«ШАГ» у Княжыцкай школе: лейтматыў адкрытага дыялогу — важнасць сямейных каштоўнасцей і традыцый

- 10:07Актуально, Образование

Размова міністра адукацыі Андрэя Іванца з навучэнцамі Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна прайшла ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Удзельнікамі інфармацыйнай гадзіны сталі вучні 8—11 класаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Тэматыка гэтага ўрока, напэўна, самая галоўная. Бо сям’я — аснова грамадства, аснова дзяржавы і аснова жыцця чалавека. Выхаванне дзіцяці пачынаецца ў сям’і, а потым ужо працягваецца ва ўстанове адукацыі. Зараз усюды рэалізуецца вялікі і значны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які пакуль раскрыты не поўнасцю. Мы імкнёмся да таго, каб у пазаўрочны час бацькі прысутнічалі ў школе. Гэта дасць магчымасць нала­дзіць трывалую ўзаемасувязь паміж навучальнымі ўстановамі і сям’ёй, — расказаў Анд­рэй Іванец.

Падчас гутаркі старшакласнікі змаг­лі пашырыць свае ўяўленні аб шчаслівых і гарманічных сямейных адносінах, паглыбіць веды аб дзяржаўнай падтрымцы мнагадзетных сем’яў. Было пазначана, што цяпер на моладзь аказваецца істотнае знешняе ўздзеянне. Звонку, праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, адбываецца навязванне чужых нашай культуры каштоўнасцей, таму асабліва важным становіцца захаванне спрадвечных сямейных традыцый. У гэтым кантэксце прагучала дамашняе заданне для вучняў. Школьнікам прапанавалі даведацца, кім былі іх продкі — прадзядулі і прабабулі, чым яны займаліся, якімі жыццёвымі арыенцірамі кіраваліся. А бацькам параілі часцей быць разам з дзецьмі, задумвацца аб тым, што яны хочуць ім перадаць, які светапогляд сфарміраваць.

Наогул дыялог прайшоў у цёплай нязмушанай атмасферы. Хлопцы і дзяўчаты задавалі пытанні і ўважліва слухалі адказы. Размаўляючы з вучнямі, Андрэй Іванец заўважыў, што вырашыў наведаць Княжыцкую школу не выпадкова. Выпускніком гэтай установы з’яўляецца акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Камароў.

— Уладзімір Сямёнавіч — мой навуковы настаўнік. Вы павінны ганарыцца такімі выпускнікамі. Знаходзьце свой шлях і памятайце, што кожны з вас патрэбен краіне і абавязкова знойдзе месца ў нашым грамадстве, — даў наказ навучэнцам Андрэй Іванавіч.

Княжыцкую сярэднюю школу сёння наведвае 171 навучэнец. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для якаснай адукацыі: вучэбныя кабінеты аснашчаны належным абсталяваннем, большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Мясцовыя дзеці паспяхова праяўляюць сябе ў алімпіядах, творчасці і спорце. Павышаную ўвагу педагагічны калектыў удзяляе выхаванню падрастаючага пакалення. У школе ёсць свой музей, этнаграфічны куток беларускіх рамёстваў і традыцый.

Пасля заканчэння сустрэчы кіраўнік адукацыйнага ведамства падарыў калектыву школы ноўтбук, а таксама прэзентаваў серыю кніг “Я ганаруся” і выданне, прысвечанае рэспубліканскай сістэме адукацыі.

— Беларуская сістэма адукацыі мае багатую гісторыю, моцны фундамент і магутную сучасную базу. Але ключавое тое, што мы не проста даём веды, а выхоўваем чалавека. У гэтым плане непасрэдна на школу і яе сувязь з сям’ёй ускладаецца вялікая роля. Кожны настаўнік, прыходзячы ў клас, павінен першапачаткова паглядзець у вочы дзецям, адчуць, які ў іх настрой, ці ўсё ў іх добра. Толькі пасля гэтага прыступаць да ўрока, — адзначыў Андрэй Іванец.

Сёння настаўнікам трэба шырока выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял усіх вучэбных заняткаў. А ў цэлым установам адукацыі варта больш дэталёва падысці да рэалізацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, выканання адпаведнага функцыя­налу шостага школьнага дня, развіцця музейнай педагогікі.

— Летась сумесна з Міністэрствам культуры быў рэалізаваны праект адзінага дня бясплатнага наведвання му­зеяў. Ініцыятыва атрымала працяг, і кожная школа павінна скарыстацца прадастаўленымі магчымасцямі. Варта актыўней праводзіць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі органаў улады, выбітнымі грамадзянамі. Такія зносіны дазваляюць дзецям пераймаць правільныя погляды і ўстаноўкі, разумець, што мы разам робім агульную справу і нават вядомыя людзі заўсёды гатовы падзяліцца сваім вопытам. Актуальным застаецца і ваенна-патрыятычнае выхаванне. Кожнаму маладому чалавеку неабходна ўсведамляць, што Радзіму трэба не проста любіць, а быць гатовым яе абараняць. Неабходна пашыраць колькасць ваенна-патрыятычных класаў і адпаведных клубаў па інтарэсах. Усё вышэйпералічанае — гэта тыя элементы, якія фарміруюць з нашых дзяцей цэласную асобу, — падкрэсліў міністр.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара