“Юрмальская восень” стала сезонам перамог для Васіля Уладзіміравіча Маліноўскага. Настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна заняў 1-е месца ў III Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства “Юрмальская восень — 2016”.
Міжнародны конкурс педагагічнага майстэрства праводзіцца з мэтай падтрымкі таленавітых педагогаў, прапаганды лепшых метадычных распрацовак, папулярызацыі інавацыйных тэхналогій і методык, якія спрыяюць удасканаленню сучаснай педагагічнай навукі і практыкі, павышэнню якасці навучання і выхавання дзяцей. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца рускамоўныя педагогі з Латвіі, Эстоніі, Літвы, Расіі, Украіны, Малдовы, Беларусі, Узбекістана, Грузіі, Чэхіі, Германіі, Фінляндыі і іншых краін.
Конкурс складаецца з завочнага і вочнага тураў. Спачатку ўдзельнікі “Юрмальскай восені” адправілі на суд журы эсэ на тэму “Настаўнік нашага часу”. Потым у вочным туры канкурсанты прэзентавалі сябе ў конкурсным заданні “Аўтапартрэт”, праводзілі адкрытыя ўрокі і самааналіз урока. Па выніках гэтых заданняў журы выбрала 11 фіналістаў, якія павінны былі даць урок-імправізацыю і адказаць на пытанні падчас прэс-канферэнцыі.
Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі цудоўна справіўся з усімі заданнямі, яго выступленне спадабалася не толькі журы, але і вучням тых класаў, дзе педагог праводзіў конкурсныя ўрокі. Акрамя 1-га месца Васіль Уладзіміравіч атрымаў прыз вучнёўскіх сімпатый.
Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва канкурсанта.