Школьныя інавацыі для вялікай навукі: расказваем пра галоўны конкурс юных эколагаў

- 14:04Образование

Пасяліць высакароднага аленя ў Беларусі, скласці атлас аблокаў і стварыць унікальны матэрыял — выбар навуковых даследаванняў і экалагічных праектаў школьнікаў надзвычай шырокі. Гэта прадэманстраваў галоўны конкурс юных эколагаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Пра чыстую вадзіцу і не толькі

Лепшыя праекты былі прадстаўлены на XXXIV Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Толькі ў фінал трапілі больш за 100 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

У склад журы традыцыйна ўвайшлі прадстаўнікі вядучых універсітэтаў і навуковых устаноў краіны.

Канкурсанты абаранялі свае праекты ў 10 навуковых секцыях. Адна з іх — “Мала­дзёжная навука” — была аб’яўлена ўпершыню, і ў ёй прадстаўляліся праекты, выкананыя школьнікамі на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ці ў лабараторыях навуковых арганізацый і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Абарона работ у намінацыі “Інавацыі для зялёнай будучыні” праходзіла на англійскай мове, а яе пераможцы ўвайшлі ў склад каманды Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях экалагічнай накіраванасці. Пераможцы ўсіх 10 секцый будуць заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Як захаваць рэдкія расліны і не даць запаланіць нашы тэрыторыі агрэсіўным інвазійным раслінам, як ператварыць дрэвы-старажылы ў парках у гордасць краіны і як шум дрэў можа паглынуць шум мегаполіса — гэтым і іншым пытанням прысвяцілі свае даследаванні ўдзельнікі секцыі “Экалогія раслін і рэсурсы расліннага свету”. Уплыў мікрафлоры паветра на арганізм чалавека, стварэнне атласаў аблокаў і іншыя цікавыя даследаванні сталі тэмамі праектаў у секцыі “Паветранае асяроддзе і змяненне клімату”.

Прадэманстравалі сваё адказнае стаўленне да рэсурсаў Зямлі ўдзельнікі намінацый “Устойлівае развіццё і землекарыстанне”, “Экалогія чалавека і зялёная эканоміка”. Сярод іх, напрыклад, пераможцай стала Дар’я Вярыга, навучэнка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (кіраўнік І.А.Русскіх). Яна даказала, што грыбы трыхадэрма могуць стаць біялагічнай аховай супраць грыбоў, якія выклікаюць цяжкія захворванні ў раслін, жывёл і нават чалавека (у тым ліку і COVID-19).

Сёлета асабліва разнастайнай па тэматыцы стала секцыя, прысвечаная вывучэнню жывёл. Асаблівасці экалогіі сарокі і галкі, гнездаванне ластаўкі і бусла — гэтыя і іншыя тэмы былі ўзняты юнымі даследчыкамі. Па меркаванні журы, лепшай у гэтай секцыі стала работа Дзяніса Ленскага з гімназіі Веткі (кіраўнік — настаўнік біялогіі і хіміі Г.А.Сушко). Аб’ектам яго даследавання сталі жвавыя яшчаркі і тое, як на іх морфафена­логію ўплывае навакольнае асяроддзе.

Падобнае даследаванне, толькі з рыбамі, правяла Аліна Роля, навучэнка гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава і Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Гэтая работа стала лепшай у секцыі “Водныя рэсурсы і экасістэмы”.

“Мы бралі рыбу верхаводку з розных месцаў рэк і па змяненнях у яе марфалогіі рабілі высновы наконт забруджанасці вады ў ва­даёмах, бо гэтая рыба вельмі адчувальная да змяненняў навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, пасля даследаванняў рыбы з Заходняй Дзвіны мы зрабілі выснову, што гэтая рака вельмі брудная. Рыба адтуль асіметрычная, у яе розная колькасць промняў у плаўніках, часта адно вока большае за другое, у рыб няправільна развіваюцца ўнутраныя органы”, — тлумачыць праблему Аліна.

Дзяўчына не толькі даказала ўплыў забруджвання вады на рыб, але і стараецца гэтую праблему вырашыць — наводзіць парадак на берагах і ўздоўж іх, вылоўлівае пластыкавае смецце з вады. Дзесяцікласніца займаецца гэтай тэмай усяго 2 гады, але збіраецца і далей распрацоўваць гэтую тэматыку. У прыватнасці, у будучыні яна бачыць сябе супрацоўнікам санэпідэмстанцыі.

Дарэчы, навучэнцы Віцебшчыны павезлі дадому ажно 9 дыпломаў. З іх тры — дыпломы пераможцаў і 4 — дыпломы ІІ ступені. Прывезла на конкурс зорную каманду Вераніка Пішчэліна, загадчык сектара біялогіі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, які і аб’яднаў навукай школьнікаў. На базе гэтай установы з дзецьмі працуюць 5 педагогаў, але яны ў тым ліку вядуць работу з навучэнцамі з усёй вобласці.

“Традыцыйна ў лістападзе мы праводзім і свой абласны конкурс навуковых эколага-біялагічных работ. Я сама праслухоўваю кожнага канкурсанта, праглядаю іх прэзентацыі, і за перыяд з лістапада да сакавіка ў нас ёсць час нешта падправіць, дапоўніць, удасканаліць прэзентацыю і тым самым давесці работы абласнога этапу да рэспубліканскага ўзроўню. І такі добры вынік на рэспубліцы ў нас ужо трэці год запар”, — адзначыла В.У.Пішчэліна.

Сакрэт яна бачыць у дасканалым падыходзе да работы і ў дзяцей, і ў педагогаў: “Кожнае дзіця ідзе на педагога. І калі педагог зможа зацікавіць дзіця сваім кірункам, адчыніць для яго дзверы ў вялікі свет навукі, то і дзіця будзе матывавана, будзе з захапленнем займацца. Таму тут усё залежыць ад педагога, ад таго, ці зможа ён з дзіцем працаваць ва ўнісон. Калі ты фанат сваёй справы, вакол цябе абавязкова збяруцца такія ж захопленыя дзеці і надоўга. Так, нашы пераможцы займаюцца не першы год. Большасць з іх прыйшлі да нас у класе 7-м, а да 10—11-га яны ўжо вырастаюць амаль у прафесіяналаў”.

Захаваем, што маем, і створым новае

Шмат праектаў было накіравана на захаванне біяразнастайнасці. Напрыклад, настаўнік геаграфіі Дубайскай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці М.І.Дзямко разам са сваёй навучэнкай Ганнай Давыдоўскай засяродзіўся на “палескай прапісцы” для аленяў.

“Высакародны алень — абарыгенны від. Ён тысячагоддзямі вадзіўся на Палессі, а потым быў амаль вынішчаны. Да 2025 года па праграме “Беларускі лес” плануецца ўсяліць у Беларусь каля 90 тысяч асобін высакароднага аленя. І якраз у заходне-цэнтральнай частцы Прыпяцкага Палесся (Століншчына, Піншчына, Лунінеччына, Іванаўшчына) — мінімальная шчыльнасць (менш як 1 асобіна на 1 тысячу га), таму прынята рашэнне акліматызаваць аленяў якраз у нас, і ўжо ў Дубайскім лясніцтве ператрымліваюцца алені. Мы даследавалі ўмовы нашай тэрыторыі для іх пражывання і распрацавалі практычныя рэкамендацыі для паляпшэння рэкліматызацыі ў нашых умовах”, — гаворыць Мікалай Дзямко.

Перспектывы школьнай даследчай навукі — паднімаць невядомыя да гэтага факты, выяўляць зусім новыя прадукты, матэрыялы, рабіць свае адкрыцці, якія могуць стаць штуршком да самых сур’ёзных распрацовак для вучоных.

Сапраўдны фурор выклікала ў вучоных вынаходства васьмікласніка Арцёма Юргеля з сярэдняй школы № 23 імя Ф.П.Гудзея Гродна. Разам са сваёй настаўніцай біялогіі М.С.Белагаловай хлопец знайшоў унікальны матэрыял для лёгкай прамысловасці з саломы, раслінных рэшткаў і торфу, які па ўсіх параметрах не саступае льняной тканіне. Гэты матэрыял можна выкарыстоўваць для вырабу сумачак і кошыкаў, капялюшыкаў, паласаў, дэкаратыўных падставак пад гарачае, гіпаалергенных вусцілак у абутак і інш. Можа ён выкарыстоўвацца і як напаўняльнік у цацках, матрацах, для ацяплення памяшканняў замест драўніны і для ўзвядзення сцен дома (са спрасаваных блокаў). За гэтую распрацоўку, натуральна, Арцёму прысудзілі перамогу, але эксперты лічаць, што гэтай узнагародай справа не скончыцца.

“Гэты кірунак — развіццё інавацыйнай творчасці навучэнцаў — задаваўся на працягу некалькі апошніх гадоў. Педагогі пры­слухоўваюцца да надзённых патрэб эканомікі развіцця зялёнай гаспадаркі, рэцыркулярнай эканомікі і ўжо актыўна працуюць у гэтым кірунку. І вынаходства матэрыялу Арцёмам — самае яркае таго пацвярджэнне. Падобныя распрацоўкі даюць ідэі для вялікай навукі. Нездарма мы ў якасці членаў журы запрашаем спецыялістаў з Акадэміі навук, з розных інстытутаў, з універсітэцкай навукі, каб яны ўзялі тут нешта для развіцця сваіх буйных інавацыйных праграм у далейшым, — гаворыць Іван Анатольевіч Русскіх, загадчык лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, член журы. — Ці вось яшчэ прыклад: школьнікі з Рэчыцы выпрабоўвалі розныя расліны для барацьбы з вельмі небяспечным і каранцінным шкоднікам — белым амерыканскім матыльком — і высветлілі, што папулярная хатняя расліна дыфенбахія ўтрымлівае ў сабе рэчывы, якія прыводзяць да гібелі вусеняў гэтага матылька.

А што, калі вялікая навука зможа вылу­чыць пэўнае рэчыва, якое знішчальна паўплывае на гэтага шкодніка? А можа, нават яго ўдасца сінтэзаваць хімічным шляхам, каб павялічыць маштабы вытворчасці такога прыроднага інсектыцыду? А можа, ён будзе дзейсным і супраць іншых небяспечных шкоднікаў раслін? Вось у гэтым і перспектывы школьнай даследчай навукі — паднімаць невядомыя да гэтага факты, выяўляць зусім новыя прадукты, матэрыялы, рабіць свае адкрыцці, якія могуць стаць штуршком да самых сур’ёзных распрацовак для вучоных. Менавіта ў гэтым каштоўнасць сёлетніх конкурсных работ. А значыць, мы ўзялі правільны курс у развіцці даследчай дзейнасці навучэнцаў. І наперадзе, упэўнены, нас чака­юць новыя адкрыцці”.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара