Школьныя будні маладога спецыяліста сталічнай школы № 54 імя Я.У. Клумава — суцэльнае свята

- 14:40Первое рабочее место

23-гадовы педагог-арганізатар сталічнай школы № 54 імя Я.У.Клумава Кірыл Громаў не толькі стварае з дзецьмі тэатральныя пастаноўкі, канцэртныя праграмы і рыхтуе школьнікаў да конкурсаў. Ён з’яўляецца вядучым рэспубліканскіх конкурсаў, выступае рэжысёрам і арганізатарам маштабных шоу-праграм, спрабуе сябе ў ролі спевака беларускай эстрады і аўтара песень, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

І педагог, і артыст

Скончыўшы сярэднюю школу № 7 Крычава з залатым медалём, юны Кірыл марыў пра акцёрскую кар’еру і ў 2018 годзе прыехаў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

У дзяцінстве я займаўся акцёрскім майстэрствам, скончыў музычную школу па класах акардэона і эстраднага вакалу. Увесь час выступаў на школьнай сцэне, таму бачыў сябе артыстам, рэжысёрам, арганізатарам масавых мерапрыемстваў. Падчас вучобы на 3 курсе па спецыяльнасці “Педагогіка сацыяльна-культурнай дзейнасці”, набыўшы навыкі сцэнарыста, арганізатара і рэжысёра, адправіўся працаваць у сярэднюю школу № 54 Мінска, дзе патрабаваўся педагог-арганізатар. У работу ўключыўся хутка, і першапачатковы ўнутраны страх змяніла ра­зуменне, што мне падабаецца працаваць з падлеткамі, якія прагнуць спяваць, танцаваць, пражываць розныя ролі на сцэне, якія ўбіраюць у сябе кожнае тваё слова, жэст, рух. Прызнацца, надзвычай прыемна ба­чыць, як учарашні сціплы хлопец ці дзяўчына сёння смела трымае мікрафон у руках, вядзе канцэрт ці спявае. Прыемна ўсведамляць, што ты маеш дачыненне да гэтай трансфармацыі.

У гады студэнцтва Кірыл Громаў заняў 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года”, перамог у міжнародным конкурсе “Містар і міс Універсітэт” (Масква). А летась прыняў удзел у педагагічным конкурсе і дайшоў да фіналу “SuperПРОФИ”.

Мой суразмоўнік працуе ў школе трэці год і з упэўненасцю гаворыць, што ўжо не ўяўляе сябе без педагогікі. Зрэшты, у маладога настаўніка атрымліваецца самарэалізоўвацца і ў іншых напрамках. Ён з’яўляецца вядучым рэспубліканскіх конкурсаў, выступае рэжысёрам і арганізатарам маштабных шоу-праграм, спрабуе сябе ў ролі спевака беларускай эстрады і аўтара песень.

Тонкасці арганізатарскага майстэрства

Сёння падапечныя педагога-арганізатара — гэта падлеткі, навучэнцы 8—11 класаў. Але да стварэння тэатральных пастановак, канцэртных праграм нярэдка далучаюцца і малодшыя школьнікі. Напрыклад, у навагоднім спектаклі “Снежная каралева” ролі галоўных герояў Кая і Герды выконвалі вучні 4—5 класаў.

— Усё пачынаецца з ідэі, якую адначасова абдумваюць усе тры школьныя педагогі-арганізатары, праводзячы мазгавы штурм. Улічваюцца спектаклі, якія не так даўно ставіліся, каб пазбегнуць паўтору сюжэтных ліній, перасячэння персанажаў, — расказвае Кірыл Громаў. — Імкнёмся прыдумаць новы цікавы сюжэт або бяром за аснову вядомую казку, якой абавязкова надаём новае гучанне. Затым паглыбляемся ў дэталі: прадумваем дэкарацыі і касцюмы, пішам сцэнарый. У нашай навагодняй гісторыі Герда адправілася на пошукі Кая ў царства Снежнай каралевы ў суправаджэнні іранічнага і бурклівага троля Орна, вернага слугі ўладаркі ледзянога сэрца, што надае казцы асаблівы каларыт. Там дзеці павінны дапамагчы ёй стварыць чароўнае люстэрка для ўлады над усім светам. На працягу ўсіх прыгод і сустрэч з іншымі персанажамі Герда імкнецца перавыхаваць вечна незадаволенага балбатуна троля, абудзіць у ім каханне, дабрыню, чалавечнасць…

Ужывацца ў ролю дзецям дапамагаюць няхітрыя заданні з курса акцёрскага майстэрства, у прыватнасці, выкананне тэатральных эцюдаў “Я ў прапанаваных сітуацыях”, дзе мае сэнс кожная дэталь: паходка, погляд, пастава, жэсты, міміка. Гэта спрыяе развіццю навыку імправізацыі, умення дзейнічаць у прапанаваных сітуацыях, сцэнічнай увагі.

Як адзначае педагог, работа над пастаноўкай аказвае вялікі ўплыў на юных акцё­раў. Яшчэ некаторы час пасля прэм’еры яны знаходзяцца пад уздзеяннем сыграных вобразаў, прагаворваюць перад аднакласнікамі свае рэплікі. Асабліва гэта карысна, калі закранаюцца сур’ёзныя і важныя тэмы, у прыватнасці, ваенна-патрыятычныя. Іх прапрацоўкай падлеткі займаюцца разам з настаўнікам. Так, напрыклад, было з тэатральнай пастаноўкай “Рэха ваенных гадоў”, дзе трагедыя Вялікай Айчыннай вайны па­казана праз зборны вобраз дзяцей вайны.

— Тады мы вывучалі дакументы, звязаныя з расследаваннем Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа: шукалі інфармацыю пра дзяцей, якія сталі ахвярамі генацыду ў перыяд вайны, пра тых, каму ўдавалася збегчы з канцлагераў. Адштурхоўваючыся ад знойдзенай інфармацыі, зрабілі 20-мінутны спектакль, у якім галоўныя героі — 5 дзяцей і салдат. Халоднай, снежнай зімой яны хаваліся ў падвале старой паўразбуранай царквы. З-за холаду і голаду дзеці паміралі. Размаўляючы з дзецьмі, салдат выпадкова высветліў, што побач яго дачка. Ён не бачыў яе апошнія 4 гады, таму і не пазнаў пры сустрэчы. Пастаноўку заканчвае дыялог баць­кі і дачкі, якая гіне ад знямогі на яго руках, — расказвае Кірыл Аляксандравіч, які выканаў у спектаклі ролю салдата. — Падобныя пастаноўкі вельмі дзейсныя як для маленькіх гледачоў, так і для юных акцёраў, якія прымяраюць на сябе лёсы герояў, пражываючы максімум эмоцый: захапленне, страх, радасць, жах, сум, боль, гора, шкадаванне.

Падчас рэпетыцый спектакля акцёры штодзень з 13:30 да 18:00 разбіраюць кожны яго фрагмент, скрупулёзна прапрацоўваюць усе сцэны. Прамаўляючы тэкст, у дэталях вывучаюць характар кожнага персанажа. Ужыцца ў вобраз ім дапамагаюць сродкі выразнасці: прыглушанае святло, трывожная музыка, дым.

Тэрапеўтычнае ўздзеянне творчасці

Акрамя пастаноўкі тэматычных спектакляў да важных дат і свят, педагог-арганізатар арганізоўвае і право­дзіць святочныя канцэртныя праграмы, фота- і відэаконкурсы, тэматычныя акцыі. А яшчэ рыхтуе школьнікаў да ўдзелу ў розных гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, дзе яны паспяхова сябе праяўляюць. Сярод іх — восеньскі конкурс для хлопчыкаў-падлеткаў “Містар Ікс” і вясновы конкурс для старшакласніц “Дзяўчына-Вясна”. Усяго на працягу года падрыхтоўка ідзе больш чым да двух дзясяткаў мерапрыемстваў. Па лініі ДАІ ладзяцца конкурсы “Зялёная хваля”, “Скрыжаванне”, а па лініі МНС — злёт юных пажарных-ратавальнікаў.

Кірыл Громаў перакананы, што ўдзел дзяцей у творчым і грамадскім жыцці школы — гэта вельмі карысны вопыт, важная частка адукацыйнага працэсу. Дзякуючы заняткам па акцёрскім майстэрстве і сцэнічным маўленні, падлеткі пазбаўляюцца псіхалагічных заціскаў. Багаты вопыт выступленняў на публіцы дае ім упэўненасць у сабе, у іх фарміруецца тая ўнутраная апора, якая дапамагае хутчэй і больш паспяхова сацыялізавацца, камунікаваць як з аднагодкамі, так і з дарослымі людзьмі.

— Першапачаткова большасць школьнікаў — заціснутыя, сарамлівыя. Такой была, напрыклад, дзевяцікласніца Арына Альшэў­ская. Сціплай дзяўчыне параіла паўдзельнічаць у пастаноўцы настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая заўважыла ў ёй здольнасць выразна чытаць вершы, — успамінае Кірыл Аляксандравіч. — Як аказалася, Арына не толькі артыстычная ў чытанні вершаў і прозы, але і ад прыроды пластычная, хоць ніколі не займалася танцамі. Высветлілася, што ў яе выдатны слых і голас, хоць вакалам ёй таксама не даво­дзілася займацца. У хуткім часе мы прапанавалі ёй паўдзельнічаць у конкурсе “Дзяўчына-Вясна”. Дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы да конкурсу і ўдзелу ў ім, а таксама наступнай актыўнасці ў школьным жыцці, дзяўчына вельмі змянілася. Яна стала больш упэўненай у сабе не толькі на сцэне. Ёй стала лёгка ладзіць зносіны з людзьмі, знаходзіць з імі агульную мову. Цяпер Арына — душа кампаніі і яшчэ адзін з маіх памочнікаў. У яе ёсць рэжысёрскае бачанне, уменне генерыраваць ідэі, здольнасць адчуваць сцэну.

Шчасце займацца любімай справай

Творчыя старшакласнікі-актывісты часам самі праяўляюць ініцыятыву. Так было ў лістападзе, калі падапечныя Кірыла Громава, выступіўшы адначасова арганізатарамі, пастаноўшчыкамі, сцэнарыстамі і харэографамі, самастойна за адзін дзень (!) падрыхтавалі дзесяцікласніка да раённага этапу конкурсу “Містар Ікс”, у якім той перамог.

На жаль, па назіраннях педагога-арганізатара, не ўсе бацькі разумеюць важ­насць творчага складніка для развіцця і самарэалізацыі дзяцей. Некаторыя лічаць гэта нейкай дадатковай нагрузкай, якая адцягвае ад галоўнага — вучобы і добрых адзнак.

— Крыўдна, калі таленавітаму дзіцяці, які з’ехаў на бал па матэматыцы, мама ста­віць умову адмовіцца ад удзелу ў канцэрце або спектаклі. Часам дзеці з-за гэтага моцна перажываюць, — адзначае педагог. — Даводзіцца размаўляць з бацькамі, тлумачыць, як важна для дзіцяці атрымаць магчымасць рэалізавацца ў тым, да чаго ў яго ляжыць душа. Часта бацькі мяняюць сваё меркаванне, асабліва калі бачаць пераўтварэнне сына ці дачкі на сцэне. Калі ж у ходзе гутарак з дарослымі высвятляецца, што гэта дзеці хітраць і лянуюцца вучыць урокі, прыкрываючыся грамадскай нагрузкай, то тлумачу сваім падапечным, чаму важна ўдзяляць час і творчасці, і вучобе. І яны прыслухоўваюцца, выпраўляюць адзнакі.

Дзеці з павагай і даверам ставяцца да педагога-арганізатара, які для іх і аўтарытэтная асоба, і педагог-сябар, і старэйшы таварыш. Дарэчы, прыклад творчага і дзейнага настаўніка для некаторых вучняў стаў вызначальным пры выбары прафесіі. Так, адзінаццацікласнік Аляксей Якімовіч, які ў творчай групе Кірыла Громава займаецца ўжо трэці год, вырашыў таксама паступаць у БДУКМ. Зараз педагог рыхтуе вучня да паступлення па трох творчых выпрабаваннях. Сярод былых вучняў ёсць тыя, хто ўжо вучыцца там ці працягвае вучобу ў іншай УВА, але таксама актыўны ў грамадскім студэнцкім жыцці, як некалі ў школе. Такія юнакі і дзяўчаты падтрымліваюць сувязь з педагогам. Бывае, зазіраюць у школу на чай, пагутарыць ці атрымаць параду.

— Для мяне школа і дзеці — гэта ўжо не калектыў, у якім працуеш, гэта сям’я, з якой пражываеш кожны дзень, дзе дружна і весела адзначаеш святы. Гэтая работа дазваляе майму ўнутранаму дзіцяці адчуваць сябе камфортна і цалкам рэалізоўвацца. Знахо­дзячыся са школьнікамі на адной хвалі, мы можам ствараць клаўнаду, нешта прыдум­ляць. І ад дзяцей заўсёды ёсць аддача. У гэтым шматгранным адчуванні, якое я магу зведваць штодзень, мабыць, і заключаецца паняцце “шчасце займацца любімай справай”.

Марына КУНЯЎСКАЯ