Шчасце — жыць і працаваць на роднай зямлі

- 9:54Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае моладзь шукаць шчасце перш за ўсё на роднай зямлі. “Менавіта пад нашым небам — Беларусі — вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы на сустрэчы з навучэнцамі “Моладзь. Погляд у будучыню”, якая адбылася ўчора ў сярэдняй школе № 61 Мінска.

Прэзідэнт адзначыў, што, канечне, можна з’ехаць і за мяжу, як гэта робяць некаторыя. “Мы нікога не ўтрымліваем”, — дадаў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае практыка, потым можа быць досыць складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве. “Галоўнае — гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючы якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

“Вы — наша надзея, багацце краіны. І мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб шанавалі гэтую зямлю і абаранялі”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы згадаў пра ініцыятараў цікавых і перспектыўных маладзёжных праектаў у розных рэгіёнах Беларусі. “Гэта заслугоўвае не толькі падтрымкі, але і павагі. Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што падымае краіну, напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчу з прэзідэнтам былі запрошаны 300 чалавек. Удзельнікі сустрэчы — лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных праектаў. Яны з’яўляюцца актыўнымі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, дзіцячых і маладзёжных парламентаў, органаў вучнёўскага самакіравання.

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд і конкурсаў, пераможцы і ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў творчых праектаў, акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”, Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект “Арганізацыя шостага школьнага дня”.

У фае сярэдняй школы № 61 Мінска была арганізавана выстава дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху “Лідарскія арыенціры — формула поспеху”. Дзевяцікласнік сталічнай гімназіі № 6 Даніла Елісееў прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку свой 3D-прынтар. Па словах юнака, гэтая мадэль бюджэтная (яе кошт усяго каля $250), аднак яна не саступае дарагім прамысловым аналагам. Даніла свой 3D-прынтар сабраў у хатніх умовах і паспеў ужо дамовіцца з пастаўшчыкамі аб набыцці ў іх неабходных дэталей. Паводле яго слоў, попыт на такую вынаходку ёсць. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў дзевяцікласніка, ці можа ён ствараць больш магутныя мадэлі, якія будуць друкаваць рознымі матэрыяламі і некалькімі колерамі. Гімназіст сказаў, што плануе развіваць і ўдасканальваць свой прынтар.

“Што б ты хацеў атрымаць у якасці падтрымкі ад дзяржавы? Трэба разабрацца, што яму неабходна, і дапамагчы”, — даручыў прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што юны канструктар атрымае падтрымку, калі навучыць гэтай вытворчасці і іншых людзей. “Не саромейся, гавары, што трэба, а мы скажам, што зможам зрабіць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На выставе дасягненняў навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі расказалі кіраўніку дзяржавы аб праектах, якія рэалізоўваюцца ў іх школах і гімназіях, прадэманстравалі ўласныя распрацоўкі і вынаходкі. Напрыклад, прадстаўнікі Гродзеншчыны засяродзіліся на барацьбе са шкоднымі звычкамі і арганізавалі антынаркатычны дэсант, дэманструючы альтэрнатыўныя (сучасныя і цікавыя) заняткі для сучаснай моладзі. На Гомельшчыне распрацавалі праект па падтрымцы тых, хто стаіць на розных уліках, а таксама па падтрымцы здаровай сям’і.

У Магілёўскай вобласці выступаюць за фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі па рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў. Пра развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў расказвалі юныя лідары Брэстчыны. У фокусе былі праекты па захаванні гістарычнай памяці, развіцці міласэрнасці. Віцебская вобласць прадэманстравала праект “Разумная майка” для заняткаў спортам, а таксама мадэль пагрузчыка. Лідары Мінскай вобласці паказалі, што ў цэнтры ўвагі іх праектаў — падтрымка сям’і.

Свае творчыя работы прадэманстравалі прэзідэнту навучэнцы архітэктурна-мастацкай гімназіі № 75 Мінска. У межах праекта “Нам засталася спадчына” яны ў макетах узнаўляюць старадаўнія, у тым ліку страчаныя, помнікі архітэктуры. “Мы аднаўляем тое, чаго на дадзены момант ужо не існуе: помнікі архітэктуры, якія былі разбураны людзьмі, часам або войнамі. Некаторыя з іх зараз знаходзяцца на рэстаўрацыі. Напрыклад, ад велізарнага сядзібнага комплексу Паўлінава застаўся адзін паўразбураны дом, а ад беларускага Версаля — сядзібнага ансамбля Шчорсы — фактычна нічога не захавалася. Мы займаемся гэтым, каб людзі ведалі і памяталі сваю гісторыю. Верым, што наша праца дапаможа аднавіць гістарычную спадчыну краіны. Пацвярджае гэта і ўважлівае стаўленне дзяржавы да гэтай тэмы. Прыкладам можа стаць Мірскі замак і Нясвіжскі палац”, — адзначылі гімназісткі. Аляксандр Лукашэнка, азнаёміўшыся з прадстаўленымі работамі, шчыра здзівіўся іх якасці і дасканаласці. “Прыгажосць, бяры і будуй!” — захапіўся ён. Паводле слоў прэзідэнта, у цяперашніх умовах і пры сучасных тэхналогіях гэтыя аб’екты нескладана аднавіць.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка далажыў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб тым, што ўсе вучэбныя праграмы для сярэдняй школы ў Беларусі да 1 верасня будуць абноўлены. По словах міністра, гэтая работа практычна завершана. Разам з тым па аб’ектыўных прычынах пад новыя праграмы да наступнага навучальнага года будуць распрацаваны падручнікі не па ўсіх прадметах. “Мы прааналізуем змест падручнікаў і выразна вызначым, што са старых падручнікаў браць, а што не адпавядае новым праграмам, і прапануем адпаведныя метадычныя рэкамендацыі”, — сказаў Ігар Карпенка.

“Трэба выбраць тыя, што не чакаюць, і замяніць гэтыя падручнікі ў першую чаргу. Астатнія пакуль пакінуць, выдаўшы рэкамендацыі”, — даручыў прэзідэнт. Кіраўніку дзяржавы паказалі адзін з сігнальных новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію, якая ажыўляе малюнкі. Яе сутнасць у тым, што з дапамогай дадатку на смартфоне можна фактычна ажывіць карцінку і праглядзець дадатковы відэаматэрыял.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што, акрамя зместу, важнае і афармленне падручнікаў, якое павінна быць прыгожым і фундаментальным, але разам з тым практычным. “Шкадаваць грошы на падручнікі нельга”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, прэзідэнту прадэманстравалі адукацыйны партал, дзе ў свабодным доступе ёсць самыя розныя матэрыялы і інфармацыя для вучняў, бацькоў і педагогаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў спартыўную залу школы, школьны музей дзяржаўнасці. Прэзідэнт даручыў перадаць установе адукацыі слуцкі пояс для пашырэння экспазіцыі, а затым па просьбе юнакоў і дзяўчат сфатаграфаваўся з імі на памяць.

Затым у актавай зале сярэдняй школы № 61 Мінска адбылася вялікая шчырая размова Прэзідэнта Беларусі з моладдзю. Прэзідэнт адзначыў, што ён вельмі рады такой сустрэчы, у тым ліку і таму, што наведванне школы дазволіла яму ўспомніць свае гады і як вучня, і як настаўніка. Ён запрасіў школьнікаў да адкрытай размовы па розных пытаннях, пачынаючы ад удзелу ў грамадскім жыцці да часу пачатку вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.

Прэзідэнт расказаў школьнікам пра якасці сапраўднага лідара і заклікаў цаніць час. Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбны ў розных сферах, кіраванне гэта краінай або канкрэтная вытворчасць. “Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар — гэта не толькі кіраўнік буйнога прадпрыемства, старшыня гар- або райвыканкама, кіраўнік урада і прэзідэнт. Сапраўдны лідар — заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзяліўся з аўдыторыяй сваімі дзіцячымі марамі. “Я тады не думаў пра тое, каб стаць прэзідэнтам. І думаць не мог. Па-першае, прэзідэнтаў у краіне не было. Былі генеральныя сакратары. Але я таксама не думаў пра тое, каб стаць нейкім там сакратаром”, — расказаў кіраўнік дзяржавы. “Скажу шчыра і сумленна: у мяне было адзінае жаданне — паколькі я жыў не ў лепшым сяле, бачыў горыч людзей, недахопы, бачыў, як яны жылі, — узяць нейкую тэрыторыю, гаспадарку і гэтым людзям зрабіць нешта добрае”, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ адным жаданнем у дзяцінстве быў прафесійны спорт, у прыватнасці футбол. “Я вельмі люблю футбол і хацеў быць вялікім спартсменам. Але я не трапіў ні да якога трэнера, ды і гаворкі пра гэта не магло быць. Як маглі, так і гулялі”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што маладыя людзі здолеюць дасягнуць пастаўленых перад сабой мэт. “У краіне створаны ўсе ўмовы, каб ваша дарога па жыцці была паспяховай. Цяперашняя сістэма адукацыі дазваляе зрабіць свядомы выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці, якімі вы валодаеце”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама параіў школьнікам не губляць каштоўнага часу ў іх юныя гады. “У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце таго, што павінны, — атрымаць веды, пабудаваць падмурак свайго жыцця ў цэлым, — заўтра ўжо будзе позна”.

Прэзідэнт падтрымаў ідэю стварэння маладзёжнага парламента краіны. На сёння існуюць маладзёжныя палаты пры абласных саветах дэпутатаў і Мінскім гарадскім Савеце. Ёсць ініцыятыва стварыць рэспубліканскі маладзёжны парламент на базе Савета Рэспублікі. “Калі вы гэта хочаце зрабіць, я буду падтрымліваць. Я — за, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Зрабіце хоць двухпалатны. Я абавязкова распараджуся, каб вас у вызначаныя дні запускалі ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Працуйце”.

У пытанні пра пачатак вучэбных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей. “Мы павінны вызначыцца, чаго мы хочам ад пераносу пачатку вучэбных заняткаў. Я гаварыў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць, таму мне здаецца, што асноўная мэта такога пераносу — здароўе дзяцей і іх здольнасць засвойваць матэрыял”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена інфармацыя, згодна з якой 82,5% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2017 года будуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. З 8.30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2% школ і толькі ў 0,3% устаноў — з 8 раніцы. “Мы праманіторылі гэтае пытанне. Так, сапраўды, ёсць школы, якія могуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, сельскія школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену”, — сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Па яго словах, складанасці ўзнікаюць у школ, дзе вучэбны працэс арганізаваны ў дзве змены, але адпаведныя пытанні вырашаюцца ў тым ліку за кошт некаторага скарачэння часу на перапынкі.

Прэзідэнт Беларусі расказаў пра вучобу свайго малодшага сына Мікалая. Па яго словах, адным з любімых школьных прадметаў Мікалая з’яўляецца гісторыя. “І не таму, што я гісторык, а таму, што ў яго склад розуму гуманітарны”, — сказаў прэзідэнт. “Калі вы думаеце, што ён у мяне асаблівае дзіця, то нічога падобнага. Як усе. А сёмай — пад’ём, а восьмай — на занятках, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Звычайная школа, звычайны вучань. Так, усе разумеюць, што гэта сын прэзідэнта, але, дзякуй богу, ён не любіць, калі на яго ўвагі больш звяртаюць, чым гэта трэба”.

Гаворачы пра школьныя заняткі, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што не варта перагружаць вучняў вялікай колькасцю ўрокаў, занадта складаным матэрыялам і непамернымі аб’ёмамі дамашняга задання. “Інакш атрымаем зваротную рэакцыю. Асабліва калі дзеці не разумеюць складанасці матэрыялу”, — адзначыў ён. А ў шосты школьны дзень неабходна займацца спортам і атрымліваць працоўныя навыкі. Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў пра рэакцыю Мікалая на ініцыятыву аб пераносе пачатку ўрокаў у школах на 9 гадзін: “Раніцай адно меркаванне я ўжо атрымаў: ты не тое робіш, не трэба ў 9 гадзін. Як бацькі дзяцей павязуць? Гэта ж не сын прэзідэнта едзе”.

Спыняючыся на пытанні цэнтралізаванага тэсціравання, прэзідэнт падкрэсліў, што заданні на ЦТ для паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе будуць цалкам адпавядаць школьнай праграме. Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў нейкай ступені ад тэстаў адмовяцца, асабліва гэта тычыцца паступлення на творчыя спецыяльнасці. “Мы гэта зрабілі яшчэ раней, але будзем пашыраць, таму што ўсё-такі за сухім перакрэсліваннем нейкіх лічбаў у тэсце выкладчык не бачыць чалавека. Гэта дрэнна”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт прывёў прыклад, як паступаюць у ВНУ на творчыя спецыяльнасці. Жадаючыя стаць музыкантамі або журналістамі абавязкова здаюць творчае выпрабаванне, а значыць, экзаменатар можа адразу пераканацца ў іх таленце. Калі б маладым людзям прыйшлося здаваць толькі ЦТ, грамадства і дзяржава маглі б страціць адоранага чалавека з-за адной крыўднай памылкі. “Гэты год паглядзім, у наступным ужо канчаткова прымем рашэнне”, — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне адносна вывучэння гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове. “Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням нейкай дзяржаўнай мовы. У нас іх дзве — руская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай ён будзе вучыцца, — сказаў прэзідэнт. — Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы… Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў побыце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа”.

“Праўда ў тым, што, акрамя рускай, у нас ёсць і іншая мова, якая нас адрознівае ад іншых народаў. Дзяржава і народ маюць пэўныя асаблівасці, у тым ліку сваю мову. Калі ў народа свая мова, значыць, гэта — народ. У нас такіх дзве. Мы багатыя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што не з’яўляецца прыхільнікам таго, каб штучна нешта насаджаць, інакш можа ўзнікнуць абурэнне. “З-за неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна”, — адзначыў прэзідэнт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.