Шчыра пра галоўнае

- 10:05Актуально, Апошнія запісы

Сустрэчы кожны дзень, кожную гадзіну, кожнае імгненне. Сустрэчы ў сяброўскай, цёплай, шчырай атмасферы. Сустрэчы даўніх сяброў. Менавіта ў такім фармаце з 9 па 12 красавіка праходзілі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Цэнтральнай сустрэчай насычанай праграмы знаходжання азербайджанскай дэлегацыі на беларускай зямлі стаў адкрыты дыялог з міністрам адукацыі нашай краіны. На актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў сферы маладзёжнай палітыкі Ігар Васільевіч Карпенка і намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі Інтыгам Вагіфавіч Бабаеў давалі шчырыя адказы.

Сур’ёзныя пытанні, шчырыя адказы, цёплая, сяброўская атмасфера — гэта і ёсць адкрыты дыялог з міністрам адукацыі. Нягледзячы на імклівае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій, нішто не заменіць багацця чалавечай размовы. На сяброўскую сустрэчу, якая прайшла 10 красавіка ў канцэртнай зале “Верхні горад”, сабраліся беларускія студэнты, іх азербайджанскія равеснікі, якія навучаюцца ў беларускіх УВА, прадстаўнікі Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

— Паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай традыцыйна склаліся цёплыя адносіны, пасыл іх развіццю даюць прэзідэнты нашых краін, якія сваім асабістым сяброўствам умацоўваюць гэтыя адносіны. Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь — адзін з кірункаў той карпатлівай работы, якая праводзіцца на міждзяржаўным узроўні. У рамках сістэм адукацыі нашых краін заключаны шэраг пагадненняў, якія рэгулююць практычна ўсе пытанні, звязаныя з сістэмай адукацыі і маладзёжнай палітыкі. Для Рэспублікі Беларусь, як, упэўнены, і для Азербайджанскай Рэспублікі, пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі заўсёды будуць вельмі важнымі, таму што кожная дзяржава задумваецца над тым, у якім напрамку будзе развівацца грамадства, сацыяльна-эканамічная мадэль. Наш прэзідэнт калісьці паставіў задачу захаваць усе лепшыя традыцыі савецкага часу і стварыць сістэму, якая б аб’ядноўвала сучасную моладзь. У гэтым кірунку ў нас зроблена многае, пачынаючы ад заканадаўчай, нарматыўна-прававой базы і заканчваючы арганізацыйнымі фактарамі, якія садзейнічаюць паспяховай рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, — паведаміў Ігар Васільевіч Карпенка.

Работа з моладдзю накіравана на выхаванне маладых людзей, падрыхтоўку іх да выхаду ў самастойнае жыццё, рэалізацыю іх патэнцыялу ў інтарэсах грамадства і дзяржавы. “Важна, каб маладыя людзі выходзілі ў самастойнае жыццё сапраўднымі грамадзянамі, каб прытрымліваліся традыцый, сямейных каштоўнасцей, таму што сям’я — гэта аснова грамадства, а для нас гэта і аснова дэмаграфічнай бяспекі”, — адзначыў міністр адукацыі.

Сфера маладзёжнай палітыкі ахоплівае пытанні не толькі сямейнага дабрабыту, але і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, студатрадаўскага, валанцёрскага руху, ініцыятывы, накіраваныя на фарміраванне эканомікі ведаў, інтэлектуальнай эліты грамадства. Менавіта гэтыя пытанні ўздымаліся падчас адкрытага дыялогу. Асаблівая ўвага была ўдзелена тэме студатрадаўскага руху. У нашай краіне назапашаны багаты вопыт работы студэнцкіх атрадаў, і беларускі бок гатовы дзяліцца гэтым вопытам з азербайджанскімі сябрамі, прымаць студэнцкую моладзь Азербайджана ў беларускія студатрады. Цікавіліся беларускія студэнты і вопытам падрыхтоўкі азербайджанскіх валанцёраў да Першых Еўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў Баку ў 2015 годзе. Уздымаліся пытанні прызнання дыпломаў беларускіх універсітэтаў у Азербайджане, павышэння статусу і прэстыжу прафесіі педагога. Была выказана неабходнасць пашырэння ў Год навукі сумесных праектаў, сярод якіх “100 ідэй для СНД”.

— Для нас Рэспубліка Беларусь — братэрская і сяброўская дзяржава. У сучасным этапе нашай гісторыі мы выйшлі на новы, больш якасны ўзровень супрацоўніцтва ва ўсіх сферах і асабліва ў сферы моладзі. У кожнай краіны свая спецыфіка рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, але ёсць і шмат агульнага. Абапіраючыся на гэта агульнае, мы і будзем рэалізоўваць нашы сумесныя праекты. Моладзь любой краіны аб’ядноўвае жаданне мець добрую, якасную адукацыю, быць здаровымі, мець добрую кар’еру, добрую сям’ю, магчымасць добра адпачыць і жыць як паўнавартасны грамадзянін сваёй дзяржавы. Можа, гэта звычайныя словы, але яны стаяць у фундаменце дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У рамках Дзён моладзі мы зможам абмяняцца новай інфармацыяй, вопытам, паміж нашымі арганізацыямі будуць закладзены новыя праекты, завяжуцца новыя кантакты. Я не першы раз у Беларусі і магу даць ацэнку развіцця Мінска і Беларусі. Кожны год мы становімся сведкамі прагрэсу, працвітання братэрскай краіны. Брат павінен радавацца поспехам свайго брата і заўсёды дзяліцца тым, чым можа, — паведаміў намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі.

Супрацоўніцтва працягваецца. Беларуская і азербайджанская моладзь і надалей будзе дзяліцца не толькі сяброўскімі ўсмешкамі, але і багатым вопытам выхавання падрастаючага пакалення. Наша выданне будзе ўважліва сачыць за гэтым супрацоўніцтвам.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.