Шчодры ўраджай

- 11:01Актуально, Апошнія запісы

Важкая луста каравая Прыдзвіння — вынік працы ўстаноў адукацыі рэгіёна

У гэтым годзе хлебная ніва вучэбных гаспадарак дала самы высокі за ўсю гісторыю ўраджай — каля 8,5 тысячы тон збожжа. Ураджай, які атрымалі сёлета аграрыі Віцебшчыны, таксама рэкордны — агульны намалот склаў звыш 1 млн 440 тысяч тон.

Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які ў мінулую суботу прайшоў у Талачыне, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў паведаміў: паўночны рэгіён узяў курс на інтэнсіўнае земляробства. Нарошчванне вытворчасці прадукцыі раслінаводства адбываецца не за кошт пашырэння збожжавага кліна, а дзякуючы строгаму захаванню тэхналагічных патрабаванняў на ўсіх этапах вырошчвання, укараненню высокаўраджайных гатункаў і новых прагрэсіўных тэхналогій. Станоўчая дынаміка назіраецца і ў вытворчасці бульбы: на Віцебшчыне самая вялікая ў краіне ўраджайнасць — 277 цэнтнераў з гектара; на палях Талачынскага кансервавага завода з кожнага гектара збіраюць 515 цэнтнераў “другога хлеба”. Неблагі вынік атрыманы і па лёне — на 2 кастрычніка нарыхтавана 22 тысячы тон ільнотрасты — гэта больш, чым у іншых абласцях краіны.— Галоўная каштоўнасць краю — чалавечы патэнцыял. За высокімі паказчыкамі бачна напружаная і карпатлівая праца жыхароў Прыдзвіння. Аграрыі пераадолелі псіхалагічны бар’ер, зламалі стэрэатып і пераканаліся ў тым, што і на нашых землях, у нашых умовах можна атрымліваць высокія ўраджаі, — адзначыў губернатар. — Збожжа для вобласці становіцца прыбытковым артыкулам, мы ўпершыню атрымалі права рэалізаваць 100 тысяч тон за межы Беларусі. Ужо заключаны кантракты, вядзецца адгрузка.
Ганаровымі гасцямі святочнага Талачына сталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, кіраўнікі і прадстаўнікі многіх міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, дэлегацыі Пскоўскай і Магілёўскай абласцей, і канечне ж, ветэраны працы.
— На гэты ўраджай працавалі многія пакаленні, працавала ўся наша краіна, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. — І прамысловыя прадпрыемствы, і навука ўнеслі свой вялікі ўклад. Вельмі радуе, што Беларусь рухаецца наперад. Калі яшчэ ў 1994 годзе мы імпартавалі з Чэхіі харчовую пшаніцу для вырабу хлеба, то зараз да 7 млрд долараў сельгаспрадукцыі прадаём за межы Рэспублікі Беларусь. Прыемна і паказальна, што на працягу доўгага часу па многіх паказчыках вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў шэрагу раёнаў лідарскія пазіцыі ўтрымліваюць установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— На палях вучэбных гаспадарак, у вучэбных майстэрнях вядзецца вялікая вытворчая дзейнасць. Мы не толькі рыхтуем кадры, але і на працягу навучальнага года аказваем значную дапамогу прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, — расказаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — У Рэспубліцы Беларусь, дзякуючы пазіцыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, рашэннем урада захавана шматфункцыянальная сістэма падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. На цяперашні час у сістэме прафтэхадукацыі нашай вобласці функцыянуе 29 устаноў. У іх сценах займаецца больш за 13 тысяч навучэнцаў. Ажыццяўляецца падрыхтоўка рабочых кадраў і спецыялістаў па 50 вучэбных спецыяльнасцях і 104 прафесіях. Больш за 90 працэнтаў выпускнікоў атрымліваюць дзве і больш адзінкавыя кваліфікацыі, да 20 працэнтаў — паступаюць ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца развіццю сеткі спецыяльных груп, цэнтраў прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для грамадзян, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці, у тым ліку інвалідаў.
Як паведаміў Іван Шчурок, у рэгіянальнай сістэме ПТА працуюць 352 метадычныя фарміраванні, дзейнасць якіх накіравана на метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, вядзецца актыўная эксперыментальная і інавацыйная работа. Ва ўстановах ПТА рэалізуюцца асноўныя прынцыпы сістэмы выхавання, фарміруецца гуманнае выхаваўчае асяроддзе для навучэнцаў, накіраванае на іх развіццё і самаразвіццё. Ідэалагічная і ідэйна-выхаваўчая работа з моладдзю накіравана на прывіццё будучым рабочым і спецыялістам базавых каштоўнасцей, ідэй, перакананняў, якія адлюстроўваюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці, на фарміраванне ў кожнага з навучэнцаў актыўнай грамадзянскай і асабістай пазіцыі ў станаўленні моцнай і квітнеючай дзяржавы. Аб эфектыўнасці працы выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання сведчыць той факт, што толькі за апошнія чатыры гады 18 навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Адной з самых цікавых пляцовак сёлетніх “Дажынак” атрымалася выстава-прэзентацыя творчасці навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці, што разгарнулася непадалёк сярэдняй школы № 1 райцэнтра, якая, дарэчы, разам з сярэдняй школай № 2 напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі атрымала новае жыццё: тут былі праведзены капітальны і бягучы рамонт. Завершаны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй гарадскога Дома культуры, абсталявана спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём. Прыгожы і ўтульны выгляд пасля бягучага рамонту набылі і дзіцячы сад № 1, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, дзіцячая школа мастацтваў. Усяго да свята было адрамантавана каля 100 аб’ектаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.