Чэмпіён свету па самба і ўладальнік прэміі Fair Play Сцяпан Папоў правёў майстар-клас для лепшых юных матэматыкаў краіны. Шосты школьны дзень навучэнцы сталічнай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага правялі ў кампаніі мацнейшага самбіста свету. Сцяпан Папоў стаў сусветна знакамітым пасля І Еўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў сталіцы Азербайджана Баку ў 2015 годзе.
Цікава, што папулярнасць яму прынесла не столькі перамога над азербайджанцам Амілем Гасымавым, колькі той факт, што, сур’ёзна траўміраваўшы саперніка падчас правя-дзення болевага прыёму, беларус вынес яго з татамі на ўласных плячах, прадэманстраваўшы тым самым высакароднасць спартыўнага характару. Сцяпан Папоў стаў першым самбістам у свеце, які атрымаў пачэсную прэмію Fair Play.
Гасцямі сустрэчы сталі навучэнцы гімназіі, сярод якіх мацнейшыя юныя матэматыкі краіны, пераможцы і прызёры матэматычных турніраў. “У якім узросце пачалі займацца самба? Вам удалося неверагоднае: вы адзіны, хто атрымаў прэмію за высакароднасць, траўміраваўшы нагу саперніка? Ці ёсць у вас сапернікі на рэспубліканскім узроўні?”
У чэмпіёна і васьмікласнікаў аказалася шмат агульнага. Першым пунктам сутыкнення стаў той факт, што свой шлях у самба Сцяпан Папоў пачаў якраз у іх узросце. А потым аказалася, што і ў самба, і ў матэматыцы надзвычай важным з’яўляецца дакладны разлік. Майстар-клас у спартыўнай зале гімназіі яшчэ раз даказаў, што вагавая катэгорыя практычна не мае значэння, калі ты ўмееш “рашыць ураўненне” на барцоўскім дыване.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Марыі КАЖДАН.