Школьныя бізнес-кампаніі: выхаванне прадпрымальнасці

- 10:48Навіны рэгіёнаў

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць зараз адразу ў 140 краінах свету. Беларусь таксама далучылася да гэтай ініцыятывы: 5 гадоў у нашай краіне праводзяцца мерапрыемствы, якія закліканы спрыяць росту эканомікі і паляпшэнню дабрабыту людзей.

Апошнім часам усё часцей гучаць меркаванні аб неабходнасці выхавання прадпрымальнасці ў дзяцей, фарміравання ў іх эканамічных ведаў. Можна доўга спрачацца на гэты конт, але трэба прызнаць, што падобныя веды і навыкі будуць карыснымі ў дарослым жыцці, дапамогуць набыць самастойнасць і поспех як у рабоце, так і ў штодзённых справах. Цікавы вопыт у развіцці прадпрымальнасці прадстаўлены ў Мінскай вобласці. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу дзейнасць школьных бізнес-кампаній. У тыдзень прадпрымальнасці мы размаўляем з Марынай Аляксееўнай Красновай, прарэктарам па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, аб тым, як развіваюць прадпрымальнасць у навучэнцаў устаноў Міншчыны, пра дасягненні і праблемы ў гэтым кірунку.

— Марына Аляксееўна, ці можна сёння гаварыць аб сістэме работы па развіцці ў навучэнцаў навыкаў прадпрымальніцтва?

— У рэспубліцы шмат робіцца для развіцця прадпрымальніцтва. Вялікая ўвага гэтаму пытанню ўдзяляецца ў Мінскай вобласці. Для навучэнцаў праводзяцца факультатыўныя заняткі эканамічнай накіраванасці, педагогі вучацца ў Мінскім абласным ІРА і павышаюць сваю кваліфікацыю. Ва ўстановах адукацыі вобласці ствараюцца бізнес-кампаніі, якія сталі візітнай карткай Міншчыны. Даволі часта дзейнасць школьных бізнес-кампаній накіравана на рашэнне сацыяльных праблем свайго раёна і грунтуецца на прынцыпах устойлівага развіцця.

— Такім чынам, стаўка ў гэтай рабоце робіцца на бізнес-кампаніі? Колькі іх сёння дзейнічае на Міншчыне?

— У Мінскай вобласці першыя школьныя бізнес-кампаніі з’явіліся ў 2011 годзе. Тады іх было ўсяго чатыры. Іх колькасць пастаянна расце. У гэтым навучальным годзе кампаній ужо больш за 130, у іх склад уваходзіць звыш 1000 навучэнцаў. Адзначу, што тыя бізнес-кампаніі, з якіх усё пачыналася, існуюць і ў цяперашні час. Найбольш актыўна бізнес-кампаніі развіваюцца ў Мінскім раёне, дзе іх адкрыта 26, Дзяржынскім — 25, Маладзечанскім — 19, Мядзельскім — 15.

Дарэчы, сёння мы найчасцей ужываем паняцце “школьныя бізнес-кампаніі” (ШБК), але гэта ўмоўная назва, бо такія кампаніі актыўна ствараюць і ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Наша газета раней пісала пра бізнес-кампаніі, і ўважлівы чытач мае ўяўленне, як арганізавана іх работа. А як адбывалася станаўленне такіх аб’яднанняў, што стала падмуркам для іх узнікнення?

— Усё пачалося з таго, што ўпраўленне адукацыі і савет па развіцці прадпрымальніцтва Мінаблвыканкама прааналізавалі заканадаўства, а затым распрацавалі і зацвердзілі на мясцовым узроўні прыкладнае палажэнне аб школьнай бізнес-кампаніі ўстановы адукацыі. Вывучэнне і ўкараненне дзейнасці школьных бізнес-кампаній ажыццяўлялася ў рамках эксперыментальнага і інавацыйнага праектаў рэспубліканскага ўзроўню: былі адпрацаваны механізмы стварэння і функцыянавання школьных бізнес-кампаній, апісаны ўмовы, неабходныя для іх паспяховай дзейнасці, а таксама вылучаны абмежаванні. Па выніках эксперыментальнага праекта распрацаваны метадычныя рэкамендацыі. Адначасова МАІРА пачаў праводзіць навучанне і павышэнне кваліфікацыі педагогаў, якія з’яўляліся кіраўнікамі ШБК.


— Ці ахвотна навучэнцы далучаюцца да работы?

— Так, ахвотна. На першапачатковым этапе, канечне, даводзілася зацікаўліваць, тлумачыць, што такое школьныя бізнес-кампаніі. Цяпер, калі механізм запушчаны, дзеці самі прыходзяць сюды, таму што бачаць вынікі работы сваіх сяброў. Практычна ўсе навучэнцы задаволены ўдзелам у бізнес-кампаніях. Хоць дзейнасць ШБК нельга назваць у поўным сэнсе прадпрымальніцкай, але яна з’яўляецца рэальнай. Школьнікі даследуюць свой рынак, праводзяць сапраўдную рэкламную кампанію, вырабляюць прадукты і паслугі, неабходныя ў іх мясцовасці. Дзеці зарабляюць грошы і вучацца іх выкарыстоўваць. І калі спачатку навучэнцы думаюць толькі пра заробак, то пазней пачынаюць думаць ужо пра развіццё бізнесу, пра школу і частку заробленых грошай накіроўваюць на развіццё кампаніі і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы сваёй установы адукацыі.

— Бізнес-кампаніі ва ўстановах адукацыі — з’ява для нашай краіны даволі новая і ў той жа час цікавая. Ці дзеляцца арганізатары кампаній вопытам з калегамі? Дзе можна азнаёміцца з іх дзейнасцю?

— Зразумела, вопытам з калегамі дзелімся, бо вопыт гэты, як мы пераканаліся за апошнія гады, карысны. Школьныя бізнес-кампаніі Мінскай вобласці ўдзельнічаюць у шматлікіх абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Напрыклад, у 2013 годзе ў Валожынскім раёне быў праведзены рэспубліканскі семінар “Стварэнне і дзейнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці школьных бізнес-кампаній. Вопыт і перспектывы” з удзелам Міністэрства адукацыі. ШБК прымаюць удзел у штогадовых выставах-кірмашах, якія праходзяць напярэдадні новага навучальнага года, у рамках абласных канферэнцый педагагічных работнікаў. У 2015 годзе нашы школьныя бізнес-кампаніі былі прадстаўлены на прымеркаванай да Дня беларускай навукі выставе дасягненняў маладзёжнай навукі і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Вясной 2016 года быў праведзены першы абласны фестываль школьных бізнес-кампаній, пакуль адзіны ў рэспубліцы. Цікавасць да гэтага мерапрыемства праявіў дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі.

— Раней вы гаварылі пра карысць стварэння бізнес-кампаній. Аднак у кагосьці можа скласціся ўражанне, што іх дзейнасць арыентуе школьнікаў выключна на матэрыяльныя каштоўнасці, даволі рана робіць дзяцей прагматычнымі, апантанымі грашыма і заробкам. Ці так гэта? Якія мэты ставяцца пры стварэнні бізнес-кампаній?

— Калі ствараліся першыя бізнес-кампаніі ў школах, асноўную мэту мы бачылі ў падрыхтоўцы навучэнцаў да жыцця і працы ў рыначных умовах, паспяховай прадпрымальніцкай дзейнасці. Але, арганізоўваючы работу кампаній, мы прыйшлі да высновы, што дзяцей трэба не проста вучыць прадпрымальніцтву, а фарміраваць у іх такую ключавую кампетэнцыю, як прадпрымальнасць. Гэта тая якасць, якая неабходна кожнаму чалавеку незалежна ад таго, чым ён будзе займацца ў жыцці. Яна спрыяе поспеху не толькі ў прадпрымальніцтве, але і ў прафесійнай дзейнасці, дапамагае развівацца і быць актыўным членам грамадства.

Даволі хутка мы зразумелі, што і гэтага недастаткова. Школьнікам неабходна паўнавартасная эканамічная адукацыя. На жаль, у рамках вучэбных прадметаў эканамічных ведаў недастаткова, і школьнікі выходзяць у жыццё слаба падрыхтаванымі ў эканамічных адносінах. Таму ўсё ж галоўная мэта — гэта атрыманне навучэнцамі сістэматычных ведаў па эканоміцы і фарміраванне ў іх эканамічных паводзін. Менавіта таму, удзельнічаючы ў ШБК, школьнікі атрымліваюць бясцэнны вопыт. Такім чынам, размова не ідзе аб выхаванні карыслівых, апантаных грашыма людзей, а аб выхаванні асоб, гатовых да рэалій жыцця, здольных выбудоўваць сваю траекторыю поспеху і рухацца па ёй.

— Каб ШБК не толькі існавалі, але і развіваліся далей, дапамагалі вырашаць пастаўленыя задачы, неабходна метадычная арганізацыйная падтрымка. Як яна ажыццяўляецца?

— Першапачаткова галоўны акцэнт мы рабілі на навучанні педагогаў таму, як стварыць і арганізаваць дзейнасць школьных бізнес-кампаній. Цяпер жа мы разглядаем школьныя бізнес-кампаніі як элемент эканамічнай адукацыі. Практычна ва ўсіх школах, дзе ёсць бізнес-кампаніі, вядуцца факультатыўныя заняткі эканамічнай накіраванасці. Штогод іх наведвае каля 1500 навучэнцаў. Настаўнікі не маюць эканамічнай падрыхтоўкі, таму ў МАІРА арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі, праводзяцца вучэбныя мерапрыемствы, каб падрыхтаваць педагогаў да правядзення згаданых факультатываў.

На сайце МАІРА створана старонка “Эканамічная адукацыя навучэнцаў”, дзе можна знайсці сістэматызаваную інфармацыю аб школьных бізнес-кампаніях вобласці, мерапрыемствах, якія праводзяцца, аб вучэбных і метадычных матэрыялах, якія могуць быць выкарыстаны ў рабоце. Каб кіраўнікі школьных бізнес-кампаній маглі мець зносіны паміж сабой і атрымліваць неабходную кансультацыю, створана сеткавая суполка. Зараз ідзе яе апрабацыя, таму гэта пакуль закрытая суполка, дзе ўзаемадзейнічаюць толькі ўстановы адукацыі Мінскай вобласці.


— Пройдзены немалы шлях. Верагодна, ён не быў без перашкод. З якімі праблемнымі сітуацыямі давялося сустыкнуцца, арганізоўваючы дзейнасць ШБК, работу па развіцці прадпрымальнасці ў дзяцей?

— На жаль, у рэспубліцы адсутнічае сістэма эканамічнай адукацыі навучэнцаў. Дзяржаўная праграма “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь” на 2016—2020 гады нацэльвае на развіццё школьных бізнес-кампаній як спосабу развіцця прадпрымальніцтва. Саветам Мiнiстраў i Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь прыняты План сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013—2018 гады. Але гэта толькі асобныя пытанні эканамічнай адукацыі навучэнцаў, а неабходна цэласная сістэма, якая ахоплівала б навучанне дзяцей пачынаючы з дашкольнага ўзросту, і ўключала б у сябе ўсе аспекты эканамічнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Не хапае вучэбнай літаратуры для школьнікаў і метадычнай літаратуры для педагогаў.

Калі гаварыць пра школьныя бізнес-кампаніі, то іх дзейнасць ускладняецца тым, што няма неабходнага заканадаўства, якое вызначала б умовы работы вучняў у бізнес-кампаніях, выплаты ім заработнай платы, пытанні падаткаабкладання і іншае. У Германіі, напрыклад, дзейнасць школьных фірм падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, рэгламентуецца заканадаўствам. Бізнес-кампаніям аказваецца разнастайная падтрымка: кансультацыі ў арганізатарскіх, фінансавых і прававых пытаннях, павышэнне кваліфікацыі педагогаў, абмен вопытам паміж школьнымі фірмамі, пасяджэнні рэгулярна дзеючай рабочай групы і г.д. Акрамя таго, работа ў школьных фірмах уваходзіць у педагагічную нагрузку.

Сусветны вопыт паказвае, што ў шматлікіх краінах прадпрымальнікі і супрацоўнікі банкаў лічаць сваім абавязкам удзельнічаць у навучанні школьнікаў і на валанцёрскіх пачатках праводзяць заняткі з дзецьмі, прычым робяць гэта пастаянна. У асяроддзі беларускіх прадпрымальнікаў такіх пакуль мала. Аднак мы ўпэўнены, што сітуацыя паступова зменіцца да лепшага, як упэўнены і ў тым, што школьныя бізнес-кампаніі можна і трэба развіваць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.