Сапраўдны герой

- 9:15Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

У гонар людзей, якія абаранялі нашу зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, названы многія вуліцы, культурныя і сацыяльныя аб’екты.

У 1966 годзе Глыбачанскай школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Барыса Іванавіча Юркіна. Таксама яго імя носіць вуліца ў родным Арэнбургу, а на будынку чыгуначнага тэхнікума, дзе вучыўся, усталявана мемарыяльная дошка. Але не многія ведаюць, кім быў гэты малады чалавек, пра што марыў, за што аддаў сваё жыццё.

Нарадзіўся 30 чэрвеня 1919 года ў Арэнбургу ў сям’і чыгуначніка. Рос сур’ёзным, цікаўным хлопчыкам. Любіў чытаць, майстраваць, заўсёды знаходзіўся сярод таварышаў, быў ініцыятарам прагулак, займальных гульняў, рыбнай лоўлі на рэках Урал і Сакмара. Быў працавітым, а яшчэ займаўся спортам. Асаб­ліва цікавіўся цяжкай атлетыкай (штангай). У яго была пудовая гіра. Здаваў нормы на значок “Гатовы да працы і абароны” і атрымаў яго.

Пасля заканчэння сямі класаў чыгуначнай школы № 24 паступіў у Арэнбургскі тэхнікум шляхоў зносін на аддзяленне “Грамадзянскае будаўніцтва”. У 1938 годзе з поспехам скончыў тэхнікум. Маці Барыса ўспамінала, што малады чалавек марыў паступіць у інстытут і будаваць прыгожыя гарады, але ажыццявіцца яго мары пера­шкодзіла вайна.

15 кастрычніка 1939 года Барыс Іванавіч Юркін прызваны Кіраўскім райваенкаматам Чкалаўскай вобласці ў Чырвоную Армію, прымае ўдзел у вайне з Фінляндыяй. Суровая зіма і знаходжанне ў цяжкіх баявых умовах паўплывалі на стан здароўя Барыса Іванавіча, таму пасля дэмабілізацыі ён вяртаецца да будаўніцтва чыгуначных аб’ектаў у Краснаярскім краі.

Пасля некалькіх няўдалых спроб ідзе на фронт вясной 1944-га. Летам таго ж года на шляху войск 1-га Прыбалтыйскага фронту знаходзілася тэрыторыя Ушацкага раёна. З успамінаў былога камсорга 3-га стралковага батальёна: “Ён служыў у 7-й роце, якой камандаваў старшы лейтэнант Шапашнікаў. Іх 1-ы ўзвод быў падабраны з лепшых воінаў, у асноўным камсамольцаў. Гэта былі смелыя, валявыя, дысцыплінаваныя маладыя людзі. 23—25 чэрвеня наша падраз­дзяленне атрымала задачу фарсіраваць раку Заходняя Дзвіна ў раёне Улы. Барыс у ліку першых кінуўся ў ваду і паплыў да процілеглага берага. Многія з іх узвода не змаглі даплысці да жаданага берага. Пасля ранення лейтэнанта камандаванне ўзводам прыняў Барыс”.

Экспазіцыя “Б.І.Юркін — Герой Савецкага Саюза. Яго імя носіць наша школа” і сёння з’яўляецца самай важнай у школьным музеі і найбольш папулярнай пры правядзенні экскурсій, урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.

Хутка першыя савецкія салдаты змаглі прабіцца скрозь “дождж са свінцу” на супрацьлеглы бераг, дзе асталяваўся вораг. Барыс узяў звязак гранат і папоўз да кулямётнага пункта, кідаючы іх на хаду. Пасля бою салдаты абкружылі свайго цяжкараненага камандзіра і на руках аднеслі ў палявы шпіталь, які быў разме­шчаны ў вёсцы Асінаўка. Сяржант Барыс Юркін памёр ноччу ад цяжкіх раненняў.

У 60-я гады вучні Глыбачанскай школы пад кіраўніцтвам Івана Васільевіча Законнікава праводзілі актыўную пошукавую работу. Сам франтавік, Іван Васільевіч дакладна разумеў, што неабходна як мага падрабязней запі­саць успаміны пра герояў вайны, а таксама ўвекаве­чыць памяць тых, хто загінуў. Пошукавая работа пад яго кіраўніцтвам працягвалася шмат гадоў. Аднойчы піянеры заглянулі ў вёску Асінаўка. Ганна Іванаўна Башун расказала пра апошнія мінуты героя і паказала яго магілу. Неўзабаве было арганізавана перазахаванне астанкаў у брацкую магілу ў цэнтры Глыбачкі, аб чым сведчыць запіс на памятнай дошцы.

Настаўнікі і вучні Глыбачанскай школы хадайнічалі аб прысваенні школе імя Барыса Юркіна, і гэтае хадайніцтва было задаволена. Далей наладжваліся сувязі са сваякамі героя, яго аднапалчанамі, а таксама з групай “Пошук” і пошукавым атрадам “Факел” Арэнбургскага тэхнікума чыгуначнага транспарту.

Штогод у школе праводзяцца мера­прыемствы, прысвечаныя Барысу Іванавічу. У 2021 годзе наша школа наладзіла сувязь з выкладчыкам Арэнбургскага чыгуначнага тэхнікума. Люцыя Ільясаўна Караловіч падзялілася матэрыяламі музейнага архіва тэхнікума, а таксама прыслала фільм пра героя, створаны яе выхаванцамі. Гэтыя і іншыя матэрыялы размешчаны ў абноўленым музеі школы і на сайце віртуальнага музея.

Прайшло шмат гадоў, змянілася не адно пакаленне вучняў і настаўнікаў, аднак пра Барыса, маладога чалавека, які не паспеў увасобіць усе свае мары ў жыццё, памятаюць і ў родным горадзе, і ў невялікай беларускай вёсачцы, дзе пахаваны сапраўдны герой.

Таісія ЦЕРАШКАВЕЦ,
кіраўнік творчага калектыву “Краязнаўцы”
Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна.