Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці зладжана ідзе ўступная кампанія. Сваіх будучых навучэнцаў чакаюць у 9 каледжах, 16 прафесійных ліцэях і адным вучылішчы.
Як паведаміла начальнік аддзела прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Пушнова, жадаючым атрымаць рабочую прафесію прапаноўваецца навучанне па 75 кваліфікацыях, якія ахопліваюць усе галіны эканомікі і сацыяльнай сферы.
— Адпаведна патрэбам рынку працы сёлета для навучання плануецца прыняць 4649 чалавек. Пры гэтым для атрымання адукацыі на дзённай форме будзе залічана 3711, а на завочнай і вячэрняй — 168 і 770 маладых людзей, — адзначыла Наталля Леанідаўна.
Паводле яе слоў, усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі маюць намер выканаць пастаўленыя планы набору. Гэтаму павінна істотна паспрыяць значная прафарыентацыйная работа, цеснае супрацоўніцтва з райвыканкамамі і базавымі арганізацыямі. Немалаважную ролю ў прыцягненні абітурыентаў у прафтэхустановы адыграе і ўдасканаленне структуры падрыхтоўкі спецыялістаў.
— Мы заўсёды ўлічваем запатрабаванасць тых ці іншых спецыяльнасцей на рынку працы. Штогод з’яўляюцца новыя прафесіі. А калі па якіх-небудзь прычынах кваліфікацыя перастае карыстацца попытам, набор на яе спыняецца. Сёлета спынены прыём дакументаў па 22 незапатрабаваных спецыяльнасцях. Разам з тым пачынаецца падрыхтоўка па 20 новых для асобных устаноў адукацыі кваліфікацыях. Так, у Асіповіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы пачнуць рыхтаваць кухараў, а ў Шклоўскім прафесійным ліцэі № 12 — сацыяльных работнікаў. Адметна, што вялікая ўвага ўдзяляецца атрыманню прафесіі маладымі людзьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ім прапаноўваецца навучанне ў цэнтрах прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі, якія функцыянуюць на базе Магілёўскага эканамічнага і Бабруйскага будаўнічага прафесійна-тэхнічных каледжаў, а таксама Хоцімскага прафесійнага ліцэя № 16, — расказала Наталля Пушнова.
Новыя магчымасці ў плане набыцця прафесіі для маладых людзей адкрывае стварэнне сеткі каледжаў як шматузроўневых устаноў прафесійнай адукацыі інтэграванага тыпу. Зараз у вобласці ўжо функцыянуюць тры такія адукацыйныя кластары. Праблем з наборам абітурыентаў не ўзнікае ні ў адным з іх. Так, на атрыманне прафесійнай адукацыі ў Магілёўскім тэхналагічным каледжы, у склад якога з нядаўняга часу ўключаны 10-ы прафтэхліцэй, толькі за першы тыдзень уступнай кампаніі было пададзена 32 заявы.
— Мы актыўна тлумачым маладым людзям плюсы бесперапыннай адукацыі. Атрымаўшы ў нас прафесію на ўзроўні ПТА, пры жаданні яны могуць павысіць сваю адукацыю да сярэдняй спецыяльнай на другой ступені, а потым і да вышэйшай — на трэцяй, бо ў нашай установы наладжана трывалая ўзаемасувязь з рознымі ВНУ, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа Таццяна Часалава.
Сёлета для атрымання прафесійнай адукацыі на дзённую і завочную форму навучання ў каледжы плануюць набраць 183 першакурснікі па чатырох спецыяльнасцях. Гэтыя планы тут мяркуюць выканаць у поўным аб’ёме, бо ва ўстанове праводзілі ўсебаковую прафарыентацыйную работу са школьнікамі. Па словах Таццяны Часалавай, супрацоўнікі каледжа выязджалі ў школы горада з прэзентацыямі і выступленнямі аб прапанаваных для навучання прафесіях, для выпускнікоў праводзіліся дні адкрытых дзвярэй і іншыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Акрамя таго, шырока выкарыстоўваўся ў прафарыентацыйных мэтах афіцыйны сайт каледжа.
Дэталёвая падрыхтоўка зараз прыносіць адпаведныя вынікі. Большасць патэнцыяльных навучэнцаў даведаліся пра каледж ці падчас прафарыентацыі, ці праз інтэрнэт-рэсурсы.
— Я даўно марыла стаць кухарам, бо ў гэтай прафесіі працуе мая маці. Доўга разважала над тым, якую ўстанову выбраць для навучання. Азнаёмілася з інфармацыяй на сайце тэхналагічнага каледжа і адразу вырашыла падаваць дакументы сюды. Тут шмат магчымасцей для далейшага працягу адукацыі, цікава арганізавана навучэнскае жыццё, — падзялілася абітурыентка Кацярына Ісыкова.
Увогуле, моладзі, якая абрала для сябе рабочую прафесію, пашкадаваць аб гэтым не прыйдзецца, бо ва ўсіх установах прафтэхадукацыі рэгіёна не толькі створаны неабходныя ўмовы для паўнавартаснай прафесійнай падрыхтоўкi навучэнцаў, але і для развіцця індывідуальных якасцей, творчых здольнасцей і спартыўных навыкаў кожнага.