Сённяшнія паставіцкія школьнікі не толькі ведаюць, што існуе асаблівы традыцыйны паставіцкі ручнік, але і здольны яго стварыць. Яны ўмеюць працаваць за кроснамі і ткаць паясы. А ўсё дзякуючы таму, што ў Паставіцкай сярэдняй школе вялікую ўвагу ўдзяляюць вывучэнню самабытных этнакультурных традыцый роднага краю.
Нярэдка выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай свядомасці ажыццяўляецца праз далучэнне дзяцей да культуры беларускага народа, нацыянальных традыцый. У Паставіцкай сярэдняй школе засяродзілі ўвагу на вывучэнні роднага Старадарожскага раёна — унікальнага краю, дзе захаваліся цікавыя звычаі і абрады, многія віды рамёстваў. Асабліва захапіліся школьнікі ткацтвам. Яны даведаліся, што ў іх мясцовасці былі свае сакрэты гэтага майстэрства, што на Старадарожчыне ёсць свае, непаўторныя арнаменты для ручнікоў.
У школе рэалізаваны педагагічны праект “Стварэнне сістэмы патрыятычнага выхавання на аснове далучэння навучэнцаў да нацыянальнай культуры Старадарожчыны”. З 1979 года ў школе дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей гісторыі вёскі Паставічы. Яго экспазіцыі расказваюць пра быт сялянскай вёскі, гісторыю вёскі Паставічы і вясковай школы, Старадарожчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны, славутых землякоў. Музей заўсёды быў цэнтрам маральнага і патрыятычнага выхавання школы, а ў рамках праекта яго роля значна ўзрасла.
Дзякуючы рэалізацыі праекта, у школе актывізавалася даследчая, турысцка-краязнаўчая і творчая дзейнасць. Юныя краязнаўцы здзейснілі шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі і паходы, каб даследаваць рамёствы роднага краю і іх асаблівасці. Былі распрацаваны 9 маршрутаў этнаграфічных экспедыцый па вывучэнні ткацтва і фальклорных свят. Цяпер па гэтых маршрутах праводзяцца экскурсіі.
Цікавую інфармацыю дзеці знаходзілі ў літаратуры і гутарках з мясцовымі жыхарамі. Вельмі карыснымі былі і сустрэчы-кансультацыі з народнымі майстрамі Беларусі Таццянай Рыгораўнай Міхалькевіч і Галінай Рыгораўнай Бураўцовай.
Сабраныя матэрыялы былі сістэматызаваны і выкарыстаны. Папоўнілася экспазіцыя музея, былі вызначаны “7 цудаў Старадарожчыны”, дзеці стварылі шэраг глыбокіх даследчых работ. На падставе сабраных матэрыялаў ладзіцца работа творчай майстэрні “Ткацтва” і школьнага клуба “Народны каляндар”.
У творчай майстэрні “Ткацтва”, што дзейнічае на базе школьнага краязнаўчага музея, развіваюцца традыцыйныя народныя рамёствы: ткацтва на станках, ткацтва на дошчачках, мастацкая набіўка дываноў. Вывучыўшы старажытныя сакрэты мясцовых майстроў, школьнікі вырабляюць адзенне, прадметы побыту, сувеніры з выкарыстаннем традыцыйных для Старадарожчыны тэхнік і тэхналогій ткацтва, народных узораў у ткацтве і вышыўцы.
У майстэрні працуюць два ткацкія станкі, якія захаваліся ў мясцовых жыхароў з даўніх часоў. Сёння на іх працуюць школьнікі. Ствараюць тут і традыцыйныя старадарожскія паясы — даўней іх ткалі па спецыяльнай тэхналогіі на дошчачках. Так дзеці папаўняюць музейныя экспазіцыі. Педагогі школы ствараюць метадычныя рэкамендацыі, аўтарскія праграмы для гурткоўцаў па ткацтве, вырабе паясоў, вышыўцы. Школьнікі, якая засвоілі ткацкае майстэрства, дзеляцца сваімі ўменнямі на практычных занятках і майстар-класах.
Удзельнікі школьнага клуба “Народны каляндар” збіраюць фальклорны матэрыял і ладзяць народныя святы ў школе. Напрыклад, усім запомніліся “Паставіцкі асенні кірмаш” і “Панарама зімніх свят”.
Паставіцкія школьнікі захапляюцца непаўторнай прыгажосцю кожнага ручніка, вышытага дывана, расшытага народнага адзення. Яны зразумелі, наколькі ўнікальная і самабытная гэтая з’ява, і разам з тым пранікліся павагай да нашых продкаў, якія гэтай справай займаліся. І гэтая павага перарастае ў павагу да роднай краіны, сапраўдны патрыятызм.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі.