Фестываль “Зоркі школы” праводзіцца ў сярэдняй школе № 3 Гродна штогод. Любы вучань можа заявіць аб удзеле ў ім і праявіць сябе ў ролі спевака ці танцора, канферансье ці акцёра. Зоркі ў школе запальваюцца ў розных галінах: у вучобе, спорце, творчасці. Пра такіх творчых зорачак сёння мы гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў класах з музычнай накіраванасцю Кацярынай БІРУКОВАЙ.
— Кацярына Васільеўна, ваша навучальная ўстанова дзейнічае з дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. А вось найноўшая яе гісторыя пачынаецца з 1978 года, калі школа пераехала ў новы будынак. Праз год тут пачалося выкладанне музычных дысцыплін і школа атрымала статус школы з музычна-харавым ухілам.
— За гэты час больш за 1600 навучэнцаў атрымалі пачатковую музычную адукацыю. 380 чалавек звязалі сваё жыццё з прафесійнай музычнай дзейнасцю, а шэсць з іх вядуць факультатыўныя заняткі музычнай накіраванасці ў нашай школе. Мы ганарымся нашымі выпускнікамі — кіраўніком эстраднага калектыву Яўгенам Якушам, салісткай аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга Таццянай Глазуновай, дырэктарам Гродзенскай дзіцячай музычнай школы № 2 Юліяй Амельчанка і іншымі.
— А як сёння можна зацікавіць камп’ютарнае пакаленне займацца музыкай, творчасцю?
— У нашай школе каля 60 працэнтаў вучняў займаецца творчасцю. У школе існуе 19 творчых калектываў, сем з якіх — узорныя. Кожныя тры гады ўсе ўзорныя калектывы пацвяржаюць гэтае званне.
А чым можна зацікавіць? Уласным прыкладам у тым ліку. У школе працуе калектыў ініцыятыўных, улюбёных у сваю справу, таленавітых выкладчыкаў. Ва ўстанове склаліся традыцыі, якія не толькі дазваляюць навучыць нотнай грамаце, але і даюць магчымасць кожнаму праявіць сябе.
Нашы дзеці прывучаны да сцэны і любяць яе. Толькі ў мінулым навучальным годзе вучні і настаўнікі школы прынялі ўдзел у больш чым ста мерапрыемствах, канцэртах, конкурсах. Традыцыйна гэта канцэрты да Дня маці і 8 Сакавіка, калядныя сустрэчы, канцэрты для ветэранаў вайны і працы, фестывалі-конкурсы беларускай музыкі “Вясёлыя музыкі” і ансамбляў “Вясновыя ноткі”. Часта ўдзельнічаем у дабрачынных акцыях.
Творчыя калектывы школы — удзельнікі конкурсаў і фестываляў розных узроўняў. Яны з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі больш чым 300 конкурсаў, аглядаў і фестываляў. Прымаем удзел у міжнародным праекце “Музыка без межаў”, які ажыццяўляецца нашай школай разам з Саюзам школ самакіравання горада Элка з Рэспублікі Польшча і таварыствам сяброў Гродна і Вільнюса. Кіраўніком праекта з беларускага боку з’яўляецца настаўнік вакальна-харавых дысцыплін Ірына Дзейкала.
— А што наконт уласнага прыкладу настаўнікаў?
— Творчая дзейнасць педагогаў таксама традыцыя школы. Пастаянным удзельнікам амаль усіх свят, якія праводзяцца ў школе, горадзе і вобласці, з’яўляецца педагагічны ансамбль “Карусель”, створаны ў 1984 годзе Генадзем Левіным. Сёння ім кіруе малады таленавіты настаўнік Дзмітрый Мацейка. Акрамя інструментальнага ансамбля, у школе створаны хор настаўнікаў “Лірыка” (кіраўнік Ірына Дзейкала, канцэртмайстар Вольга Аверкіева). Хор “Лірыка” — удзельнік IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. У 2009 годзе мы з сябрамі-калегамі вырашылі аб’яднацца ў вакальны ансамбль “Ліра”, які стаў лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю песні работнікаў сістэмы адукацыі “Песня застаецца з чалавекам”.
Дасягненні нашых калег на гэтым не заканчваюцца. Святлана Гаўрусік, мастацкі кіраўнік узорнай студыі “Акварэль”, адзначана адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна за заслугі ў духоўна-маральным выхаванні моладзі. Мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля эстраднага танца “Калейдаскоп” Святлана Якуш — пераможца штогадовага конкурсу “Жанчына года-2014” у намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”.
— Вучні школы атрымліваюць не толькі музычную адукацыю, таксама ў школе развіваюць вакальную і танцавальную творчасць дзяцей.
— Так, нашы дзеці не толькі займаюцца на факультатыўных занятках музычнай накіраванасці “Ігра на інструменце” (фартэпіяна, баян, акардэон, балалайка, флейта, скрыпка, гітара, цымбалы, домра), “Сальфеджыа”, “Ансамбль”. Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорных калектываў, некаторыя — нават адразу некалькіх.
Першы калектыў, які быў створаны ў нашай школе ў 1979 годзе, — хор “Світанак”. У той час яго кіраўніком была Рэгіна Гулецкая. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры БССР у 1985 годзе яму было прысвоена званне Узорнага аматарскага калектыву. Сёння ім кіруе Ірына Дзейкала, 12 апошніх гадоў канцэртмайстрам з’яўляецца Вольга Аверкіева. Хор “Світанак” — дыпламант ІІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу вакальна-харавых калектываў у рамках Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” (2014 г.).
З 1981 года ў школе дзейнічае хор “Расінка”, нязменны мастацкі кіраўнік якога — Святлана Галась, канцэрт-майстар — Наталля Карпейчык. У 2007 годзе хору прысвоена званне ўзорнага. У 2014 годзе калектыў атрымаў дыплом ІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Трэці ўзорны хор незвычайны, бо гэта хор хлопчыкаў і юнакоў “Светач”, які быў створаны ў 1983 годзе Уладзімірам Ельчанінавым і называўся тады “Раніца”, а ў 1987 годзе калектыў атрымаў назву “Узорны аматарскі калектыў БССР “Пеўнікі”, бо назву “Раніца” ўжо меў іншы хор у нашай краіне. З 2011 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь калектыву было прысвоена найменне “Хор хлопчыкаў і юнакоў “Светач”. Сёння мастацкім кіраўніком калектыву з’яўляецца Вера Севярын, канцэртмайстрам — Вольга Філіпік.
У адзін год з хорам “Светач” званне ўзорнага атрымаў аркестр народных інструментаў. Мастацкім кіраўніком калектыву з верасня 2012 года з’яўляецца Дзмітрый Мацейка. Неаднаразова калектыў узнагароджваўся ганаровымі граматамі аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама (2007, 2009, 2011 гг.), дыпломам III ступені гарадскога конкурсу беларускай музыкі (2008 г.) і дыпломам удзельніка абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (2013 г.).
Узорны ансамбль эстраднага танца “Калейдаскоп” быў створаны ў 1994 годзе. Заснавальнікам і мастацкім кіраўніком калектыву з’яўляецца Святлана Якуш. У ім займаюцца дзеці пачынаючы з пяцігадовага ўзросту, і прыязджаюць яны з розных раёнаў Гродна.
З 2001 года дзейнічаюць два вакальныя калектывы: узорная студыя “Акварэль” (мастацкі кіраўнік Святлана Гаўрусік) і ўзорны вакальны ансамбль “Талісман”, які заснавала Алена Пракуніна, а сёння яго мастацкім кіраўніком з’яўляюся я. Першыя ўдзельнікі калектываў ужо скончылі школу і некаторыя з’яўляюцца настаўнікамі па класе вакалу.Канцэртная дзейнасць удзельнікаў вакальных калектываў вельмі разнастайная. Яны абавязковыя ўдзельнікі ўсіх школьных свят і частыя госці на канцэртных пляцоўках горада, у вайсковых часцях горада і Гродзенскай вобласці. У мінулым годзе трыа ансамбля “Талісман” (Ульяна Амельчанка, Кацярына Маланчук і Дар’я Бугрый) сталі пераможцамі, а салістка студыі “Акварэль” Ангеліна Самойла — дыпламантам ІІ ступені гарадскога конкурсу песні аб маці.
Дарэчы, у нас ёсць дзеці, бацькі якіх вучыліся ў нашай школе і таксама займаліся музыкай, спевамі, танцамі. Такая пераемнасць сведчыць пра творчы аўтарытэт школы і з’яўляецца стымулам для дзяцей. Гэта ў дапаўненне да пытання аб матывацыі сучасных дзяцей.
Я таксама скончыла 3-ю школу, некалькі гадоў назад мой сын стаў яе выпускніком, дачка вучыцца ў 6 класе і з’яўляецца ўдзельніцай узорных калектываў.
Адміністрацыя школы стварае ўмовы, якія спрыяюць развіццю здольнасцей вучняў і крэатыўнасці настаўнікаў. Сёння 19 кабінетаў у школе — гэта класы для індывідуальных і групавых заняткаў па музычных дысцыплінах. Дырэктар школы Ірына Коўшык заўсёды падтрымлівае ініцыятыву і дапамагае паспяхова вырашаць творчыя задачы.
— Як дзеці спраўляюцца з такімі нагрузкамі? Якія падыходы настаўнікаў да выхавання творчай асобы?
— Заняткі музыкай, іншымі відамі творчасці развіваюць кожную асобу. Ігра на музычных інструментах можа стаць добрым спосабам прафілактыкі дэпрэсіі і пачуцця трывожнасці. Навучанне музыцы ў раннім узросце аказвае дабратворны ўплыў на далейшыя поспехі дзіцяці. Мозг малых, якія хадзілі ў музычную школу, набывае цікавыя здольнасці, якія захоўваюцца і ў сталым узросце. А яшчэ дзеці вучацца дысцыпліне і правільнаму размеркаванню свайго часу.
Прынцыповая пазіцыя педагогаў нашай школы ў тым, што яны не адбіраюць адораных дзяцей, а прымаюць усіх жадаючых. А галоўны прынцып работы — гэта стварэнне адпаведных умоў і прадастаўленне кожнаму вучню магчымасцей для прадметнай творчасці.
Мы гаворым на мове пачуццяў. Для нас і нашых выхаванцаў музыка і танец могуць сказаць аб усім: аб любові да людзей, прыроды, радзімы. Па танцы, музыцы, як па твары чалавека, пазнаецца цэлая нацыя, яе душа і характар. Мы — беларусы і гэтым ганарымся. Развіваючы творчую асобу, мы ўносім уклад ў развіццё сваёй краіны.
— Дзякуй за размову, Кацярына Васільеўна. Поспехаў вам і вашым зорачкам.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва школы.