Школьны музей касманаўтыкі

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Дзень авіяцыі і касманаўтыкі адзначаецца па ўсім свеце як напамін аб трыумфе інтэлекту чалавека і пачатку новай эры існавання чалавецтва. Асаблівыя адносіны да гэтага дня на Чэрвеньшчыне, бо тут кожны школьнік ведае, што касманаўт Алег Навіцкі — іх зямляк. І сёлета Дзень касманаўтыкі Алег Віктаравіч святкуе, знаходзячыся ў космасе.

Каб хлопцы і дзяўчаты больш ведалі пра земляка, які літаральна дасягнуў касмічных вышынь, у сярэдняй школе № 2 імя А.К.Флегантава дзейнічае музей касманаўтыкі. Алег Віктаравіч скончыў менавіта гэтую школу і прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця музея ў 2013 годзе. Касманаўт перадаў музею шмат экспанатаў: уласныя рэчы, якімі карыстаўся ў космасе, на касмічнай станцыі, прадукты харчавання, фота- і відэаматэрыялы, сувеніры. А.В.Навіцкі — часты госць школы. Яго візіты становяцца сапраўднай падзеяй для вучняў. Таксама з радасцю вітаюць на розных мерапрыемствах школы і раёна маму касманаўта — Валянціну Эдуардаўну Навіцкую, якая жыве ў Чэрвені.

Музей пачынаў сваю дзейнасць з адзінай залы, прысвечанай жыццю і дзейнасці А.В.Навіцкага. А нядаўна з’явілася новая зала, якая расказвае аб гісторыі развіцця астраноміі ў старажытным свеце і ў эпоху сярэднявякоўя. У хуткім часе з’явіцца і трэцяя, прысвечаная гісторыі развіцця савецкай касманаўтыкі.

На жаль, плошча музея абмежаваная і не дазваляе выставіць абсалютна ўсе прадметы і відэаматэрыялы, колькасць якіх павялічваецца, таму зараз у школе працуюць над стварэннем віртуальнага музея касманаўтыкі, які пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій будзе даступны шырокай аўдыторыі. Тым больш што ва ўстанове распрацаваны педагагічны праект “Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе стварэння віртуальнага музея касманаўтыкі”, дзейнічае таксама аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”, распрацаваны рознаўзроставыя экскурсіі ў музеі, якія праводзяць школьнікі. Вучні школы № 2 займаюцца даследчай дзейнасцю і часта выбіраюць для вывучэння касмічныя тэмы, штогод прымаюць удзел у Гагарынскіх чытаннях.

Алег Навіцкі для мясцовых хлопчыкаў і дзяўчат — сапраўдны герой. Яго прыклад даказвае кожнаму, што ўсё ў руках чалавека: яго лёс, будучыня, здзяйсненне мар. Няважна, дзе ты нарадзіўся — у вялікім горадзе ці маленькім мястэчку. Каб дабіцца свайго, варта працаваць над сабой і ісці да сваёй мэты. “Калі вельмі захацець, можна ў космас паляцець” — гэты выраз у дадзеным выпадку набывае асаблівае гучанне.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.