Школьны медыястарт: у Радунскай СШ Воранаўскага раёна дзейнічае медыяцэнтр «ТэТрыС»

- 10:04Новости

Вучні Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна пры падтрымцы педагогаў здымаюць відэасюжэты і публікуюцца на старонках раённай газеты. Другі год ва ўстанове адукацыі дзейнічае медыяцэнтр “ТэТрыС”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У мінулым годзе вопыт яго работы адзначаны на ўзроўні краіны. Школьныя медыйцы сумесна з педагогам Наталляй Талчковай атрымалі дыплом ІІ ступені ў адной з намінацый маладзёжнага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2023”.

Медыяцэнтр у Радунскай ся­рэдняй школе пачаў сваю гісторыю ў 2022 годзе. Але шлях да яго адкрыцця пачаўся значна раней.

— Стварэнне і развіццё свое­асаблівага школьнага прэс-цэнт­ра са сваёй газетай і выпускам школьных тэленавін было закла­дзена Францішкай Францаўнай Габіс яшчэ ў 2006 годзе. З таго часу рэгулярна выходзіць газета “Школа і мы”, а з 2011 года яе змест дапаўняюць выпускі перадачы школьнага тэлебачання “Вялікі перепынак”, — знаёміць з гісторыяй школьнага холдынга дырэктар установы адукацыі Святлана Пачобут.

Родапачынальнік медыйнай справы ў школе заслугоўвае асаблівай увагі. Ужо амаль пяць дзесяцігоддзяў Францішка Габіс непарыўна звязана з установай адукацыі. Больш за 30 гадоў яна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Прафесіяналізм педагога адзна­чаны граматамі і лістамі па­дзякі Міністэрства адукацыі, а ў 1983 годзе яна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”.

— Творчы чалавек таленавіты ва ўсім, — з гордасцю дадае Святлана Пачобут. — Сёння Францішка Францаўна з’яўляецца кіраўніком узорнага ансамбля танца “Радунскія салавейкі”, які ў тым ліку пад яе кіраўніцтвам не раз станавіўся пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.

З мінулага года юныя медыйцы з Радуні ў дыстанцыйнай форме праходзяць навучанне ў студыі юнага журналіста “МедыяSTART” рэгіянальнага ўніверсітэта.

Педагог з вялікім вопытам работы з дзецьмі шчодра дзеліцца сваімі ведамі з кіраўніком школьнага медыяцэнтра настаўніцай рус­кай мовы і літаратуры Наталляй Талчковай.

— Мы разумелі, што трэба выходзіць на новы ўзровень. Пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта арганізавалі ў школе студыю і абсталявалі яе тэхнікай. У рамках дагавора паміж Воранаўскім райвыканкамам і Гро­дзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы наладжана супрацоўніцтва з кафедрай журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і рэдакцыяй “Воранаўскай газеты”, — працягвае размову Наталля Іванаўна.

Назва медыяцэнтра “ТэТрыС” расшыфроўваецца як “тэрыторыя творчасці і стварэння” і адлюстроўвае сутнасць работы школьнікаў і педагога — збі­раць інфармацыю і прадстаўляць яе ў выглядзе гатовага медыяпра­дукту.

Наколькі паспяхова гэта атрымліваецца ў вучняў? Выпускі школьных тэленавін трансліруюцца на экранах у школьных фае, а матэрыялы праекта “За кад­рам”, які прысвечаны маладым спецыя­лістам — ураджэнцам рэгіёна, друкуюцца на старонках не толькі школьнай, але і раённай газеты.

Да таго ж у бягучым навучальным годзе ў школе распачаты яшчэ адзін праект — “Да вытокаў духоўнасці”. Ён прадугледжвае інтэрв’ю вучняў са святарамі на тэму духоўна-маральных аспектаў жыцця, якія трансліруюцца ў форме падкастаў.

— Сваё медыйнае слова нашы школьнікі нясуць далёка за межы ўстановы адукацыі. Матэрыялы праекта публікуюцца на школьным YouTube-канале і афіцыйных старонках нашай установы ў сацыяльных сетках, на інтэрнэт-пляцоўцы “Медыядом” кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, — заўважае Наталля Талчкова.

У пачатку гэтага навучальнага года сабраная педагогамі школы інфармацыя аб ветэранах педагагічнай працы  ўвайшла ў раённую кнігу “Лёс краіны ў руках настаўнікаў”. Для школьных медыйцаў яна стала пунктам адліку маштабнай работы па стварэнні відэасюжэтаў аб ветэранах педагагічнай працы. А адным з першых вынікаў абагульнення сабранай інфармацыі стала афармленне тэматычнага стэнда ў школьным фае.

Адна з выпускніц Радунскай школы сёння вучыць студэнтаў —  Святлана Хвясько працуе на кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Варта адзначыць, што напярэдадні важных гістарычных дат вучні рыхтуюць спецыяльныя выпускі школьнай газеты з дай­джэстам гістарычнай інфармацыі. Галоўнай яе крыніцай для радунскіх школьнікаў з’яўляецца вэб-сайт “Адкрываем Радунь ра­зам” — сумесная распрацоўка вучняў і настаўніка інфарматыкі.

— Усё новае дзеці заўсёды ўспрымаюць з энтузіязмам і натхненнем. Калі пачалі работу па выпуску школьных тэленавін, некалькі нашых выпускнікоў штогод паступалі на спецыяльнасць “Журналістыка”. А некаторыя з іх пачалі ўжо прафесійны шлях у гэтай сферы, — адзначае Францішка Габіс.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара