Школа — адкрытая прастора

- 8:44Навіны рэгіёнаў

Работу па першым інавацыйным праекце ў Радунскай сярэдняй школе пачалі ў 2007 годзе. За мінулы час было рэалізавана чатыры праекты. Ва ўстанове адукацыі лічаць, што інавацыйнае развіццё — менавіта той шлях, які дазваляе вырашаць важныя пытанні адукацыі і выхавання дзяцей. Аб рабоце калектыву школы над праектамі і іх вынікамі мы гутарым з дырэктарам Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна С.Б.Пачобут.

— Святлана Браніславаўна, ажыццяўленне кожнага праекта патрабуе ад усяго калектыву пэўных намаганняў. А што вы лічыце галоўным для настаўнікаў і вучняў, калі школа пачынае працаваць па-новаму, інавацыйна?

— Так, гэты шлях няпросты, але вельмі прадукцыйны. У выніку інавацыйнага пошуку ўдасканальваецца адукацыйнае асяроддзе ўстановы адукацыі, асноўнымі характарыстыкамі якога становяцца супрацоўніцтва, нефармальныя зносіны і сутворчасць настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў ва ўсіх сферах жыцця, узгодненасць традыцый і інавацый.

Калі гаварыць аб настаўніках, дык за гэты час значна ўзрасло іх прафесійнае майстэрства дзякуючы новым падыходам у арганізацыі метадычнай работы. Створаны міжпрадметныя і школьныя прадметныя метадычныя аб’яднанні, часовыя творчыя і праблемныя групы, лабараторыя педагагічнай інаватыкі, віртуальны метадычны кабінет. Павышэнню ўзроўню прафесіяналізму спрыяюць такія формы работы, як чытанні і навукова-практычныя канферэнцыі, майстар-класы, творчыя справаздачы педагогаў, прэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту, агляды педагагічных дасягненняў, дэкады педагагічнага майстэрства, удзел у рэспубліканскіх інтэрнэт-форумах, вэбінарах і e-mail-канферэнцыях.

За гады работы ў інавацыйным рэжыме мы пераканаліся, што ўзровень сацыялізацыі навучэнцаў вышэйшы, калі побач з імі знаходзяцца яркія творчыя індывідуальнасці, здольныя павесці за сабой, запаліць і падтрымліваць у вучнях цікавасць да розных відаў дзейнасці, эмацыянальна заражаць новымі ідэямі, а гэта магчыма, калі адбываецца пошук новага, творчая работа.

Вядома, што вялікую частку каштоўнасцей дзіця ўспрымае ад бацькоў. Мы заўсёды шукалі эфектыўныя формы, якія дапамагаюць забяспечыць адзінства падыходаў да выхавання дзяцей, наладзіць супрацоўніцтва школы і сям’і ў выхаванні паспяховай і сацыяльна актыўнай асобы. Так, з’явіліся электронная бацькоўская газета “Выхаванне з любоўю і разуменнем”, “Сямейная гасцёўня”, кансультацыйны пункт для бацькоў і дзяцей “Субота праблемных пытанняў”, адбываюцца дзіцяча-бацькоўскія сходы, штомесяц праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, навучанне бацькоў эфектыўным метадам узаемадзеяння з дзецьмі ў ходзе рэалізацыі праграмы “Паспяховае бацькоўства”.

У выніку сумеснай работы 67% бацькоў з’яўляюцца нашымі партнёрамі, яшчэ 33% узаемадзейнічаюць са школай па ініцыятыве педагогаў і навучэнцаў. Мы працягваем шукаць эфектыўныя формы работы з рознымі катэгорыямі бацькоў.

— “Укараненне мадэлі інфармацыйна-метадычнага забеспячэння ідэалагічнай работы ва ўстанове адукацыі” быў першым з рэалізаваных у школе праектаў і дазволіў значна палепшыць інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе навучальнай установы.

— Так, напрыклад, па-іншаму стаў працаваць сайт школы і неаднаразова станавіўся пераможцам раённага конкурсу на лепшы сайт установы адукацыі. У перыяд рэалізацыі праекта былі створаны два электронныя сродкі навучання — “Інфармацыйная гадзіна ў патрыятычным выхаванні” і “Захавай сваё жыццё”. Практыка стварэння ЭСН знайшла працяг у наступных інавацыйных праектах. На сённяшні дзень настаўнікамі гімназіі распрацавана пяць электронных сродкаў навучання. Класнымі кіраўнікамі створаны тры сайты, пяць педагогаў вядуць блогі па прадметах. Паспяхова ўдзельнічаем у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Школьны гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў віртуальны варыянт, была створана віртуальная гісторыя пасёлка Радунь. А наш музей валуноў ператварыўся ў сапраўдны цэнтр навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, педагогаў, бацькоў і жыхароў пасёлка.

— У выніку рэалізацыі другога праекта — “Укараненне мадэлі фарміравання маральнай самасвядомасці асобы навучэнца” — у школе быў створаны банк методык вывучэння узроўню маральнай культуры.

— Рэалізацыя гэтага праекта паспрыяла ўдасканаленню навукова-метадычнага забеспячэння працэсаў сацыялізацыі і выхавання: распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы, метадычныя рэкамендацыі па правядзенні заняткаў і мерапрыемстваў, якія накіраваны на маральнае выхаванне дзяцей. Апублікавана 9 брашур і зборнікаў, лепшыя з якіх дэманстраваліся на рэспубліканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.

Своеасаблівымі выхаваўчымі цэнтрамі сталі даросла-дзіцячыя суполкі, напрыклад, цэнтр “Адкрытая прастора”, які створаны ў г.п.Радунь і аб’яднаў намаганні ўсіх сацыяльных інстытутаў у мэтах падрыхтоўкі рознабакова развітога чалавека, здольнага да актыўнай сацыяльнай адаптацыі. 77% працэнтаў навучэнцаў заняты ў гуртках, клубах, секцыях.

— Стварэнне школьнага тэлебачання і яго паспяховая работа — вынік рэалізацыі яшчэ аднаго праекта.

— Школьнае тэлебачанне “Вялікі перапынак” — гэта адзін з вынікаў рэалізацыі праекта “Укараненне сістэмы матывавання і стымулявання навучэнцаў як сродак фарміравання паспяховай і сацыяльна актыўнай асобы”. Менавіта такімі — актыўнымі і неабыякавымі — мы хочам бачыць сваіх вучняў. І яны дэманструюць гэта праз актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, валанцёрскай рабоце па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” з навучэнцамі Радунскай школы і школы-інтэрната. Значна павялічылася колькасць навучэнцаў, якія імкнуцца мэтанакіравана працаваць над сабой (53%). Гэтаму садзейнічалі курс “Партфоліа паспяховай асобы”, заняткі ў школе лідараў “Першыя крокі да поспеху”. Заняткі не прайшлі бясследна, атрыманы вопыт знайшоў адлюстраванне ў студэнцкім жыцці нашых былых навучэнцаў: 45% з іх — лідары студэнцкіх калектываў і з’яўляюцца старастамі груп.

З кожным годам павялічваецца колькасць якасных дзіцячых ініцыятыў. Развіццю ініцыятывы і сацыяльнай творчасці нашых вучняў у многім спрыяе ўключэнне саміх дзяцей у абмеркаванне праблем, якія ўплываюць на іх жыццё, на адкрытых пасяджэннях педагагічных саветаў, удзел у рабоце праблемных груп дарослых і дзяцей. Школьнікі выпрацоўваюць у сабе якасці, неабходныя для пераадолення цяжкасцей сацыяльнага жыцця.

— На працягу апошніх трох гадоў калектыў Радунскай школы працаваў над вельмі важнай тэмай, накіраванай на ўмацаванне інстытута сям’і. Чым выклікана цікавасць да гэтага кірунку?

— Трыяда “дзеці — школа — бацькі”, на нашу думку, ляжыць у аснове паспяховага навучання і выхавання. Сёння нашы выхаванцы — дзеці, але мы іх не толькі вучым пісьменнасці, мы рыхтуем іх да жыцця ў грамадстве. У 2013 годзе калектыў школы пачаў выкананне праекта “Укараненне мадэлі фарміравання дэмаграфічна бяспечных паводзін, накіраваных на ўмацаванне інстытута сям’і”. У ходзе рэалізацыі праекта распрацаваны і рэалізуецца міні-праект “Школьны трохвугольнік”, які дазволіў аб’яднаць намаганні бацькоў, вучняў, педагогаў і фарміраваць сямейныя каштоўнасці праз сумеснае правядзенне вольнага часу, выхаванне патрэбы ў маральных паводзінах, паказваць чысціню шлюбу праз работу клубаў “Паміж намі, дзяўчынкамі”, “Пераходны ўзрост”.

Члены творчай групы сталі ініцыятарамі інтэрнэт-праекта “Дэмаграфічная бяспека вачыма дзяцей”, у якім прынялі ўдзел больш за 70 навучэнцаў школ Воранаўскага раёна і ўсёй Гродзенскай вобласці.

Матэрыялы інтэрнэт-праекта ляглі ў аснову напісання навукова-даследчай працы “Гендарны аспект дэмаграфічных працэсаў у г.п.Радунь”.

Настаўніца матэматыкі Людміла Мечыславаўна Сінкевіч арганізавала інтэрнэт-праект “Жыццё без шкодных звычак — твой выбар!”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна і вобласці. Вынікі рэалізацыі праекта былі прадстаўлены на абласных семінарах, на абласным фестывалі інавацый.

Галоўны вынік удзелу ў праектах — гэта павышэнне якасці адукацыі навучэнцаў і ўзроўню прафесіяналізму педагогаў, пабудова плённых партнёрскіх адносін усіх суб’ектаў выхаваўчай дзейнасці. Калектыў школы ўдзячны кіраўніцтву сістэмы адукацыі раёна, у першую чаргу начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама Алене Янаўне Ганевіч, якая ў час дырэктарства ў Радунскай школе пачынала работу па праектах, была для ўсіх вялікім натхняльнікам і зараз падтрымлівае нашы ініцыятывы. Не было б вынікаў і без навуковага кансультанта доктара філасофскіх навук Аляксандра Сяргеевіча Лапцёнка і каардынатара праектаў намесніка начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людмілы Анатольеўны Кіўлюк. І, канечне, без нашых настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

Каментарый А.Я.ГАНЕВІЧ, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама:

— Радунская сярэдняя школа — адна з тых устаноў адукацыі раёна, якія дынамічна развіваюцца. Творчы згуртаваны калектыў на чале з дырэктарам Святланай Браніславаўнай Пачобут, намеснікамі дырэктара Ірынай Віктараўнай Удаевай, Аксанай Віктараўнай Вайткун, Жаннай Іосіфаўнай Чарнавіцкай заўсёды ў пошуку новых ідэй, якія потым паспяхова ўвасабляюць у жыццё.

Прафесійнаму ўдасканаленню педагогаў і развіццю навучэнцаў спрыяе інавацыйная дзейнасць і рэалізацыя чатырох праектаў. У 2015 годзе на базе школы праведзены І раённы фестываль “Інавацыйная дзейнасць — фактар паспяховага развіцця ўстановы адукацыі”. Радунская сярэдняя школа ўвайшла ў пералік устаноў адукацыі, вынікі рэалізацыі інавацыйных праектаў якіх прызнаны Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальным інстытутам адукацыі найбольш паспяховымі і рэкамендаваны да шырокага выкарыстання ў сферы адукацыі. Дасягнутым вынікам садзейнічае актывізацыя метадычнай работы: на базе школы працуе раённы рэсурсны цэнтр па тэме “Метадычная работа як фактар павышэння прафесійнай кампетэнцыі настаўніка”.

Шмат увагі ўдзяляюць у школе творчаму развіццю навучэнцаў. Як прыклад — узорны танцавальны калектыў “Радунскія салавейкі”, якім шмат гадоў кіруе Францішка Францаўна Габіс. Калектыў станавіўся пераможцам мноства конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных.

Лічу, што такая адкрытая і дынамічная адукацыйная сістэма, якая склалася ў Радунскай сярэдняй школе, дазваляе падрыхтаваць выпускнікоў да жыцця, выхаваць маладых людзей, якія ўмеюць паспяхова будаваць камунікацыю з рознымі прадстаўнікамі соцыуму, самастойна папаўняць веды і аператыўна рэагаваць на выклікі часу.

Каментарый Л.А.КІЎЛЮК, намесніка начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— Галоўныя характарыстыкі педагагічнага калектыву Радунскай сярэдняй школы — гэта прафесіяналізм, творчасць і інавацыйнасць. Настаўнікі і кіраўнікі школы заўсёды ў пошуку новых тэхналогій, форм і метадаў кіравання, навучання і выхавання.

Вялікая ўвага ўдзяляецца метадычнай рабоце. Школа з’яўляецца галоўнай метадычнай пляцоўкай не толькі Воранаўскага раёна, але і для педагогаў Гродзенскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны. Тут дзейнічае вельмі добры метадычны кабінет, які станавіўся прызёрам абласных аглядаў. У 2016 годзе ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені абласнога агляду. Педагогі актыўна публікуюць артыкулы аб сваім вопыце ў навукова-метадычных выданнях.

На базе школы адбывалася павышэнне кваліфікацыі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці па праграме намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Радунскай школы Францішкі Францаўны Габіс “Стратэгія кіравання выхаваўчым працэсам”. Праходзілі на базе школы і рэспубліканскія семінары.

У гарадскім пасёлку Радунь у выніку эфектыўнага сацыяльнага партнёрства ствараецца выхаваўчая прастора, якая арыентавана на арганізацыю сумеснай грамадска карыснай дзейнасці дарослых і дзяцей.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дзейнасць установы адукацыі па рэалізацыі чатырох інавацыйных праектаў прызнана паспяховай.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.