Школьнікі на факультатыве навучацца правяраць дакладнасць інфармацыі і правільна выбудоўваць журналісцкі тэкст

- 10:28Образование

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў прафесію журналіста» зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 22 кастрычніка 2024 г. № 129. Такая інфармацыя апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Факультатыў прызначаны для 8—9-х класаў і разлічаны на 69 гадзін (35 — у 8-м, 34 — у 9-м). Прычым колькасць гадзін, адведзеных на асваенне асобнай тэмы, з’яўляецца прыкладнай і залежыць ад відаў дзейнасці, якія арганізуе настаўнік, і вучэбна-пазнавальных магчымасцей школьнікаў. Педагог мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне асобных тэм у межах праграмы.

Факультатыў накіраваны на азнаямленне з журналістыкай як асаблівым відам інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці, аналіз яе асноўных кампанентаў. Школьнікі атрымаюць уяўленне аб базавых навыках журналіста, яго правах і абавязках, прафесійных і этычных прынцыпах работы ў прафесіі, спецыфіцы падачы аўдыявізуальнай і тэкставай інфармацыі. Будзе ўдзелена ўвага манеры паводзін і знешняму выгляду прадстаўнікоў гэтай сферы. Раскажуць і аб функцыянаванні рэдакцыі СМІ. Падчас заняткаў будуць сфарміраваны ўменні аналізаваць прадукты інфармацыйнай дзейнасці, школьнікі навучацца праводзіць адбор інфармацыі, правяраць яе дакладнасць і крыніцы; правільна і лагічна выбудоўваць журналісцкі тэкст у залежнасці ад жанравай прыналежнасці і мэтавай аўдыторыі; ствараць публікацыі для СМІ сваёй узроставай групы; прэзентаваць вынікі ўласнай дзейнасці.

Таксама школьнікі азнаёмяцца з асноўнымі палажэннямі Законаў Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З «Аб сродках масавай інфармацыі», ад 10 мая 2007 г. № 225-З «Аб рэкламе», ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», Кодэкса прафесійнай этыкі журналіста і інш.

Факультатыў павінен быць накіраваны на стымуляванне вучэбнай дзейнасці школьніка, развіццё самастойнасці. Педагог можа прапаноўваць дзелавую гульню, практычныя заняткі, дыспут, дыскусію і іншыя актыўныя метады.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі