Шакаладны фандан як феерычны фантан

- 11:23World Skills

Барысаўскі дзяржаўны каледж — гэта самая вялікая ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці. Прафесійную падрыхтоўку тут праходзяць каля 2000 навучэнцаў па 39 кваліфікацыях на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі. Падрыхтоўка рабочых кадраў ажыццяўляецца для арганізацый і прадпрыемстваў машынабудавання, лёгкай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання, лясной гаспадаркі, гандлю і транспарту Мінскай вобласці.

Дырэктар каледжа Л.Э.Чэча расказала, што за апошнія 5 гадоў падрыхтавана больш за 3000 кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў. Усім выпускнікам каледжа прадастаўлена першае працоўнае месца. Каледж мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для забеспячэння адукацыйнага працэсу па ўсіх спецыяльнасцях. Сучаснае абсталяванне, усталяванае ў вучэбных майстэрнях, лабараторыях, кабінетах дазваляе выпускнікам каледжа хутка адаптавацца ва ўмовах прадпрыемстваў.

Лілія Эдуардаўна наведвала мінулы міжнародны чэмпіянат WorldSkills у Казані і прывезла адтуль шмат эмоцый і новых ідэй. У каледжы навучэнскай мола­дзі прадастаўляюцца шырокія магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, развіцця творчага патэнцыялу. Педагогі і навучэнцы каледжа прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога значэння. На працягу апошніх 3 гадоў навучэнцы кале­джа прынялі ўдзел у 25 конкурсах прафесійнага майстэрства і заваявалі 27 дыпломаў. Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus у 2019/2020 навучальным годзе навучэнцы каледжа па кампетэнцыях “Кандытарскае мастацтва”, “Тэхналогія моды”, “Цырульніцкае мастацтва”, “Кулінарнае мастацтва”, “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Зварачныя работы”  занялі прызавыя месцы.

У кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” Мінскую вобласць у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus прадстаўляў сярэбраны прызёр Міжнароднага конкурсу “Кандытар года — 2019”, які праходзіў у рамках гастранамічнага праекта “Міжнародны кулінарны кубак” на выставе-кірмашы “Прад­Экспа” Аляксандр  Буяльскі. Цяпер ён вучыцца на 3 курсе па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” кваліфікацый  “кухар”, “кандытар”. Аляксандр прымае актыўны ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, у рэалізацыі творчых праектаў рознага ўзроўню, майстар-класах. Хлопец наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Цукровая фларыстыка”. Яго жыццёвае крэда — “Не важна, які шлях вы выбіраеце, важна, што вы адчуваеце поўнае задавальненне ад таго, чым займаецеся”.

Аляксандр расказаў, што ў ходзе конкурсу па прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” ўдзельнікам трэба было выка­наць заданні па трох модулях і згатаваць розныя віды страў: соусы, халодную закуску ў аўтарскай інтэрпрэтацыі, агароднінны крэм-суп, гарачую страву з рубленай масы птушкі з гарнірам, гарачы або халодны дэсерт, у рэцэптуру якога ўваходзіць яблык, страву з яек, гарачую страву з птушкі, а таксама дэсерт, у рэцэптуру якога ўваходзіць белы і чорны шакалад з абавязковай падрыхтоўкай шакаладнага фандана і шакаладнага муса.

Па выніках гатавання страў кампетэнтнае журы ацэньвала прэзентацыю і візуальную прывабнасць, крэатыўнасць, кансістэнцыю страў, смак кожнага кампанента паасобку, спалучэнне і гармонію ўсіх кампанентаў стравы.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.