Школа — рэгіён — свет

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Сусветныя тэндэнцыі і рэгіянальныя аспекты развіцця сферы адукацыі абмеркавалі на аднайменнай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагагічныя работнікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Узбекістана і Польшчы.

Адукацыя з кожным годам падвяргаецца ўсё большай глабалізацыі. Дынаміка пашырэння інфармацыйнага поля і тэхналагічнага асяроддзя спрыяюць паскоранаму абнаўленню адукацыйнай прасторы. Для паспяховага функцыянавання навучальных устаноў у такіх умовах сёння недастаткова грунтавацца толькі на асаблівасцях рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Неабходна ўлічваць і тыя змены, што адбываюцца ў свеце, імкнуцца да дыялогу з калегамі. Менавіта плённае ўзаемадзеянне педагогаў дапаможа зразумець, якім шляхам развіцця рухацца далей. Па гэтай прычыне і была арганізавана канферэнцыя. Маштабны форум праходзіў не ўпершыню, але цікавасць да яго сярод настаўніцтва не згасае. Сёлета ў ім прымалі ўдзел звыш 190 педагогаў.

Тэмы, вынесеныя на абмеркаванне ў ходзе канферэнцыі, былі разнастайнымі і закраналі практычна ўсе напрамкі педагагічнай дзейнасці. Прысутныя разважалі над праблемамі якасці адукацыі, магчымасцямі павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, укараненнем інклюзіі ў навучальных установах, распрацоўкай электронных адукацыйных рэсурсаў, рэалізацыяй кластарнага падыходу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

На пленарным пасяджэнні былі дэталёва разгледжаны пытанні фарміравання ў школьнікаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі. На гэтым важным напрамку работы ўвагу прысутных акцэнтавалі прадстаўніца Смольнага інстытута Расійскай акадэміі адукацыі Наталля Радзеўская і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 189 Санкт-Пецярбурга Юлія Кузняцова. Па меркаванні дакладчыц, эфектыўнае выхаванне будучых патрыётаў магчыма праз уключэнне іх у сацыякультурную дзейнасць. А вось сфарміраваць грамадзянскую ідэнтычнасць навучэнцаў можна праз далучэнне іх да міжнародных праектаў. У гэтым калег пераканала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 34 Магілёва Іна Скобелева.

Супрацоўніца Мурманскага арктычнага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Афонькіна ў сваім выступленні закранула неабходнасць інклюзіўнай адукацыі. Прычым падкрэсліла, што ажыццяўляць гэты пераход трэба з улікам псіхалагізацыі асаблівых дзяцей. Толькі так можна дасягнуць максімальна якаснага іх навучання і паспяховай сацыялізацыі.

Асобная ўвага на пасяджэнні была ўдзелена ўкараненню рознага роду інавацый у дзейнасць навучальных устаноў, бо імклівыя змены сацыяльна-эканамічнай сферы накладваюць свой адбітак на адукацыю. З кожным годам вылучаюцца ўсё новыя патрабаванні. Каб ісці ў нагу з часам, рыхтаваць запатрабаваных у грамадстве выпускнікоў, настаўнікам трэба бесперапынна ўзаемадзейнічаць, абменьвацца перадавымі напрацоўкамі.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірыны Кусковай, адукацыйная прастора Магілёўскай вобласці — тэрыторыя для ўсіх. Педагогі тут адкрыты ўсяму новаму і станоўчаму, а таксама заўсёды гатовы падзяліцца сваім вопытам.

Увогуле, інавацыйная дзейнасць у навучальных установах рэгіёна запатрабаваная і выніковая, а педагогі праяўляюць асабістую зацікаўленасць і ініцыятыву ў яе развіцці. Ва ўстановах паспяхова ўкараняюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы. Напрыклад, у МДАІРА разглядаюцца перспектывы прымянення тэхналогіі “Хакатон”, якая з’яўляецца драйверам развіцця смарт-адукацыйнага навучання.

— “Хакатон” уяўляе сабой камандную работу розных спецыялістаў над адной канкрэтнай тэмай. На сёння гэта хуткі і дзейсны спосаб вырашэння розных профільных праблем у сістэме адукацыі. Важна, што ў адрозненне ад традыцыйных адукацыйных тэхналогій “Хакатон” прадстаўляе не толькі стварэнне ідэй-праектаў, але і паспяховае іх практыкапрымяненне ва ўстановах адукацыі. “Хакатон” мае на ўвазе і стварэнне спрыяльных умоў для бесперапыннай, хуткай і адначасова высакаякаснай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў, — расказаў калегам рэктар МДАІРА Міхаіл Жудро.

Па яго меркаванні, прымяненне “Хакатона” можа стаць перспектыўным у рэалізацыі здольнасцей педагогаў і навучэнцаў, а таксама дасць магчымасць знізіць прамыя затраты на навучанне, бо яно будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем анлайнавых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Больш падрабязна пазнаёміцца з самымі цікавымі распрацоўкамі ўсе жадаючыя маглі падчас наведвання выстаў-прэзентацый вопыту работы ўстаноў адукацыі вобласці і работ секцый. У прысутных была магчымасць не толькі дасканала азнаёміцца з любым з праектаў, але і абмеркаваць з калегамі яго эфектыўнасць.

Педагогі гэтай магчымасцю скарысталіся. Яны актыўна абменьваліся поглядамі, абмяркоўвалі паспяховасць тых ці іншых ідэй. Была прадстаўлена немалая колькасць дзейсных прапаноў, выяўлены і прааналізаваны тэндэнцыі развіцця сучаснай адукацыі на міжнародным і нацыянальным узроўнях. Пасля завяршэння канферэнцыі яе ўдзельнікі прынялі нямала канструктыўных рашэнняў, якія, магчыма, дапамогуць вырашыць надзённыя пытанні ў сферы адукацыі таго ці іншага рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.