Гродзенская вобласць прымала ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па чатырох вучэбных прадметах — “Матэматыка”, “Інфарматыка”, “Фізіка” і “Астраномія”. 444 навучэнцы з усіх абласцей Беларусі, сталіцы і Ліцэя БДУ на працягу тыдня напружана працавалі, каб прадэманстраваць свае веды і накіраванасць на дасягненне самых высокіх вынікаў.
Разам з беларускімі навучэнцамі ў алімпіядзе па матэматыцы па-за конкурсам прымалі ўдзел школьнікі з Расіі і Украіны, расійскія школьнікі таксама паспрабавалі свае сілы ў фізіцы. Алімпіяда па матэматыцы праходзіла ў Лідзе, Гродна прымала юных фізікаў, астраномаў і інфарматыкаў.
Плюс 12
Задачы з чатырох раздзелаў матэматыкі — алгебры, геаметрыі, тэорыі лічбаў і камбінаторыкі — рашалі ўдзельнікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. У алімпіядзе ўдзельнічаюць навучэнцы з 8 па 11 клас. Тэрмін выканання заданняў складаў 4,5 гадзіны для васьмікласнікаў і 5 гадзін для ўсіх астатніх удзельнікаў.
Як адзначыў старшыня журы, загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі Белдзяржуніверсітэта, прафесар Сяргей Мазанік, кожны год алімпіяда запальвае яркія матэматычныя зоркі, удзельнікі дэманструюць нестандартныя рашэнні прапанаваных заданняў, а таксама стойкую цікавасць да прадмета. Як прыклад — вучань 11 класа сярэдняй школы № 11 Ліды Антон Барскі, які ўдзельнічае ў матэматычных алімпіядах з 4 класа. У гэтым годзе Антон адзначаны дыпломам ІІ ступені. Як кажуць, дома і сцены дапамагаюць.
Расійскія школьнікі не першы год удзельнічаюць у беларускай алімпіядзе. У гэтым годзе яе ўдзельнікамі сталі і ўкраінскія школьнікі. Па шэсць чалавек з Расіі і Украіны далучыліся да беларускіх навучэнцаў.
А каб усім удзельнікам алімпіяда запомнілася не толькі працоўнымі буднямі, Лідскі аддзел адукацыі, спорту і турызму арганізаваў цікавую культурную праграму — экскурсіі “Ліда старажытная” і “Ліда прамысловая”, наведванне Лідскага замка і шклозавода “Нёман”.
На ўрачыстым закрыцці алімпіяды яе ўдзельнікаў віталі начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Багдан Рублёў. Метадыст аддзела метадычнага забеспячэння прыродазнаўча-матэматычнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Тамара Адамовіч уручыла спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь навучэнцу 7 класа сярэдняй школы № 13 Гомеля Максіму Давідзенку як самаму юнаму ўдзельніку алімпіяды. Дарэчы, Максім адзначаны пахвальным водзывам.
Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы адзначаны: навучэнцы 8 класа Паліна Чэрнікава (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Сяргей Гумбар (гімназія № 1 Ліды), Віктар Макоўскі (сярэдняя школа № 11 Віцебска); дзевяцікласнікі Уладзіслаў Зверык (гімназія № 20 Мінска), Георгій Гамезардашвілі (гімназія № 2 Віцебска), Уладзілен Лакцевіч (гімназія № 4 Гродна); навучэнцы 10 класа Андрэй Нарадзецкі і Андрэй Шакель (Ліцэй БДУ), Вадзім Хмара (гімназія Дзяржынска), Мацвей Станкевіч (Магілёўская гарадская гімназія № 1); адзінаццацікласнікі Ягор Дубовік (гімназія № 51 Гомеля), Аляксей Васілеўскі (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Ілья Пчэлінцаў (Ліцэй БДУ), Мікалай Шашко (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага).
А суддзі хто?
Вопытныя выкладчыкі і студэнты. Так, у складзе журы алімпіяды па інфарматыцы былі і тры студэнты. Імёны іх ужо добра вядомыя ў нашай краіне — гэта пераможцы міжнародных алімпіяд студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Пятрашка і Канстанцін Вільчэўскі, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксей Вісцяж. Некалькі гадоў назад яны самі былі ўдзельнікамі рэспубліканскай алімпіяды. Як расказала Таццяна Пятрашка, і тады, і зараз прысутнічала хваляванне: раней трэба было адказваць толькі за сябе, сёння як член журы адказнасць нясеш за дзяцей, арганізацыю работы, але гэта вельмі добры жыццёвы і прафесійны вопыт.
Старшыня журы Ірына Карыновіч, дацэнт кафедры інжынернай псіхалогіі і энерганомікі БДУІР, адзначыла вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў алімпіяды, які расце з году ў год. Складанымі былі і заданні. У двух турах трэба было рашыць па 4 задачы з такіх раздзелаў, як “Элементы тэорыі мностваў”, “Структура даных”, “Дэкампазіцыя заданняў”. Але навучэнцы добра з імі справіліся. Нулявога выніку не было, а 90 удзельнікаў са 123 перайшлі пяцідзесяціпрацэнтны бар’ер пры выкананні заданняў. Максімальны вынік — 750,6 бала з 800 магчымых паказаў вучань 11 класа гімназіі № 8 Віцебска Артур Петухоўскі, якога падрыхтавала настаўніца Вераніка Лакціна.
У гэтым годзе на алімпіядзе па інфарматыцы пры праверцы заданняў была выкарыстана новая аўтаматызаваная тэсціруючая сістэма, заснаваная на воблачных тэхналогіях.
Акрамя дыпломаў і падзяк, удзельнікі алімпіяды атрымалі шмат спецыяльных прызоў, а ІТ-кампаніі падрыхтавалі разнастайныя падарункі: тэлевізары і нэтбукі, а самы спартыўны праграміст — навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 1 Бабруйска Ігар Янчук — атрымаў велатрэнажор.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская ўручыла спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь найбольш паспяховаму навучэнцу сельскай школы — васьмікласніку Гожскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Алегу Валкоўскаму. Навучэнец 8 класа гімназіі № 56 Гомеля Сяргей Процкі прызнаны найбольш паспяховым юным удзельнікам алімпіяды. Дар’я Несцяровіч з сярэдняй школы № 3 Зэльвы была адзначана “за максімальную колькасць балаў па задачы, якая не мае поўнага рашэння”, а навучэнец гімназіі № 8 Віцебска Захар Коваль быў адзначаны як самы крэатыўны праграміст.
Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы адзначаны навучэнец 10 класа Аляксандр Кернажыцкі (гімназія № 2 Магілёва); адзінаццацікласнікі Даніла Маісеенкаў (сярэдняя школа № 7 Смаргоні), Дар’я Несцяровіч (сярэдняя школа № 3 Зэльвы), Ілья Клімко (гімназія № 1 Навагрудка), Фёдар Карабейнікаў (гімназія № 51 Гомеля), Юрый Шыляеў (гімназія № 1 імя Францыска Скарыны Мінска), Лада Навіцкая (Ліцэй БДУ), Уладзіслаў Вішнеўскі (Цэнтр юных пажарных Мазыра), Данііл Мельнічэнка (Ліцэй БДУ), Кірыл Гулін (сярэдняя школа № 2 Лунінца), Артур Петухоўскі (гімназія № 8 Віцебска).
Вылічыць шлях зоркі
І не толькі гэта могуць удзельнікі алімпіяды па астраноміі, якія рашаюць задачы з сямі раздзелаў астраноміі — астраметрыі, тэорыі астраноміі, астрафізікі, зорнай астраноміі (менавіта гэты раздзел навукі і дапамагае вылічыць шлях планет і іншых астранамічных аб’ектаў), нябеснай механікі, касмалогіі і касмагоніі.
Старшыня журы дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Станіслаў Секержыцкі падкрэслівае, што астраномія — адна з самых старажытных навук і сёння вельмі актуальная.
І хоць тэрмін “касмагонія” гучыць для недасведчаных неяк старажытна, для юных астраномаў гэта вельмі канкрэтная навука, якая вывучае паходжанне і развіццё касмічных цел і іх сістэм, галактык і туманнасцей, а вывучэнне касмаганічных працэсаў з’яўляецца адной з галоўных задач астрафізікі.
Алімпіяда праходзіць у два этапы — тэарэтычны і практычны туры, які ажыццяўляецца ў рамках мадэлявання з дапамогай расходных матэрыялаў, адным з якіх з’яўляецца так званая нямая карта зорнага неба.
Сярод 40 удзельнікаў алімпіяды было 5 вучняў 10-х класаў, і выступілі яны таксама дастойна. Так, навучэнка ліцэя № 1 Гродна Аляксандра Маляўка паказала самы высокі вынік сярод навучэнцаў 10-х класаў і была адзначана спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. А спецыяльны прыз упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама атрымаў абсалютны пераможца алімпіяды па астраноміі Антон Міхайлаў з лідскай гімназіі № 1.
Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі адзначаны Аляксандра Маляўка (ліцэй № 1 Гродна), Яўген Пісарчык (ліцэй № 1 Мінска), Ганна Артамонава (гімназія № 1 імя Францыска Скарыны Мінска), Антон Міхайлаў (гімназія № 1 Ліды).
Вучыце шведскую!
Менавіта з такім пажаданнем, а таксама прадоўжыць шлях ад Гродна да Стакгольма, дзе ўручаецца Нобелеўская прэмія па фізіцы, звярнуўся на цырымоніі закрыцця алімпіяды па фізіцы старшыня журы загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дацэнт Анатолій Слабадзянюк.
Алімпіяда па фізіцы таксама ўключае два туры: тэарэтычны і практычны. Так, у гэтым годзе практычны тур патрабаваў 30 камплектаў абсталявання для правядзення доследаў і эксперыментаў. І кожны прыбор праходзіць, як кажуць, праз рукі членаў журы з мэтай апрабацыі, каб забяспечыць удзельнікам алімпіяды якасныя ўмовы работы і дакладнасць мікравымярэнняў. Ну а што тычыцца задач тэарэтычнага тура, то тут, акрамя ведаў, ад удзельнікаў патрабуюцца часам і нестандартныя рашэнні. І, як адзначыў член журы прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзь Гачко, ва ўсіх удзельнікаў — вельмі высокі патэнцыял, высокі патэнцыял і ў педагогаў, якія падрыхтавалі такіх вучняў.
Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Сенчанка ўручыла прыз міністра адукацыі вучню 9 класа гімназіі № 1 Барысава Яўгену Дзядкову, які выступаў за 10 клас і паказаў самы высокі вынік. Спецыяльным прызам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначана навучэнка гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Марыя Капытка.
Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы адзначаны навучэнцы 9 класа Міхаіл Макей (гімназія № 13 Мінска), Раман Кірычэнкаў (Гатаўская сярэдняя школа Мінскага раёна), Мікіта Грышанаў (гімназія № 14 Гомеля), Ілья Драпеза (гімназія № 1 Барысава), Аляксандр Каленчыц (гімназія № 27 Мінска); дзесяцікласнікі Арына Іванова (Ліцэй БДУ), Яўген Ганковіч (Ліцэй БДУ), Максім Рэзуноў (Рэчыцкі раённы ліцэй), а таксама Яўген Дзядкоў, навучэнец 9 класа гімназіі № 1 Барысава, які выступаў па праграме 10 класа; навучэнцы 11 класа Мар’юш Сарока (гімназія № 5 Мінска), Павел Курач (ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста), Яўген Шарамед (гімназія № 10 Мінска), Мікіта Ігнацюк (ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста).
* * *
Алімпіяда — гэта напружаны і ў той жа час вельмі цікавы час для яе ўдзельнікаў. Час набыцця новых ведаў, новага жыццёвага досведу. Час новых знаёмстваў і новых планаў. Вельмі цікавым і запамінальным было наведванне філіяла Парка высокіх тэхналогій у Гродне, а таксама экскурсіі па Гродне і Лідзе. Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама арганізавала ўрачыстае адкрыццё і завяршэнне алімпіяд, дзе былі адзначаны пераможцы, дзе словы падзякі прагучалі ў адрас настаўнікаў і бацькоў удзельнікаў. На закрыцці мерапрыемства былі прадэманстраваны відэафільмы аб тым, як праходзіў гэты важны тыдзень, і кожны здымак, кожны відэарад суправаджаўся апладысментамі. Год навукі адкрыў для ўсіх удзельнікаў алімпіяд новыя гарызонты.
— Для нас вялікі гонар прыняць удзел у беларускай алімпіядзе. Гэта і вялікі вопыт для нашых школьнікаў, таму што заданні вельмі складаныя, а арганізацыя — на вельмі высокім узроўні, — падзялілася сваімі ўражаннямі метадыст Цэнтра педагагічнага майстэрства Масквы Таццяна Алёшына.
Навучэнка спецыялізаванага вучэбна-навуковага цэнтра Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава Ірына Мамсурава вязе ў Маскву дыплом І ступені адкрытай алімпіяды па фізіцы. Шэсць дыпломаў І ступені заключнага этапу адкрытай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка” атрымалі маскоўскія вучні, па тры — школьнікі з Кіева і Харкава.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама.