Сезон яркіх успамінаў

- 12:05Навіны рэгіёнаў, Рознае

Канікулы завяршыліся. Хлопчыкі і дзяўчаты занялі свае месцы за партамі. Яны яшчэ доўга будуць разглядаць яркія сонечныя фотаздымкі і расказваць старым сябрам аб новых знаёмствах, якія падарыў ім адпачынак у летнім лагеры. А летнікі, апусцелыя, пачалі ўжо сумаваць па сваіх маленькіх адпачываючых. Летняя аздараўленчая кампанія на Міншчыне завершана. Аб тым, што цікавага і карыснага яна падарыла дзецям, расказвае Людміла Яўгенаўна Лінская, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

— Людміла Яўгенаўна, колькі навучэнцаў адпачылі ў лагерах Мінскай вобласці гэтым летам?

— Больш за трэць усіх навучэнцаў нашай вобласці адпачылі і аздаравіліся сёлета, а менавіта 53 399 дзяцей, што складае 37,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Для іх працавалі 1097 лагераў: 441 лагер з кругласутачным знаходжаннем, 656 — дзённых. Сярод іх — 139 летніх працоўных лагераў, 89 — спартыўна-аздараўленчых, 97 лагераў, прысвечаных пэўнаму профілю, кірунку дзейнасці. Усе лагеры былі належным чынам падрыхтаваны, і ў кожным з іх у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі праведзены змястоўныя, здароўезберагальныя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць” у адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі дзяцей. Супрацоўнікі лагераў шчыра стараліся, каб хлопчыкі і дзяўчынкі сапраўды добра адпачылі.

— Звычайна асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзяцей, якім патрэбна сацыяльная ахова і дапамога. Ці не стала лета-2016 выключэннем?

— Зразумела, не стала выключэннем і лета гэтага года. Для такіх катэгорый дзяцей мы пастараліся стварыць самыя спрыяльныя ўмовы адпачынку. За лета аздаравілася 2461 дзіця з малазабяспечаных сем’яў, 7375 дзяцей з мнагадзетных сем’яў, 641 выхаванец інтэрнатных устаноў і 2159 дзяцей-сірот, што выхоўваюцца на сямейных формах уладкавання, 577 дзяцей-інвалідаў, больш за дзве тысячы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і амаль паўтысячы тых, што трапілі на ўлік інспекцыі па справах непаўналетніх, каля сотні пацярпеўшых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Хочацца адзначыць пазітыўны вопыт работы лагера “Бродаўка” Барысаўскага раёна, які на працягу сямі гадоў прымае дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з Барысаўскага раённага ЦКРНіР. У лагеры створана безбар’ернае асяроддзе, дзеці адпачываюць у цудоўных прыродных умовах. На працягу змены з імі працуюць дэфектолаг, педагог-псіхолаг, праводзіцца мноства сумесных мерапрыемстваў для дзяцей з асаблівасцямі і іх здаровых равеснікаў.

— Работа любога лагера прадугледжвае не толькі адпачынак, але і выхаванне. Якую праграму прапаноўвалі сёлета летнікі сваім выхаванцам? Ці ўлічваліся інтарэсы і схільнасці дзяцей?

— Аздараўленчыя лагеры працавалі па розных кірунках: экалагічны, культурна-забаўляльны, краязнаўчы, грамадзянска-патрыятычны, спартыўна-аздараўленчы. Пры планаванні выхаваўчай работы прадугледжваўся шэраг тэматычных мерапрыемстваў, акцый, прысвечаных гадавіне Вялікай Перамогі, Году культуры. У кожным лагеры адбыліся прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне шкодных звычак, дарожна-транспартнага траўматызму, пажараў.

Мы пастараліся прадаставіць дзецям магчымасць знайсці для сябе так бы мовіць лагер па інтарэсах. Так, хлопчыкі маглі адпачыць у абласным ваенна-патрыятычным лагеры “Абаронца Айчыны” на базе 72 Гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. З удзелам ваеннаслужачых яны праходзілі страявую падрыхтоўку, знаёміліся з баявой тэхнікай, спрабавалі сябе ў кулявой стральбе. У Вілейскім раёне на базе аздараўленчага лагера “Лясная казка” другі год запар арганізоўваецца абаронча-спартыўны лагер “Ратнік”, дзе для школьнікаў правялі лекцыйны курс аб ратных подзвігах нашых продкаў, гісторыі баявых узнагарод, зброі, тэхнікі Узброеных Сіл. Юныя пажарныя-ратавальнікі адпачывалі ў аздараўленчым лагеры “Ратавальнік” у Заслаўі і адначасова ўдасканальвалі свае навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі, пажарна-прыкладным спорце.

Для нашых разумнікаў і разумніц працавалі профільныя лагеры па розных прадметах, дзе адпачывалі і адначасова вучыліся ўдзельнікі алімпіяд. Напрыклад, на базе Маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі працаваў лінгвістычны лагер Smart Сamp, дзе адпачывалі лепшыя знаўцы англійскай мовы. Цікава, што ў гэтым лагеры ўсе зносіны адбываюцца на англійскай мове: не толькі на занятках, але і на мерапрымствах, у побытавых пытаннях.

— Штогод абавязкова з’яўляюцца новыя ідэі ў арганізацыі летняга адпачынку. Што сёлета адбывалася ў летніках Міншчыны ўпершыню?

— І сапраўды, мы стараемся адпавядаць усім актуальным запытам дзяцей і іх бацькоў. Калі гаварыць аб навінках, то прадоўжу тэму профільных лагераў. Сёлета ўпершыню ладзілася работа абласнога профільнага лагера па інфарматыцы. Ён працаваў на базе Чырвонаслабодскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Новая форма арганізацыі дзіцячага вольнага часу была рэалізавана ў аздараўленчым лагеры “Журавушка” Салігорскага раёна. Там прайшла профільная змена для членаў школьнага самакіравання. Гэта адна з мер падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў.

У Жодзіне быў арганізаваны кругласутачны аздараўленчы праваслаўны лагер духоўна-маральнага профілю прыхода храма іконы Божай Маці Збавіцелькі. Мэтай стварэння лагера стала фарміраванне ў падрастаючага пакалення духоўна-маральнай свядомасці, выхаванне міласэрнасці, дабрыні, павагі да людзей.

Наогул, хочацца адзначыць, што ў кожным лагеры былі цікавыя і неардынарныя праекты, кожная змена мела свае асаблівасці і цікавыя мерапрыемствы. Прыемна, што арганізатары неабыякава падышлі да работы і вельмі добра падрыхтаваліся. Крэатыўных ідэй, рэалізаваных за лета, проста безліч!

— Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўражанні ў дзяцей засталіся найлепшыя і лета-2016 стала для іх сезонам яркіх успамінаў?

— Думаю, можна, бо кожны, хто меў дачыненне да арганізацыі дзіцячага адпачынку, прыклаў для гэтага максімальныя намаганні.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.