З верасня 2015 Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці рэалізоўвае сацыякультурны адукацыйны праект прафесара Наталлі Аляксандраўны Масюковай “Школа дыялогу”. Узаемадзеянне ў сучасным свеце — пытанне няпростае. Адносіны дарослага чалавека да дзяцей сёння часам характарызуюцца абыякавасцю, адсутнасцю патрэбы ў апекаванні і клопаце. У школе гэта праяўляецца ў фармальным узаемадзеянні настаўніка з навучэнцамі на вучэбных занятках. Педагог часта рэалізоўвае прымітыўную і яўна ўстарэлую інфармацыйна-практыкавальную стратэгію навучання і выхавання. Узнікае праблема захавання самабытнасці дзяцінства, вырашыць якую можна толькі праз дыялог.
У нашай установе ствараецца сістэма мэтанакіраванай, комплекснай і паслядоўнай педагагічнай дзейнасці па ўкараненні мадэлі “Школы дыялогу”, арыентаванай на фарміраванне прадукцыйнага сацыякультурнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Створана інавацыйная каманда, якая ўключае ў сябе педагогаў, зацікаўленых у рэалізацыі гэтага праекта, энтузіястаў сваёй справы, а таксама актыўных бацькоў, якія натхніліся ідэяй праекта.
У школе арганізавана работа з педагагічнымі кадрамі па развіцці прафесійнай кампетэнцыі і інавацыйнай культуры ўдзельнікаў праекта. Нашы педагогі паўдзельнічалі ў курсах, арганізаваных Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, дзе былі разгледжаны пытанні арганізацыі і кіравання інавацыйнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі. Адным з напрамкаў работы творчай групы ўдзельнікаў інавацыйнага праекта стала вывучэнне спецыфікі вядзення дакументацыі, афармленне справаздачнасці, арганізацыя маніторынгу педагагічнага працэсу ў рамках пастаянна дзеючага семінара “Інавацыя: ад тэорыі да практыкі”.Перад педагогамі нашай школы стаіць задача пераходу да новых стратэгій навучання — ад планавання ўрока да яго сцэніравання, ад інфармацыйна-практыкавальнай да задачна-мэтавай стратэгіі навучання (задачна-мэтавай — на першай і другой ступенях навучання, праблемнай — на трэцяй ступені навучання).
На працягу кастрычніка — лістапада 2015 года ў нас прайшлі семінары, практыкумы па распрацоўцы ўрокаў сцэнарнага тыпу, праходзіла актыўнае абмеркаванне іх адрознення ад урокаў з выкарыстаннем педагагічных тэхналогій. На працягу снежня — студзеня праходзіў этап укаранення тэорыі ў практыку. Педагогі пачалі працаваць над вучэбнымі сітуацыямі, вакол якіх будаваліся сцэнарыі ўрокаў. Кожная сітуацыя першапачаткова прадугледжвала адсутнасць у вучняў сродкаў вырашэння прапанаванай настаўнікам задачы або такую пастаноўку задачы, каб навучэнцы захацелі яе вырашыць і сталі спрабаваць розныя спосабы, у тым ліку дыялог навучэнцаў з настаўнікам і адно з адным. У некаторых педагогаў узніклі пытанні “А што, калі навучэнцы не захочуць вырашаць праблему, не настрояцца на даследчы характар урока?”, “Ці трэба ў такім выпадку выкарыстоўваць падрыхтаваны традыцыйны план урока?”. Аднак на такія пытанні ўсе без выключэння навучэнцы 6, 7, 8, 9 класаў, у якіх былі праведзены ўрокі сцэнарнага тыпу, далі дакладны адказ: “Вучыцца аказалася цікава, таму што мы самі вырашалі, як лепш засвоіць матэрыял і як пракантраляваць узровень засваення вучэбнага матэрыялу”.Нашы педагогі правялі ўрокі-сцэнарыі па беларускай літаратуры па тэме “Э.Хэмінгуэй. Аповесць “Стары і мора”, па матэматыцы ў 11 класе “Рашэнне паказальных ураўненняў”, па нямецкай мове ў 9 класе “Развіццё маўленчых уменняў па тэме “Шкодныя звычкі”, па матэматыцы ў 2 класе па тэме “Складанне круглага ліку з двухзначным”, па беларускай мове ў 8 класе “Спосабы выражэння акалічнасці”. На гэтых уроках акцэнт быў зроблены на атмасферы супрацоўніцтва, узаемадзеяння паміж настаўнікам і навучэнцамі, самакантролі і ўзаемакантролі, уменні здабываць веды, абагульняць іх, рабіць высновы і ў той жа час на ўздзеянні на эмоцыі навучэнцаў. Педагогі прапаноўвалі вучням самастойна вызначыць неабходныя ўмовы для засваення новай тэмы, а таксама ходу ўрока. На ўроках школьнікі самі ставілі мэты, прапаноўвалі такія прыёмы работы, якія, на іх думку, дазваляюць дасягнуць гэтых мэт.
Асобным звяном пры рэалізацыі праекта стала фарміраванне самакіравання ва ўмовах раўнапраўя і супрацоўніцтва педагогаў з навучэнцамі. Камандзе “Садружнасць” прапанавалі ўнесці прапановы па развіцці культурна-масавай выхаваўчай работы школы і арганізацыі медыяцэнтра, якім кіруюць навучэнцы пры падтрымцы дарослых. Яркім прыкладам з’яўляецца работа школьнага радыё, выпускі якога дзеці плануюць і рыхтуюць самастойна, асвятляючы не толькі навіны школы, але і ўзнімаючы ў сваіх радыёперадачах надзённыя праблемы.Навучэнцам і іх бацькам былі прапанаваны новыя магчымасці ўкаранення ў інавацыйны праект у рамках аб’яднанняў па інтарэсах. Былі адкрыты аб’яднанні па інтарэсах на кожнай ступені агульнай сярэдняй адукацыі: першая ступень — “Школа дыялогу”, другая ступень — “Імпульс зносін”, трэцяя ступень — “Дыялог культур”. Ярка і прадукцыйна прайшлі заняткі па тэмах “Свет ува мне, я ў свеце”, “Зносіны з замежнымі равеснікамі”, “Гаворым кампліменты”, “Урокі дабрыні”, “Непрапісныя ісціны”, накіраваныя на навучанне міжкультурнай камунікацыі, такой неабходнай сёння ва ўмовах міграцыйных працэсаў у свеце. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Дыялог культур” робіцца акцэнт на развіццё здольнасцей навучэнцаў да выкарыстання замежнай мовы ў якасці інструмента зносін. На занятках “Школы дыялогу” настаўнік такім чынам арганізоўвае работу, каб школьнікі, выканаўшы заданні праблемна-пошукавага характару, пераходзілі самастойна да творчай дзейнасці. Асаблівы ўпор робіцца на фарміраванне культуры моўных зносін.
Аб’яднанне па інтарэсах “Імпульс зносін” нацэлена на фарміраванне якасцей і характарыстык, неабходных для паспяховага міжасобаснага ўзаемадзеяння ў розных сітуацыях зносін. Для гэтага выкарыстоўваецца драматызацыя, праводзяцца ролевыя гульні, мадэлююцца сітуацыі, выконваюцца эцюды, тэсты.
У аб’яднаннях па інтарэсах трэба працаваць камандай і абараняць свае ідэі, свае прыёмы дасягнення пастаўленых мэт. Узаемаадносіны на такіх занятках прадугледжваюць свабоднае абмеркаванне агульных праблем, сумеснае пераадоленне цяжкасцей, адзінства імкненняў, сяброўскія адносіны і ўзаемныя сімпатыі.
Так, прадстаўнікі розных прафесій на так званых пляцоўках прад’яўлення знаёмяць навучэнцаў з узорамі прафесійнай дзейнасці і дапамагаюць ім у першых прафесійных пробах. Рэалізацыя такіх пляцовак прад’яўлення праходзіла на новай малочнатаварнай ферме аграгарадка Залессе і Чачэрскім філіяле СТАА “Сцяцкевіч-спецадзенне”, а таксама ў дыстанцыйнай форме з выкарыстаннем гомельскага прафарыентацыйнага партала.Для паспяховай рэалізацыі праекта былі перагледжаны і пераасэнсаваны пытанні ўзаемадзеяння з сям’ёй. У якасці паказчыкаў эфектыўнасці ўзаемадзеяння былі вызначаны наступныя:
— станоўчыя адносіны сям’і да ўстановы адукацыі і свайго ўдзелу ў адукацыйным працэсе;
— зацікаўленасць у якасці і выніках адукацыі дзіцяці;
— імкненне быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў класе ўстановы адукацыі;
— здольнасць адэкватна ацэньваць адукацыйны патэнцыял сваёй сям’і;
— магчымасць весці дыялог з педагогамі і кіраўнікамі ўстановы адукацыі;
— бачанне сваёй ролі ва ўзаемадзеянні з установай адукацыі зараз і ў перспектыве.
Сустрэчы з бацькамі планаваліся такім чынам, каб у іх удзельнічалі не толькі дзеці, але і іх члены сям’і. Для гэтага прапаноўвалася правесці інтэрв’ю з бацькамі, сумесныя святы, падрыхтаваць малюнкі і пісьмы падзякі, адрасаваныя дарослым. Асобнай формай сямейнага выхавання стаў клуб сямейнага тыпу “Утульнасць”, асноўнай мэтай якога з’яўляецца павышэнне выхаваўчага патэнцыялу бацькоў. Прынятыя членамі клуба рашэнні выносяцца на пасяджэнні бацькоўскага камітэта, разглядаюцца на агульнашкольных бацькоўскіх сходах. Члены клуба ахвотна дзеляцца набытым вопытам з іншымі бацькамі.
Дзейнасць “Школы дыялогу” асноўваецца на насычанай інфармацыйнай інфраструктуры школы, сучасных трэндах у адукацыі, такіх як Big Data (вялікія даныя), воблачныя LMS (мабільнае навучанне на базе воблачных сэрвісаў), персаналізацыя, або адаптыўнае навучанне. Вялікія даныя — гэта ўсяго толькі архіў, які захоўвае набытую інфармацыю, напрыклад, пра веды навучэнцаў. Аналіз даных дазволіць працаваць і з індывідуальнымі траекторыямі, і з глабальнымі адукацыйнымі сістэмамі. Вялікія даныя падкажуць вучню або паведамяць настаўнікам/бацькам, што вучню патрэбна дапамога.
Мы імкнёмся навучыць дыялогу кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.
Зоя ПАЎЛАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.