Калі вы ўсё яшчэ прытрымліваецеся думкі, што навука — гэта сумна, тады вы проста ідзяце не ў нагу з часам. Сучасная моладзь здольная ператварыць сур’ёзныя навуковыя даследаванні ў цікавыя паказальныя нумары, расказваючы пра складаныя тэмы простай мовай — так, каб было зразумела нават дылетанту. Гэта і ёсць галоўная ўмова ўдзелу ў праекце science slam.
З’явіўшыся ў Германіі ў мэтах папулярызацыі навуковай дзейнасці, праект хутка разышоўся па свеце і стаў набыткам многіх універсітэтаў. У іх ліку і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
Першая спроба прымяніць міжнародны праект у сценах гомельскай установы вышэйшай адукацыі адбылася ў мінулым годзе. А аўтарам усёй гэтай “заварухі” стала прафесар дэкан факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Ала Няўзорава.
— Неабходна шукаць нейкія новыя падыходы, нешта незвычайнае, каб зацікавіць моладзь навукай, — упэўнена Ала Браніславаўна.
І яна шукае. Ды і каму як не ёй гэта рабіць? У магістратуру ідуць найбольш моцныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. У адных навуковыя даследаванні нарадзіліся ў ходзе падрыхтоўкі дыпломных і магістарскіх работ, іншым ідэі падказала хобі. Зразумела, тыя, хто вырашыў займацца навукай, робяць гэта не дзеля прызнання ці папулярызацыі самога сябе. Яны робяць гэта дзеля навукі. Але калі ёсць магчымасць пазнаёміць са сваімі ідэямі шырокае кола людзей, то гэта ўжо ў нейкім сэнсе другая прыступка, што нараджае жаданне ісці далей. Акрамя таго, маладыя навукоўцы могуць заразіць інтарэсам да даследаванняў іншых — студэнтаў і аспірантаў, якія пакуль толькі назіраюць за інтэлектуальнымі баталіямі з глядацкіх месцаў. Не выключана, што сярод іх знойдуцца носьбіты свежых ідэй. Няма сумненняў, што раскруціць праект атрымаецца. Калі мінулы раз магістранты БелДУТа змагаліся паміж сабой, то зараз да навуковай баталіі далучыліся магістранты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.
У нефармальным спаборніцтве васьмёра маладых навукоўцаў у лепшых традыцыях навуковага гумару з выкарыстаннем жартоўных навуковых метадаў прадставілі свае даследаванні.
Пачатак баталіі быў назначаны на 15 гадзін. Адведзеная для мерапрыемства аўдыторыя паступова запаўнялася. Да пачатку заставалася яшчэ хвілін 15. Прафесар Няўзорава сустракала гасцей, гутарыла з журналістамі і перашэптвалася са сваімі магістрантамі-ўдзельнікамі. У чаканні можна было пазнаёміцца з размешчанымі на сценах аўдыторыі фотаздымкамі вучоных-фізікаў, якія ўнеслі і ўносяць свой уклад у развіццё навукі і падрыхтоўку спецыялістаў. Дарэчы, гэта добрая традыцыя ўніверсітэта транспарту: партрэты з прозвішчамі, вучонымі званнямі і нават кароценькімі апісаннямі заслуг у навуцы паўсюдна. Кіраўніцтва ўстановы лічыць, што так кожны студэнт неназойліва даведваецца пра слаўную гісторыю УВА.
Ад пабочных думак адрывае нейкі шум у дзвярах. У пакой уносяць незразумелыя для недасведчанага чалавека рэчы. У праграме баталіі сярод іншых тэм значацца дзве, якія выклікаюць асаблівую зацікаўленасць. Магістрант БелДУТа Яўген Міхан пазнаёміць з коптарабудаваннем і нават мае намер запусціць у палёт па аўдыторыі свой лятальны апарат. А Ігар Федарэнка з ГДТУ імя П.В.Сухога наогул гатовы раскрыць сакрэты стварэння маланак і кіравання імі, пры гэтым абяцае пацвердзіць свае словы рэальнай дэманстрацыяй. Інтрыга не проста захоўваецца, яна нарастае. Тым больш што гэтыя выступленні значацца ў ліку апошніх, так сказаць, на закуску.
Ва ўніверсітэце скончылася чарговая пара, і многія студэнты, а разам з імі і выкладчыкі, спяшаюцца на баталіі. Дзверы зачыняюцца, і прафесар Няўзорава званочкам апавяшчае пачатак, напамінаючы, што ацэнкай кожнага выступлення павінны быць апладысменты гледачоў — таксама адно з правіл science slam.
Першым здзіўляць аўдыторыю нетрадыцыйным дакладам выйшаў магістрант БелДУТа Арцём Лапушкін. Назва яго доследу “Пра стрэсаўстойлівасць чыгункі” спачатку выклікала ўсмешку. Але нават адсутнасць тэрміналогіі не ратавала недасведчаных гуманітарыяў: для іх тонкасці інжынерыі нават простай мовай нялёгкія для ўспрымання.
Вам, напэўна, калі-небудзь прыходзілася чуць пра тое, што навучанне на завочным аддзяленні, так бы мовіць, не зусім паўнавартаснае. Максім Афончанка (БелДУТ) з лёгкасцю абвергнуў гэта. У мінулым годзе ён скончыў магістратуру і разам з дыпломам атрымаў грамату ад рэктара. У магістра тэхнічных навук збярэцца дзясятак розных грамат і за яго даследчую дзейнасць. На сёлетнім science slam Максім расказаў захапляльную гісторыю пра тое, як праектаваў з прымяненнем 3D-мышкі домік для ката К’юшы з выкарыстаннем прадуктаў кампаніі Autodesk.
— Ката неабходна было ўсыпіць, інакш нічога не атрымаецца, бо ён бясконца варочаецца, а мне трэба было сфатаграфаваць яго некалькі соцень разоў, — дзеліцца малады навуковец.
Але ж непаслухмяная жывёліна ўсё роўна ўмудралася паварушыцца і выцягнуць лапу, таму прыходзілася пачынаць спачатку. Даследчык палічыў, у колькі мэйн-кунчыкаў абышлася яму гэтая праца з улікам платных праграм. Выйшла 60 катоў. Не разумееце? Тады ўявіце сабе, што гэта два аўтамабілі Mazda 6!
Дзмітрый Ракаў (БелДУТ) паглыбіўся ў даследаванні шырокаімпульснай мадуляцыі і разам з тым патлумачыў пра шым-пілу і з чым яе “ядуць”. Так слухачы даведаліся, якога віду электрычнасць неабходна рухавіку ў электрацягніку.
Варта было паслухаць Арцёма і Марыю Гінько. Маладая сямейная пара магістрантаў БелДУТа планавала рэсурсы глабальна і лакальна, адначасова тлумачачы прынцып укаранення сістэмы кіравання вытворчасцю, працоўнымі рэсурсамі, актывамі і фінансамі прадпрыемства з выкарыстаннем спецыяльных праграм. А Анжэла Барадзіна (БелДУТ) з выступленнем “Праца. Бухгалтар. Зарплата” разважала пра рэч, якая вельмі хутка знікае, — зарплату. Кожны ведае, што яна знікае ў шмат разоў хутчэй, чым з’яўляецца. Магістрантка правяла навуковыя даследаванні фарміравання зарплаты ва ўмовах транзітыўнай эканомікі і прыйшла да пэўных высноў. Імі яна і падзялілася з гледачамі.
Цікавым і даволі забаўляльным было выступленне магістранткі з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Кацярыны Шчарбаковай. На прыкладзе звычайных чайнікаў розных відаў дзяўчына прадставіла свае даследаванні аб мужчынскім здароўі. Вось так, з гумарам і сур’ёзна, Кацярына спрабавала данесці да мужчынскай часткі аўдыторыі неабходнасць своечасова звяртацца да доктара.
І вось нарэшце абяцаныя палёты і маланкі прама ва ўніверсітэцкім пакоі. У наш век імклівага развіцця тэхналогій для многіх не сакрэт, што калі злучыць акуляры віртуальнай рэальнасці і камеру на мультыкоптары, то можна на некаторы час стаць пілотам. Магчыма, Яўген Міхан у дзяцінстве марыў стаць лётчыкам. Але ж у выніку ён, як гэта гучыць на слэнгу БелДУ Таўцаў, — цеплавознік. Тым не менш будаваць цеплавозы зусім не азначае адмовіцца ад магчымасці кіраваць пабудаванымі сваімі рукамі беспілотнікамі. Хобі і прафесія лёгка ўжываюцца.
Пад заслону засталося самае цікавае і ўражальнае. У прадстаўленні магістранта ГДТУ імя П.В.Сухога Ігара Федарэнкі ніякіх тэхнічных навін не было. Наадварот. Усё круцілася вакол устаноўкі Ніколы Тэслы, якую той вынайшаў больш як сто гадоў назад. Гэта трансфарматар, які перадае электрычнае напружанне без правадоў. Ігар бярэ розныя лямпачкі і падносіць іх да ўстаноўкі, лямпачкі запальваюцца прама ў руках. Тоненькія маланкі зіхацяць і паслухмяна рухаюцца за рукой даследчыка. Чаму вынаходка не атрымала шырокага прымянення ні ў навуцы, ні ў жыцці? Малады навуковец упэўнены, што развіцця не даў кансерватызм тагачасных вучоных. Сёння магістрант сур’ёзна займаецца тэмай “кіравання маланкамі” і сам канструюе трансфарматары. Хто ведае, магчыма, менавіта гэтаму хлопцу належыць стаць прадаўжальнікам Тэслы і знайсці практычнае прымяненне яго ўстаноўцы.
Праз гадзіну баталіі скончыліся, але ні магістранты, ні гледачы не спяшаліся разыходзіцца. У адных было шмат пытанняў, а другія былі гатовы падрабязней расказаць зацікаўленым пра свае даследаванні.
— Відавочна, што такая форма прадстаўлення навуковых ідэй цікавая сучаснай моладзі, — падводзіць вынік прафесар Ала Браніславаўна Няўзорава. — Застаецца толькі далей развіваць гэта. Спадзяюся, што ў хуткім часе заявак на ўдзел будзе значна больш. Вельмі добра, калі да нашага science slam далучацца не толькі ўсе ўніверсітэты Гомеля, а і іншых рэгіёнаў краіны.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.