Школьнікі падзяліліся святочным настроем з пажылымі людзьмі

- 12:36Інфармацыйная гадзіна

Вучні 5—11-х класаў Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы па традыцыі павіншавалі жыхароў Мінскага дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў з навагоднімі і каляднымі святамі.

Школьнікі прыехалі ў падшэфную ўстанову, каб у гэтыя марозныя дні сагрэць пажылых людзей святочным настроем. Напярэдадні Старога Новага года юныя сябры прывезлі жыхарам дома-інтэрната свае цёплыя віншаванні і смачныя падарункі: мёд з падворка кіраўніка дзяржавы, 1,5 т бульбы з прэзідэнцкага агарода, а таксама джэмы, морсы і варэнне з гаспадаркі “Александрыйскае”. Адным словам, усё, што дапамагае халоднай зімой умацоўваць здароўе.

У мінулым годзе вучні падарылі дому-інтэрнату на навагоднія святы двух ільвінагаловых трусоў з гаспадаркі кіраўніка дзяржавы. Жывёлы так палюбіліся жыхарам, што школьнікі вырашылі зноў папоўніць мясцовы падворак. На гэты раз падарункам сталі дзве козачкі — Дуся і Вера зааненскай пароды — адной з самых вядомых і паважаных парод малочнага напрамку. Жывёлы пераехалі сюды таксама з гаспадаркі прэзідэнта.

Па традыцыі школьнікі да кожнага свята рыхтуюць для жыхароў падшэфнай установы тэматычныя праграмы. Гэты год не стаў выключэннем. Вершы і проза, музычныя і танцавальныя кампазіцыі — усё гэта аб’ядналася ў канцэрце “Калядныя фантазіі”. Яго ўдзельнікам стаў і малодшы сын кіраўніка беларускай дзяржавы Мікалай Лукашэнка.

Вучні Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы не першы раз адзначаюць Новы год з жыхарамі дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў. Іх сяброўства завязалася яшчэ ў час наведвання гэтай установы Прэзідэнтам Беларусі, калі адным з сюрпрызаў для жыхароў інтэрната стаў спектакль у выкананні класа, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка.