Шлях да ісціны

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Штогод у сярэдняй школе № 11 Ліды праводзіцца дэкада духоўна-маральнага выхавання “Шлях да ісціны”, у якой прымаюць удзел усе вучні і настаўнікі школы. У гэтым годзе дэкада пачалася з адкрыцця выставы малюнкаў “Свет вачыма дзяцей”, на якіх вучні 2—4 класаў прадставілі сваё бачанне навакольнага свету.

Значным мерапрыемствам у гэты дзень стала наведванне вучнямі 11-х класаў духоўна-асветніцкай праграмы “Калядная казка для дзяцей і дарослых” у рамках каляднага фэсту “Святло Віфлеемскай зоркі”. Фэст праводзіўся ў Палацы культуры пры ўдзеле выхаванцаў нядзельнай школы храма Усіх Святых, з якім школа супрацоўнічае з 2006 года.

Падчас дэкады ва ўсіх класах прайшлі ўрокі духоўнасці “Праваслаўныя храмы Лідчыны”, “25 жамчужын Лідскага краю”, “Прыгажосць выратуе свет”, “Хрысціянскае разуменне сям’і і шлюбу”, “Віртуальная рэальнасць”, “Святыні зямлі беларускай”. Адметнымі мерапрыемствамі сталі пасяджэнні клубаў “Святло душы” на тэму “Людскія заганы: гонар, зайздрасць, эгаізм” і “Гармонія” на тэму “Грошы — дрэнны гаспадар або добры суддзя?”. У школьнай бібліятэцы для навучэнцаў і настаўнікаў была арганізавана выстава кніг “Экалогія душы і цела”.

На працягу дэкады “Шлях да ісціны” вучні школы наведвалі храм Усіх Святых, дзе ўрокі духоўнасці правёў настаяцель храма айцец Уладзімір Яроміч. Падчас гутарак святар расказаў школьнікам аб праваслаўных святах, патлумачыў значнасць хрышчэння для кожнага верніка, закрануў пытанні хрысціянскага разумення сэнсу жыцця, адказаў на пытанні навучэнцаў і падарыў усім дзецям і педагогам праваслаўныя календары з малітвай аб сям’і.

Навучэнцы 10—11 класаў прынялі ўдзел у круглым стале “Дэструктыўныя секты і іх уплыў на моладзь”. На сустрэчу быў запрошаны протаіерэй айцец Уладзімір. Святар адказаў на пытанні, якія хвалююць сучасных падлеткаў: “Якія негатыўныя наступствы ўплыву таталітарных сект на асобу?”, “Што рабіць, калі хто-небудзь з блізкіх людзей трапіў у дэструктыўную секту?” і інш. У працяг тэмы святар выступіў перад педагогамі школы і падказаў найбольш эфектыўныя спосабы прафілактыкі ўключэння моладзі ў дэструктыўныя секты.

Прыемным момантам падчас завяршэння дэкады духоўна-маральнага выхавання сталі ўзнагароды, якія атрымалі вучаніцы 11 класа за перамогу ў раённым фотаконкурсе “Святыні гродзенскай зямлі”. Ушанаванне пераможцаў прайшло на раённай канферэнцыі па выніках рэалізацыі праваслаўна-краязнаўчага праекта “Ваяж веры”, арганізаванага Лідскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
кіраўнік факультатыўнага курса па духоўна-маральным выхаванні
сярэдняй школы № 11 Ліды.