“Шкаліяда” — першы крок да вялікага спорту

- 11:19Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

Днямі ў Мінску стартаваў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў “Шкаліяда”, у якім прымаюць удзел малодшыя школьнікі агульнаадукацыйных школ краіны. Спартыўны форум такога маштабу і менавіта для гэтай узроставай катэгорыі ў Беларусі праводзіцца ўпершыню. Да фіналу дайшлі 210 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія аддалі сваё сэрца лёгкай атлетыцы.
Ініцыятарамі праекта з’яўляюцца Міністэрства адукацыі краіны, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.

Адкрывалі спаборніцтвы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі і чэмпіёнка свету ў бегу на 800 м Марына Арзамасава.“Усе ўдзельнікі “Шкаліяды” ўжо ўвайшлі ў гісторыю, паколькі гэта першыя падобныя спаборніцтвы для Беларусі, — адзначыў у прывітальным слове Міхаіл Жураўкоў. — Для многіх з вас шлях у вялікі спорт можа пачацца менавіта з гэтага турніру!”
“Выдатна, што ў “Шкаліядзе” можа прыняць удзел любы школьнік краіны, — падкрэсліў Аляксандр Шамко. — Сёння тут сабраліся лепшыя з лепшых, а гэта залог здароўя ў будучыні”.Чэмпіёнка свету Марына Арзамасава сказала, што вельмі рада бачыць столькі дзяцей у лёгкаатлетычным манежы, дзе яна трэніруецца кожны дзень і дасягае высокіх вынікаў. Яна выказала спадзяванне, што многія з удзельнікаў “Шкаліяды” палюбяць лёгкую атлетыку і стануць годнай заменай сённяшнім лёгкаатлетам.
Вадзім Дзевятоўскі падзяліўся ўспамінамі аб сваім дзяцінстве. Для старшыні федэрацыі лёгкай атлетыкі шлях у спорт пачаўся з 7 гадоў. Ён падкрэсліў, што спорт фарміруе не толькі цела, але і дух чалавека.У першы дзень фінальных спаборніцтваў прайшлі забегі на 30 м і скачкі ў даўжыню з месца. У пятніцу дзеці памераліся сіламі ў кіданні тэніснага мяча з месца, а таксама ў бегу на 800 м (хлопчыкі) і бегу на 500 м (дзяўчынкі).

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.