Шахматныя надзеі

- 11:38Навіны рэгіёнаў

На працягу многіх стагоддзяў шахматы не даюць спакою розуму людзей па ўсім свеце. Шахматы — цудоўны занятак, які падыходзіць любому чалавеку практычна любога ўзросту. Займацца шахматамі могуць нават маленькія дзеці, і не проста гуляць у іх, а дасягаць неверагодных вяршынь. Асабліва важна, што шахматы не проста забаўляюць чалавека, а прыносяць яму надзвычайную карысць. Таму развіццё і папулярызацыя шахмат сярод моладзі — справа высакародная. Каб прыцягнуць як мага больш дзяцей і падлеткаў да гэтага інтэлектуальнага мастацтва, на Міншчыне праводзіцца марафон “Шахматныя надзеі”.

Сёлета марафон ва ўстановах адукацыі Міншчыны праводзіцца ўпершыню. Ён стартаваў ва ўсіх раёнах вобласці. Мерапрыемствы марафону будуць праходзіць да канца навучальнага года.

— Марафон “Шахматныя надзеі” дазваляе прыцягнуць увагу да заняткаў гэтай старажытнай гульнёй не толькі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, але і самых юных жыхароў цэнтральнага рэгіёна — дашкольнікаў. Немалаважна, што да ўдзелу ў мерапрыемствах марафону запрашаюцца і бацькі дзяцей, — расказвае Таццяна Анатольеўна Цвірко, начальнік цэнтра выхаваўчай работы МАІРА. — Марафон аб’ядноўвае аматараў інтэлектуальнай гульні і прафесійных спартсменаў і з’яўляецца рашучым крокам у развіцці масавага шахматнага руху сярод навучэнцаў. Шахматная дошка — лепшае поле для бітвы — яшчэ неаднойчы збярэ навучэнцаў Мінскай вобласці, якія змогуць па-майстэрску разыграць некалькі эцюдаў і пераканаўча рашыць самыя складаныя партыі.

Зразумела, работа па папулярызацыі шахмат праводзілася і раней, але марафон стане агульным моцным рухам, які аб’яднае ўсе намаганні і актывізуе ўсе сілы. У кожным рэгіёне Мінскай вобласці аддзеламі адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў распрацаваны раённыя планы мерапрыемстваў на 2017/2018 навучальны год па папулярызацыі гульні ў шахматы. Ва ўстановах адукацыі вобласці арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў у шосты школьны дзень, у канікулярны перыяд праводзяцца віктарыны, шахматныя турніры, конкурсы з прыцягненнем бацькоў.

У Салігорскім раёне марафон распачалі з работы з педагогамі горада і раёна — для іх быў праведзены семінар па пытаннях развіцця шахматнага руху “Правілы гульні і судзейства ў шахматы”. Мерапрыемства праводзілася аддзелам адукацыі сумесна з фізкультурна-спартыўным клубам Салігорскага раёна, СДЮШАР № 1 горада. У сярэдняй школе № 4 Салігорска распрацаваны цікавы праект “Шахматы: вітаміны для розуму і характару”. Праграма праекта разлічана на два гады. У далейшым ён можа ўкараняцца ў розных установах адукацыі.

Шэраг мерапрыемстваў прайшоў у школах Барысаўскага, Капыльскага, Смалявіцкага, Вілейскага раёнаў. Гэта віктарыны “Што мы ведаем пра шахматы”, “У свеце шахмат”, шахматныя турніры “Белая ладдзя”, майстар-класы па навучанні гульні пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізкультуры “Першыя крокі да гульні ў шахматы”, інфармацыйныя гадзіны “Дзіўная гульня — шахматы” і “Карысць шахмат”, конкурсы шахматных задач. У Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнаце аформлены тэматычны стэнд, створана метадычная скарбонка па шахматнай адукацыі для выхавальнікаў школы. Для ўсіх гульнявых пакояў спальнага корпуса закуплены шахматны інвентар.

Актыўна падключыліся да гэтай работы ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У Бярэзінскім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі правялі пазнавальную гадзіну “25 цікавых фактаў пра шахматы”. Таксама навучэнцы паглядзелі мастацкія і дакументальныя фільмы пра вядомых шахматыстаў. У Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі працуе факультатыў “Шахматы”, быў праведзены шахматны турнір сярод навучэнцаў і педагогаў і спартыўнае свята сумесна з бацькамі навучэнцаў. Тэматычнае спартыўнае свята і шахматны турнір для навучэнцаў прайшлі і ў Вілейскім дзяржаўным каледжы.

У Клецкім і Валожынскім сельскагаспадарчых прафесійных ліцэях, Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы арганізавана работа клуба па шахматах, набыты неабходны інвентар для навучання гэтай гульні, прайшлі шахматныя турніры “Белыя і чорныя”.

І гэта толькі першыя крокі на старце марафону, у планах яшчэ шмат мерапрыемстваў — круглыя сталы, турніры, семінары і вэбінары, майстар-класы па абмене эфектыўным педагагічным вопытам навучання гульні ў шахматы, спартыўныя святы, пасяджэнні бацькоўскіх клубаў “Шахматны вольны час”, “Сямейная ладдзя”.

Даказана, што шахматы развіваюць у дзяцей і падлеткаў логіку і прасторавае ўяўленне, трэніруюць памяць і вучаць канцэнтраваць увагу, прывучаюць да самастойнасці і адказнасці, даючы разуменне, што нават маленькае дзеянне мае наступствы. Шахматы спрыяюць творчаму самавыяўленню, прымушаючы гульца шукаць нестандартныя хады, арыгінальныя рашэнні, і ўвогуле дапамагаюць фарміраваць характар, выхоўваючы ў чалавеку настойлівасць, мэтанакіраванасць, эмацыянальную ўстойлівасць, рашучасць. Так што нават калі ўдзельнікі марафону “Шахматныя надзеі” і не стануць гросмайстрамі, то дакладна правядуць час з карысцю для сябе, патрэніруюць свой розум і загартуюць характар.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.