«Школьная мама» 10-га класа Вольга Дамасевіч — пра галоўныя пастулаты дзейнасці класнага кіраўніка

- 13:25Классный классный

Падтрымаць таленавітых і дапамагчы сціплым, прывіць любоў да традыцый і даць прафесійныя арыенціры — галоўныя пастулаты дзейнасці класнага кіраўніка 10 “А” класа настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Вольгі Дамасевіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У атмасферы прыняцця і падтрымкі

Будучы класным кіраўніком, яна робіць усё магчымае, каб яе падапечныя былі радаснымі, спагадлівымі і паспяховымі людзьмі, каб не памыліліся з прафесійным выбарам і сталі шчаслівымі ў дарослым жыцці.

Больш за 20 гадоў Вольга Аляксееўна ў прафесіі. У яе скарбонцы шмат узнагарод і перамог у розных прафесійных конкурсах, не першы год яна трансліруе свой педагагічны вопыт перад студэнтамі і калегамі, дае майстар-класы. Але галоўнае дасягненне педагога — магчымасць штодзень быць неабходнай і адкрытай да сваіх вучняў.

— З самымі маленькімі (пяцікласнікамі) трэба буда­ваць дыя­лог на даверы, каб яны захацелі падзяліцца сваімі пачуццямі і перажываннямі. З першай класнай гадзіны праводжу апытанні, прашу кожнага расказаць пра сябе. Для мяне важна ўсё: што любяць, чым цікавяцца, што чытаюць і глядзяць, с кім сябру­юць, якія школьныя дысцыпліны больш падабаюцца і г.д. Я ім гавару, што з гэтага моманту з’яўляюся іх школьнай мамай, таму з любым пытаннем (запытам) яны могуць прыходзіць да мяне. Мне важна, каб дзеці паважалі адно аднаго, ведалі і памяталі, што іх школьны калектыў — гэта як маленькая сям’я, дзе кожнага бачаць, падтрымліва­юць, жадаюць поспехаў і, калі трэба, падставяць плячо ў цяжкую хвіліну. Ім падабаецца знаходзіцца ў атмасферы прыняцця і падтрымкі, — дзеліцца вопытам педагог.

Адчуваць усіх разам і кожнага паасобку

Ёй з дзяцінства хацелася ­стаць тым самым сапраўдным настаўнікам, якіх паважала і да якіх прыслухоўвалася сама ў гады вучобы. Такім, якім быў і яе дзядуля Аляксандр Андрэевіч Пась. Ён у 1950-х гадах узначальваў яе родную Парэцкую школу і выкладаў матэматыку. Яго інтэлігент­насць, сціпласць, добрасумленнасць успаміналі родныя і калегі і ставілі ў прыклад дзецям і ўнукам. У 2000 го­дзе Вольга Дамасевіч скончыла філфак Мазырскага педінстытута імя Н.К.Крупскай і засталася працаваць па размеркаванні ў Мазыры.

— Мне падабаецца, што сучасныя дзеці вельмі мэтанакіраваныя і адаптаваныя да жыцця. Яны актыўна цікавяцца ўсім, што адбываецца вакол, адкрыты да дыску­сій, паважліва ставяцца да меркаванняў іншых. Сённяшнія дзеці больш мабільныя, у іх вельмі шмат магчымасцей развіваць свае здольнасці. Для іх міжасобасныя адносіны, якія пабудаваны на даверы, павазе, шчырасці, з’яўляюцца вельмі каштоўнымі, — працягвае настаўніца.

Класны кіраўнік упэўнена, што педагогу трэба ўмець слу­хаць і чуць, глядзець і бачыць, адчуваць усіх разам і кожнага паасобку. Развіваць у дзяцей усё самае лепшае, дапамагаць, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, але тактоўна і ненадакучліва.

— Ведаеце, я родам з маленькай вёскі, была вельмі сціплай дзяўчынкай у школе, а затым студэнткай ва ўніверсітэце. Не адразу навучылася сябе прэзента­ваць, быць упэўненай і спакойнай падчас выступленняў. Мне дапамагалі любімыя педагогі, калегі, таму хачу, каб мае вучні валодалі гэтымі якасцямі ўжо са школы. А я заўсёды побач, гатова падтры­маць, даць параду, дапамагчы і словам, і справай, проста быць тым чалавекам, да якога ў любы момант можна звярнуцца. Трэба паспрабаваць зрабіць сваіх вучняў сябрамі, а бацькоў — сваімі памочнікамі, — упэўнена Вольга Аляксееўна.

Вандроўкі, сустрэчы, пастаноўкі

— Патрыятызм, сям’я, здароўе, маральнасць і інтэлект — вось тыя каштоўнасці, развіццю якіх я ўдзяляю ў сваёй рабоце вялікую ўвагу. У тым ліку і ад мяне залежыць, наколькі пазнавальным і цікавым будзе жыццё маіх вучняў, — гаворыць класны кіраўнік.

Дапамагае і тое, што яна з’яўляецца настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў сваіх падапечных. У яе з лёгкасцю атрымліваецца праз вучэбныя прадметы прывіць вучням любоў да свайго горада, свайго народа, сваёй краіны.

А кожная класная гадзіна — гэта заўсёды прадуманы і абмеркаваны з дзецьмі сцэнарый па пэўнай тэме. Усё зале­жыць ад канкрэтнага каляндарнага перыя­ду, праблем, якія існуюць у калектыве, ці падзей у свеце. Для пазакласнай работы запрашаюцца і бацькі, якія з радасцю ўдзельнічаюць у святах, тэат­ралізаваных пастаноўках.

— У пачатку навучальнага года складаецца план пазакласных мерапрыемстваў, дзе пажаданні дзяцей улічваюцца ў першую чаргу. Як я ўжо гаварыла, мае хлопчыкі і дзяўчынкі гатовы размаўляць на любую тэму. Самыя запатрабаваныя — тыя, што звязаны з нашай краінай, народнымі традыцыямі і святамі. Таксама іх хвалююць разнастайныя пытанні з сямейнай сферы, псіхалагічныя праблемы.

Традыцыйна святкуем Дзень роднай мовы: дзеці самі рыхту­юць радыёхвілінкі, апранаюцца ў нацыянальныя касцюмы. Пастаноўкі робім па творах беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і В.Вольскага “Несцерка”.

Асобным радком ідуць сустрэчы з прафесіяналамі сваёй справы. Атрымліваюцца цікавыя размовы з неардынарнымі людзьмі. Сярод нашых гасцей былі выкладчыца Мазырскага педуніверсітэта і паэтэса Галіна Дашкевіч, паспяховы трэнер па каратэ Наталля Гардынская, святар мясцовага храма і многія іншыя.

Запрашаем да размовы псіхолагаў і сацыяльнага педагога, калі ёсць такая неабходнасць, — і гэта не толькі тэсціраванне, але і прадметныя разважанні ад прафесіяналаў і шмат пытанняў ад дзяцей. Гаворым пра разнастайныя сямейныя праблемы, дзіцячую злачыннасць і яе папярэ­джанне.

З мерапрыемстваў, якія запомніліся ў мінулым навучальным годзе, адзначу “Што такое імідж?”, “Я дома, у школе і сярод сяброў”. Было шмат дыскусій і новай інфармацыі, — расказвае суразмоўніца.

Любяць дзеці і экскурсійныя паездкі па памятных месцах — Чырвоны Бераг, Ала, Тураў, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

— Безумоўна, здзяйсняем вандроўкі ў Гомель, абавязкова наведваем парк Румянцавых-Паскевічаў ці Гомельскі цырк, бываем у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава. З мэтай праф­арыентацыі традыцыйна ладзім паездкі ў Нароўлю, на кандытарскую фабрыку, — працягвае педагог.

Кола аднадумцаў сярод бацькоў і калег

— Асобнае месца ў рабоце класнага кіраўніка займае работа з бацькамі. Прапаную адразу дагаварыцца аб правілах узаема­дзеяння — любыя пытанні, у тым ліку і канфліктныя, можна абмеркаваць за круглым сталом, і мой галоўны прынцып — не шукаць вінаватых, а вырашаць пастаўленыя задачы.

Я на сувязі ў фармаце 24/7, у любы момант гатова падключыцца да любой вострай сітуацыі, якая адбылася з маімі падапечнымі.

У рабочым фармаце ў групе ў Viber з бацькамі мы завяршаем размову да 19 гадзін. Мне пашчасціла, што бацькі вельмі карэктна і культурна паводзяць сябе ў перапісках, шмат простых пытанняў вырашаецца анлайн, што вельмі зручна, бо экано­міць час. Увогуле, сёння тэхналогіі вельмі спрашчаюць нам жыццё: электронны дзённік, журнал — усё гэта запыт часу, і я падтрымліваю выкарыстанне гаджэтаў на карысць дзецям і дарослым, — гаворыць Вольга Аляксееўна.

У яе класах на працягу многіх гадоў склалася яшчэ адна добрая традыцыя: па суботах дзеці арганізоўваюць мерапрыемствы для бацькоў, а бацькі для дзяцей.

— Калі бацькі бачаць, колькі ўвагі, намаганняў і душэўнага цяпла ўкладваецца ў іх дзяцей, яны з большай павагай ставяцца да настаўніцкай працы і самі хочуць удзельнічаць і дапама­гаць сваім дзецям, рабіць іх жыццё больш насычаным, багатым на падзеі і новыя ўражанні. Важна, каб у іх былі сябры, у тым ліку дарослыя, з якімі цікава, утульна, душа адпачывае маральна і адначасова патрабуе развіцця, — зазначае настаўніца.

А яшчэ Вольга Дамасевіч упэўнена, што працуе ў цудоўнай школе, у якой вучацца самыя таленавітыя дзеці і працуюць самыя творчыя настаўнікі.

— У педагагічнай прафесіі важна мець кола аднадумцаў і магчымасць размаўляць на адной мове, абмяркоўваць значныя пытанні, апелюючы да базавых каштоўнасцей. Наш педагагічны калектыў, наша школьная сям’я — гэта і ёсць тое кола для мяне, бо іх прафесіяналізм захапляе і натхняе. Таму хочацца і далей быць на хвалі часу і новых перамог, — падагульняе педагог.

 Таццяна ЛАПАЦІНА
Фота з архіва Вольгі Дамасевіч