ў Мінскай вобласці. Магілёўшчыну прадставіла сям’я Сокал з Глуска. У ёй дзве дачкі і сын, а маці Аксана — педагог мясцовай школы № 2.

Канечне, гледачы даведаліся пра сем’і, якія выйшлі ў фінал, куды больш, бо яны ў двух конкурсах — візітнай картцы “Радавод” і творчым конкурсе “Мая сям’я — мая краіна” — падрабязна расказалі пра сябе, свае захапленні, актыўнае сацыяльнае жыццё, удзел у дабрачынных праектах. У каго ў сям’і ўсё пачалося з трактара? Дзе плятуць самыя прыгожыя кошыкі? У чыю сям’ю дзяцей прыносіць не бусел, а іншая птушка? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні атрымалі гледачы, якім пашчасціла трапіць на фінал рэспубліканскага конкурсу. А для нашых чытачоў скажу: дзякуючы трактару пазнаёмілася пара з аграгарадка Лунна; пляценне кошыкаў — агульная справа сям’і Хвесюк з Брэстчыны, а дзяцей у сям’ю з Магілёўшчыны прыносіць, канечне, не бусел, бо самі яны — Сокалы.

Моц сямейных сувязей, крэатыўнасць, пазітыўны настрой усіх фіналістаў адчулі не толькі гледачы, але і журы, у склад якога ўвайшлі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Анатольеўна Касцевіч, міністр аховы здароўя Валерый Анатольевіч Малашка, міністр культуры Юрый Паўлавіч Бондар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і вядомая спявачка Ірына Дарафеева, першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, а таксама іншыя вядомыя людзі.

А рашэнне журы было наступным: пераможцай ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” стала сям’я Пятрушка з Гомельскай вобласці, на другім і трэцім месцах — сем’і Войцех з Мінска і Хвесюк з Брэстчыны. Хаця, безумоўна, кожны ўдзельнік гэтага конкурсу сапраўдны пераможца па жыцці, бо ў кожнага ёсць самае галоўнае — моцная, надзейная сям’я.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота БелТА.