Школа мая, табой ганаруся я!

- 15:20Навіны рэгіёнаў

Тэматычныя тыдні нярэдка праводзяцца ў школах. Звычайна яны прысвечаны пэўнаму прадмету. А ў сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага цэлы тыдзень прысвяцілі роднай школе. Тыдзень пад назвай “Школа мая, табой ганаруся я!” быў напоўнены разнастайнымі па форме выхаваўчымі мерапрыемствамі, якія знайшлі водгук у сэрцах і душах настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

У першы дзень тыдня ўвага навучэнцаў, іх бацькоў і настаўнікаў была прыцягнута да фотаздымкаў розных гадоў, выстаўленых у фае школы. Чорна-белыя здымкі расказвалі пра той час, калі школа будавалася, як закладваўся зімовы сад, праводзіліся працоўныя акцыі, адкрываўся музей “Памяць”, арганізоўваліся экскурсіі, паездкі, паходы, і пра многае іншае. Выстава “Наша школа ўчора і сёння” дэманстравала, што дух плённага супрацоўніцтва, разумнага саперніцтва, самыя перадавыя метады навучання і выхавання, ініцыятыва, энтузіязм, творчасць, калектывізм — вось што заўсёды было ўласціва ўстанове і рабіла яе адной з лепшых.

Ва ўсіх класах адбыліся інфармацыйныя гадзіны “Школьнае сяброўства”, “Гэтая школа такая адна”, “Яго імя носіць наша школа”. Васьмікласнікі паглядзелі відэафільм “Капыльскімі шляхамі Цішкі Гартнага”, зняты навучэнцамі школы, і сталі ўдзельнікамі гульні па жыцці і творчасці знакамітага земляка.

Гасцямі мерапрыемства сталі ветэраны педагагічнай працы, якія сустракаліся са школьнікамі і дзяліліся з імі сваімі ўспамінамі пра гісторыю школы, сваёй працы. Яны расказвалі, праз якія інавацыі, пераўтварэнні, рэформы прайшла школа, што зрабіла яе такой паспяховай. Падмурак поспеху будавалі мэтанакіраваныя, прафесійныя, адданыя сваёй справе кіраўнікі, якія рабілі камфортнымі ўмовы для вучобы, працы, заняткаў спортам і развіцця дзіцячых талентаў. Школа ўзгадавала цэлую плеяду творчых педагогаў, якія стваралі непаўторны імідж лепшай ў раёне ўстановы адукацыі, аддавалі і аддаюць свае веды, вопыт, уменне працаваць з поўнай аддачай і з агеньчыкам.

Падчас правядзення тыдня навучэнцы даведаліся, чым унікальнай была іх школа. Шмат гадоў тут займаліся прапагандай патрыятычнага выхавання праз работу музея “Памяць” і клуба “Пошук”. Шмат увагі заўсёды ўдзялялі папулярызацыі здаровага ладу жыцця — у гэтым дапамагалі штодзённыя ўрокі фізічнай культуры, урокі рытмікі і танцаў, ранішняя гімнастыка і рухавыя перапынкі ў школьным двары, турыстычныя злёты і паходы. Вывучэнне замежнай мовы з першага класа, вывучэнне асобных прадметаў на паглыбленым узроўні, супрацоўніцтва з Ваеннай акадэміяй, педагагічным універсітэтам і медыцынскім універсітэтам Мінска, наборы і выпускі медкласаў, педкласаў, ваенных класаў — усё гэта старонкі гісторыі школы.

Сучасных дзяцей складана чым-небудзь здзівіць. Але нашы навучэнцы шчыра здзіўляліся, убачыўшы прадметы школьнай даўніны: стары буквар і першыя пропісі, чарніліцу-невылівайку і пёравыя ручкі, першыя ўзоры залатога і сярэбранага медалёў, старыя падручнікі, камсамольскі білет.

Тыдзень быў вельмі карысным і пазнавальным. Юныя ўдзельнікі мерапрыемстваў гаварылі, што ведалі, што іх школа цудоўная і асаблівая, але, лепш даведаўшыся аб яе гісторыі, сталі любіць і ганарыцца ўстановай яшчэ больш. Не сакрэт, што многія, скончыўшы нашу школу, прывялі сюды вучыцца сваіх дзяцей, таму што па праве лічаць яе роднай. Гэтак жа зробяць і новыя пакаленні вучняў.

Таццяна МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы.