Шлях добрых спраў

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Пачатак вучэбна-практычнай канферэнцыі “Ад вытокаў да дабрыні”, якую арганізоўваюць у Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1, быў вельмі сімвалічным. У паэтычнай інсцэніроўцы навучэнцы каледжа паказалі традыцыйныя беларускія рамёствы і святы, чыталі вершы беларускіх паэтаў і разважалі пра якасці беларусаў — спагадлівасць, талерантнасць, дабрыню.

— Важна навучыць прафесіі, не менш важна выхаваць адказнага чалавека, сапраўднага грамадзяніна, які з павагай ставіўся б да нашай гісторыі і ганарыўся дасягненнямі краіны, — гаворыць дырэктар ліцэя Алена Іванаўна Жалязняковіч. — Гэтага можна дасягнуць праз праектную дзейнасць, маладзёжны валанцёрскі рух. На канферэнцыі навучэнцы расказваюць пра свае карысныя справы, дзеляцца вопытам.

У гэтым годзе ўдзельнікамі канферэнцыі “Ад вытокаў да дабрыні” сталі прадстаўнікі 13 вучэбных устаноў прафесійнай адукацыі Гродзенскай вобласці. Як і належыць добрым гаспадарам, яны прадставілі самую вялікую колькасць праектаў — шэсць.

— Ад канферэнцыі чакаю зносін з равеснікамі з іншых каледжаў і ліцэяў, хачу даведацца пра іх вопыт, цікавыя справы, — гаворыць навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Уладзімір Кузьміч. — Наш праект “Крок насустрач” — гэта дапамога людзям старэйшага ўзросту, якія пражываюць у доме ветэранаў. Удзельнічаючы ў гэтым праекце, я зразумеў, што пажылым людзям патрэбна не толькі матэрыяльная дапамога, ім важна размаўляць з моладдзю, ведаць пра падзеі жыцця, не быць адзінокімі.

Работа канферэнцыі праходзіла ў пяці секцыях: “Дарогамі дабра”, “Мы ў адказе за планету”, “Ствары сябе і свет вакол”, “На шляху да творчасці”, “Адраджаем рамёствы”. У складзе журы былі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый (“Белая Русь”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Чырвоны Крыж, Фонд міру, Беларускі дзіцячы фонд), інспекцыі па справах непаўналетніх адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, супрацоўнікі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, прадстаўнікі базавых прадпрыемстваў ліцэя будаўнікоў № 1 — “Саюзпраммантаж”, “Тэста”.

Секцыя “Ствары сябе і свет вакол” была самай вялікай. Дзесяць каманд прадставілі праекты, многія з якіх былі прысвечаны вывучэнню гісторыі і традыцый Гродзеншчыны: “Пархімаўская сядзіба” (ліцэй будаўнікоў № 1), “Мірская батлеечная школа” (Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж)”, “Вялікдзень” (Шчучынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), “Праз легенды Навагрудчыны” і “Беларускі народны касцюм — стройны вобраз Навагрудчыны” (Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй). А пераможцам у гэтай секцыі таксама стаў “гістарычны” праект, толькі на сучасны лад. Навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Арцём Баламуцюк прадставіў праект “Інтэрактыўны квест па гісторыі Беларусі”. Выканаць заданні квеста можна, правільна адказаўшы на пытанні па гісторыі. Гэты праект і быў адзначаны дыпломам І ступені. Як сказаў Арцём, гістарычны квест яго сябрам падабаецца.

А вось навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Дзмітрый Тылінга ўразіў членаў журы сваім майстэрствам выканання творчай работы… тынкоўшчыка-маляра. “Творчасць у маёй прафесіі” — гэта праект, накіраваны на засваенне дадатковых кампетэнцый у будучага спецыяліста, у прыватнасці, праз уменне аздабляць сцены элементамі роспісу. Трэба адзначыць, што навучэнцы ліцэя паказваюць выдатныя вынікі ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills.

Навуковы кіраўнік праекта майстар вытворчага навучання Алена Мікалаеўна Няжэльчанка адзначае, што хлопцы, якія творча падыходзяць да сваёй працы, ужо не змогуць зрабіць яе няякасна. Праект “Творчасць у маёй прафесіі” адзначаны дыпломам І ступені.

Пераможцамі таксама сталі праекты “Ад сэрца да сэрца” (Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці), “Як скараціць колькасць бытавых адходаў” (Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж), “Дэкарыраванне велікодных яек”, які прэзентавалі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі.

Пасля абароны і прадстаўлення сваіх праектаў навучэнцы, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання прынялі ўдзел у рабоце творчых пляцовак, дзе калектыўна стваралі кашпо для кветак, якія потым будуць перададзены Гродзенскаму дому ветэранаў.

Асаблівасцю вучэбна-практычнай канферэнцыі “Ад вытокаў да дабрыні” з’яўляецца і тое, што ў ёй прымаюць удзел навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем пераможцаў, якія атрымалі дыпломы і падарункі — канцылярскія тавары, флэш-карты, бесправадныя навушнікі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.