Школьныя зімовыя старты

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Выпаў снег — і гродзенскія школьнікі адразу выйшлі на лыжню. Ва ўстановах адукацыі заліваюць каткі. На Гродзеншчыне ёсць усё неабходнае для заняткаў зімовымі відамі спорту.

У рэгіён маразы са снегам прыйшлі нашмат пазней, чым у іншыя куткі краіны. Памятаючы пра мінулагоднюю зіму, калі нават не ўдалося да­стаць лыжы, сёлета ў школах вучняў адразу ж вывелі на свежае паветра і сталі право­дзіць урокі фізічнага выхавання на стадыёнах. Вучні малодшых класаў адправіліся на вуліцу з санкамі, а астатнія надзелі лыжныя чаравікі.

Не сталі цягнуць і з традыцыйнымі зімовымі стартамі. Як толькі выпаў снег, усюды правялі раённыя спаборніцтвы “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У гімназіі № 3 Гродна на лыжню выйшлі вучні 24-х школ Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра.

Пакуль адны хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі на лыжнай трасе і на стрэльбішчы, іншыя, каб не замерзнуць, займаліся ў спартыўнай зале. Дзеці прызналіся, што вельмі рады нарэшце пакатацца на лыжах, бо такая магчымасць выпадае не часта.

— Наша гімназія поўнасцю забяспечана лыжамі, ёсць і дзіцячыя камбінаваныя лыжы для малодшых класаў, — расказала настаўніца фізкультуры метадыст аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Наталля Каленчыц. — Школьнікі прыходзяць пакатацца і вечарам, у выхадныя дні, усім жадаючым выдаём лыжы. Вядома, дзеці з задавальненнем успрымаюць урокі фізкультуры на лыжнай трасе.

Завітаўшы ў школу № 37 Гродна, таксама ўбачыла цэлы стадыён лыжнікаў — на ўрок выйшлі адразу два класы. Лыж дастаткова, адначасова могуць займацца 3—4 класы. Поўным ходам тут ішла заліўка хакейнай каробкі. Як толькі дазваляе надвор’е, тут таксама выводзяць дзяцей на вуліцу. Малодшыя гуляюць на свежым паветры ў рухавыя гульні, старэйшыя становяцца на лыжы і канькі.

Як расказаў дырэктар Гро­дзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Савіцкі, на набыццё зімовага інвентару і абсталявання было патрачана 786 тысяч рублёў. На сённяшні дзень стопрацэнтна ім забяспечаны ўсе ўстановы адукацыі вобласці. У зімовы перыяд пры спрыяльных умовах надвор’я плануецца заліўка 29 хакейных каробак, 258 лядовых пляцовак, будзе пракладзена 308 лыжных трас. Да пачатку навучальнага года ва ўсіх сярэдніх навучальных установах, дзе ёсць хакейныя каробкі, былі заменены зношаныя часткі бартоў, абноўлена лакафарбавае пакрыццё. Многае было зроблена ў Ашмянскім раёне, у прыватнасці, у гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 1 Ашмян.

У планах — правядзенне ў Навагрудку абласных спаборніцтваў сярод дзяцей па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Запланаваны і іншыя старты, такія як зімовае мнагаборства “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”, спартландыі, рухавыя гульні, эстафеты, масавыя школьныя мерапрыемствы “Зімовыя забавы”, конкурсы снежных скульптур.

Дарэчы, у мінулым годзе Гро­дзенская вобласць заняла першыя месцы ў краіне ў зімовым мнагаборстве “Здароўе” і спартакіядзе школьнікаў па біятлоне.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.