Што такое навучэнскае даследаванне? Гэта не толькі неверагодныя ідэі і смелыя эксперыменты, але і вялікі шлях да адкрыццяў, дзе набываецца мноства ведаў і навыкаў. Тых, хто ідзе менавіта гэтым шляхам, штогод збірае конкурс работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці.
Дзевятнаццаты раз Мінскі абласны ІРА расчыніў свае дзверы самым дапытлівым і зацікаўленым хлопчыкам і дзяўчынкам. З году ў год іх становіцца ўсё больш. Так, сёлета на конкурс было прадстаўлена 648 работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Таксама ў конкурсе бралі ўдзел даследаванні навучэнцаў з Літоўскай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі. 258 работ журы адабрала для ўдзелу ў заключным этапе.
Навучэнцы штогод здзіўляюць журы сваімі даследаваннямі і вынаходствамі. Так, сёлета яны вылічылі формулу бестселера, стварылі смартфон новага пакалення, дамашні кандыцыянер, сонечны ўмывальнік і нанаакумулятар. Яны вырабілі кальчугу і штучны араматызатар з водарам маліны, даследавалі рух планет Сонечнай сістэмы і броўнаўскі рух, гендарныя ўяўленні школьнікаў аб каханні і ўплыў субкультур на станаўленне асобы падлетка. Юныя даследчыкі высвятлялі ўзрост пасёлка Лошніца і раскрывалі сакрэты слуцкіх паясоў, прапаноўвалі незвычайнае выкарыстанне звычайных рэчаў і прагназавалі змяненне клімату, аналізавалі рэкрэацыйны патэнцыял сваёй мясцовасці і задаволенасць пенсіянераў якасцю жыцця.
Свае работы навучэнцы прадставілі ў 16 секцыях. У дзвюх секцыях — “Гуманітарныя веды” і “Прыродазнаўчыя дысцыпліны” — выступалі навучэнцы 5—7 класаў. Упершыню школьнікі гэтай узроставай катэгорыі змаглі паўдзельнічаць у абласным конкурсе даследчых работ у мінулым годзе. Сёлета гэты паспяховы вопыт быў паўтораны. Навучэнцы 8—11 класаў спаборнічалі ў секцыях “Англійская мова. Філалогія. Краіназнаўства”, “Беларуская мова і літаратура”, “Біялогія”, “Геаграфія”, “Інфарматыка”, “Гісторыя”, “Матэматыка”, “Нямецкая, французская і іспанская мовы. Філалогія. Краіназнаўства”, “Грамадазнаўства”, “Руская мова і літаратура”, “Працоўнае навучанне”, “Фізіка і астраномія”, “Хімія”, “Экалогія. Энергазберажэнне ў адукацыйнай прасторы”. Бацькі і педагогі з задавальненнем скарысталіся магчымасцю віртуальна ўзяць удзел у мерапрыемстве — была арганізавана анлайн-трансляцыя работы некаторых секцый.
Узровень прадстаўленых работ высокі, і ацэньваць яго былі запрошаны кампетэнтныя суддзі. У склад журы конкурсу ўвайшлі дактары і кандыдаты навук, спецыялісты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, НІА, Варшаўскага ўніверсітэта, БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БНТУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Нацыянальнай акадэміі навук, РІВШ і РІПА, Мінскага абласнога ІРА.
Работы, прадстаўленыя ў секцыі “Эканоміка і бізнес-планаванне”, ацэньвала спецыяльнае бізнес-журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў. Сюды трапілі даследаванні, якія маюць практычную значнасць у сферы IT-тэхналогій, хімічнай і лёгкай прамысловасці, энергаспажывання, сельскай гаспадаркі, турызму. З 21 работай, прадстаўленай у рамках секцыі, азнаёміцца маглі не толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя падчас кірмашу праектаў. Стэндавая форма прадстаўлення работ зрабіла гэтае знаёмства цікавым і непасрэдным.
Каб чаканне вынікаў конкурсу было не такім напружаным, арганізатары прапанавалі ўдзельнікам цікавы і карысны вольны час. У бібліятэцы інстытута працавала выстава кніг, медыя- і перыядычных выданняў “Вучуся быць навукоўцам”, навучэнцаў запрасілі на публічную лекцыю “Тэрафарміраванне Марса” Аляксея Барысевіча, студэнта 1 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыёінфарматыкі і электронікі, пераможцу міжнародных конкурсаў даследчых работ. Інтэлектуальную гульню “МедыяАсарці” правёў з канкурсантамі Захар Якубоўскі, студэнт БДУ, пераможца міжнароднай канферэнцыі юных вучоных.
Сотні цікавых і годных ідэй выказалі канкурсанты. У выніку 110 работ былі ўзнагароджаны дыпломамі конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.