“Серабро” за фізічныя эксперыменты

- 11:54Навіны рэгіёнаў

З гонарам віталі навучэнцы гімназіі № 1 Барысава сваіх аднакласнікаў — сярэбраных прызёраў V Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы IEPhO.

IEPhO-2017 праходзіла ў Беларусі на базе аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, што ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Штогод колькасць удзельнікаў гэтай прэстыжнай алімпіяды павялічваецца, сёлета ў спаборніцтвах удзельнічала больш за 400 навучэнцаў з Расіі, Арменіі, Казахстана, Славакіі і Беларусі.

Прызёрамі алімпіяды IEPhO-2017 сталі навучэнцы гімназіі № 1 Барысава — васьмікласнік Дзяніс Дзядкоў, дзевяцікласнік Данііл Сяліцкі, навучэнцы 10 класа Аляксандр Мамекін і Яўген Дзядкоў. Хлопцы ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі і дыпломамі алімпіяды II ступені. Годна выступілі і атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў алімпіяды Максім Сцяпура і Данііл Захарэвіч, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню.

Па словах ужо вопытных удзельнікаў алімпіяды Аляксандра Мамекіна і Яўгена Дзядкова, у гэтым годзе спаборніцтва праходзіла ў атмасферы сур’ёзнай канкурэнтнай барацьбы. У 2016 годзе алімпіяда праводзілася ў Падмаскоўі, там Аляксандр стаў бронзавым, а Яўген — сярэбраным прызёрам. У 2017 годзе ў паралелях 9 і 10 класаў у асабістым заліку спаборнічалі больш за 180 удзельнікаў, кожны з якіх быў накіраваны на перамогу. Па ўмовах алімпіяды, перамагчы ў камандным заліку магчыма толькі тады, калі ўсе ўдзельнікі каманды дасягаюць перамогі ў асабістым заліку. На жаль, камандай перамагчы не атрымалася, аднак вынік усё ж вельмі годны.

Аналізуючы ўдзел у алімпіядзе, яе дэбютант Дзяніс Дзядкоў, які выступаў за 8 клас, адзначыў, што поспех стаў магчымы дзякуючы не толькі дбайнай падрыхтоўцы, але таксама і ўменню своечасова сабрацца, справіцца з нервовым напружаннем, здольнасці абстрагавацца ад грузу адказнасці і саперніцтва з вопытнымі ўдзельнікамі алімпіяды.

Рады вынікам навучэнцаў і іх трэнеры — настаўнікі фізікі гімназіі Яўген Яўгенавіч Валынец і Аляксандр Цярэнцьевіч Каранюк. Дарэчы, работа па падрыхтоўцы да алімпіяды — гэта толькі частка сістэматычнай мэтанакіраванай работы, якая праводзіцца з высокаматываванымі навучэнцамі. У гімназіі ёсць і вопытныя настаўнікі, і добра абсталяваны кабінет, і навучэнцы, якія зацікаўлены прадметам і гатовы шмат працаваць самастойна.

На базе гімназіі № 1 Барысава дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па вучэбным прадмеце “Фізіка”, арганізавана шматгадовае плённае супрацоўніцтва з фізічным факультэтам БДУ. Па словах настаўнікаў, спецыфіка алімпіяды такая, што высокія вынікі немагчымы без трэніроўкі на вопытнай базе факультэта, дзе ёсць спецыфічнае абсталяванне і заўсёды гатовы дапамагчы парадай. Важную ролю ў падрыхтоўчай рабоце адыграў Мікалай Васільевіч Казлоўскі, загадчык вучэбнай лабараторыі кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізфака БДУ. Падтрымліваў хлопцаў і кіраўнік каманды настаўнік фізікі гімназіі № 3 Барысава Ягор Аляксеевіч Мандрык. Упэўнены, наперадзе ў юных барысаўскіх фізікаў — новыя адкрыцці і поспехі.

Аксана АЛІСІЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.