Сацыякультурны цэнтр вёскі

— Сельскі яслі-сад — амаль другі дом для яго супрацоўнікаў і дзяцей, а свой дом заўсёды хочацца зрабіць утульным і цёплым, каб атрымліваць задавальненне ад кожнага дня, пражытага ў ім, — гаворыць загадчыца Яроміцкага ясляў-сада Кобрынскага раёна Таццяна Мікалаеўна Біч. — Сельская ўстанова адукацыі — гэта культурны цэнтр, прычым даволі часта адзіны, дзе бацькі могуць разам з дзецьмі паўдзельнічаць у святах і атрымаць цікавыя і карысныя веды. Адметна, што на мерапрыемствы ў яслі-сад прыходзяць як мамы і таты, так і іншыя родзічы выхаванцаў, суседзі, сябры. Наша ўстанова імкнецца быць не столькі транслятарам ведаў, колькі культурным і інфармацыйным цэнтрам для вольнага часу, цэнтрам стваральных і творчых ініцыятыў, дзе наладжана штодзённая сумесная работа дзяцей і дарослых.

Дашкольную ўстанову вызначаюць стабільны творчы калектыў, эфектыўнае ўзаемадзеянне з соцыумам і бацькамі, пазітыўнае грамадскае меркаванне ў пасёлку, дастойныя вынікі ўдзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Гэта сведчыць пра пазітыўны імідж ясляў-сада, які неабходна падтрымліваць і развіваць.

— Кіраўнік павінен ісці ў нагу з часам, прадбачыць і прагназаваць любую сітуацыю, умець падстройвацца пад змены ў грамадстве, разумна рызыкаваць, — упэўнена Т.М.Біч. — Жыццё патрабуе ад кіраўніка быць псіхолагам і юрыстам, менеджарам і дызайнерам. Кіраўнік не мае права на раздражненне, няўвагу і нерашучасць. Загадваю ўстановай больш за 10 гадоў. Лічу, што за гэты час удалося стварыць станоўчы імідж ясляў-сада, у якім маюць патрэбу і які прыцягвае ўвагу, аб’яднаць калектыў аднадумцаў-прафесіяналаў. Задача кіраўніка — настроіць падначаленых на якасную работу на перспектыву, сфарміраваць пазнавальны вобраз установы.

Найважнейшым рэсурсам у забеспячэнні якасці дашкольнай адукацыі Т.М.Біч лічыць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў. У Яроміцкім яслях-садзе вышэйшую адукацыю маюць 82% выхавальнікаў (у вобласці — 66%), вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — каля 54%.

— Наша ўстанова ні ў чым не саступае сучасным гарадскім дашкольным установам, — адзначае Т.М.Біч. — Сёння ў яслях-садзе, разлічаным на 110 месцаў, выхоўваюцца 115 дзяцей. Дзякуючы творчым намаганням дружнага калектыву педагогаў і бацькоў ва ўстанове створаны камфортныя ўмовы для адукацыйнага працэсу.

Сучасная дашкольная ўстанова не можа існаваць у соцыуме адасоблена. Яслі-сад адчувае яго ўплыў і сам уплывае на яго, нясе адказнасць перад грамадствам за сваю дзейнасць, выконвае сацыяльны заказ і павінен працаваць у рэжыме развіцця, апярэджваючы час. Адсюль вынікае неабходнасць у наладжванні канструктыўнага супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі асобамі, сем’ямі, сацыяльнымі, культурнымі, медыцынскімі, адукацыйнымі, творчымі, вытворчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, установамі і службамі. У ідэале яслі-сад і сям’я павінны выступаць раўнапраўнымі партнёрамі, аднолькава зацікаўленымі ў стварэнні аптымальных умоў для выхавання і развіцця дзяцей. У сельскай дашкольнай установе педагогам лягчэй усталяваць кантакты з сем’ямі, паколькі яны амаль дасканала ведаюць жыллёвыя ўмовы і лад жыцця кожнай з іх.

— Адна з задач дашкольнай адукацыі — забеспячэнне яе даступнасці, — расказвае Т.М.Біч. — З гэтай мэтай адкрываюцца розныя формы дашкольнай адукацыі. Так, у 2007 годзе была створана адаптацыйная група для сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў, што дазволіла павялічыць ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй, аказваць дапамогу мамам і татам у гарманічным развіцці малышоў і садзейнічаць іх хуткай адаптацыі да ясляў-сада.

Для задавальнення запытаў бацькоў і раскрыцця магчымасцей выхаванцаў арганізаваны платныя адукацыйныя паслугі па харэаграфіі, дзіцячым ручным ткацтве і замежнай мове. Калі ў 2014 годзе толькі 65% дашкольнікаў наведвалі платныя гурткі, то сёлета — 96%. Асноўнымі памочнікамі ў арганізацыі гэтых паслуг сталі бацькі. Так, для патрэб гуртка па дзіцячым ручным ткацтве яны вырабілі для кожнага малыша ткацкія станкі, забяспечылі матэрыяламі і інструментамі. Акрамя таго, бацькі шыюць касцюмы для выступленняў дзяцей.

— Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Генадзьеўна Арцюх распрацавала практычныя матэрыялы па дзіцячым ручным ткацтве з электронным дадаткам у дапамогу педагогам-дашкольнікам, — гаворыць Т.М.Біч. — Сродкі ад платных адукацыйных паслуг выкарыстоўваюцца для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы груп. Па выніках анкетаванняў усе бацькі цалкам задаволены якасцю гэтых паслуг.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй. З мэтай эфектыўнага ўзаемадзеяння ў аказанні рознабаковай псіхолага-педагагічнай дапамогі бацькам і прафілактыцы магчымых цяжкасцей, якія ўзнікаюць у дзяцей пры адаптацыі да школы, быў арганізаваны клуб “Бацькі будучых школьнікаў”. Падчас круглых сталоў члены клуба сустракаюцца з медыцынскімі работнікамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў, педагогам-псіхолагам і адміністрацыяй школы, дыскутуюць, аналізуюць і мадэлююць праблемныя сітуацыі, праходзяць анкетаванне і трэнінгі, кансультуюцца са спецыялістамі.

— Наша ўстанова рэалізоўвае рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, — расказвае Т.М.Біч. — Для рэалізацыі праекта ў мінулым навучальным годзе была істотна палепшана матэрыяльна-тэхнічная база ясляў-сада. У перспектыве ўсе педагогі будуць забяспечаны ноўтбукамі. Былі створаны акаўнты і блогі для зручнай работы з электроннымі дзённікамі, партфоліа і тэстамі, што дазволіла забяспечыць інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе і ўмовы для асобасна арыентаванага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў праекта. Акрамя таго, выкарыстанне ІКТ (банк электронных адрасоў бацькоў, медыятэка, электронная рэкламная дзейнасць і інш.) значна павысіла эфектыўнасць узаемадзеяння ўстановы і сям’і. Бацькі задаволены дзейнасцю ясляў-сада, актыўна ўдзельнічаюць у яго жыцці.

Большасць выхаванцаў установы — гэта дзеці работнікаў ААТ “Астромічы”, ПМК-52 УП “Брэствадбуд” і НПС “Кобрын” ААТ “Гомельтранснафта “Дружба”. Дашкольнікі ўдзельнічаюць у ганараванні лепшых хлебаробаў на свяце ўраджаю “Чалавек слаўны працай”, падчас экскурсій знаёмяцца з працай дарослых, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля такіх экскурсій дзеці ганарацца сваімі бацькамі, больш паважаюць і цэняць іх працу.

Надзейнай апорай педагогаў з’яўляюцца актыўныя бацькі, якія заўсёды ўдзельнічаюць у святах, занятках і экскурсіях, ахвотна вырашаюць многія арганізацыйныя пытанні. Мамы і таты вырабляюць касцюмы для інсцэніровак, атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў, дапамагаюць у правядзенні бягучых рамонтаў, азеляненні і добраўпарадкаванні гульнявых участкаў, дзеляцца цікавымі матэрыяламі падчас тэматычных тыдняў. Акрамя таго, бацькі забяспечваюць установу экалагічна чыстай і якаснай агароднінай, што робіць харчаванне больш танным.

— Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне бяспечных і камфортных умоў для работы выхавальнікаў і знаходжання дзяцей, развіццё ясляў-сада як сацыякультурнага цэнтра рэалізоўваюцца дзякуючы цесным сувязям з прадпрыемствамі, — гаворыць Т.М.Біч. — Узаемадзеянне з бацькамі наладжана праз работу бацькоўскага камітэта і папячыцельскага савета. Даход ад пазабюджэтнай дзейнасці за першае паўгоддзе бягучага года склаў каля 5 тысяч рублёў. Атрыманыя сродкі расходуюцца на замену гульнявой мэблі, набыццё цацак і вучэбных дапаможнікаў. Амаль усе групавыя і спальныя памяшканні адрамантаваны ўласнымі сіламі. Добрасумленная творчая работа педагогаў, клопат сацыяльных партнёраў і бацькоў садзейнічаюць развіццю дашкольнай установы з улікам сучасных патрабаванняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *