Шоу тэхналогій

- 11:33Навука і інавацыі

У панядзелак у Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” праходзіла самая маштабная інтэлектуальная барацьба ў сферы маладзёжных інавацый — фінал Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Яе кульмінацыяй стала вызначэнне дзесяці пераможцаў — аўтараў самых перспектыўных інавацыйных распрацовак. І пераможцы, і шэраг іншых фіналістаў, якія не ўвайшлі ў іх лік, атрымалі грашовыя гранты на рэалізацыю сваіх ідэй, падарункі і падтрымку ад партнёраў конкурсу.

Стаўка на інтэрактыў

Усяго ў фінале было прадстаўлена 116 праектаў, якія былі адабраны з больш як дзвюх тысяч. Свае распрацоўкі маладыя вучоныя, вынаходнікі і пачынаючыя бізнесмены прадставілі ў 10 кластарах — ад традыцыйных прамысловых тэхналогій і вытворчасці, медыцыны, мабільных і біятэхналогій, робататэхнікі да энергазберажэння, рацыянальнага прыродакарыстання, аграпрамысловых, інфармацыйна-камунікацыйных і авіякасмічных тэхналогій. У склад экспертнага савета ўвайшлі вучоныя, педагогі, маладыя і паспяховыя прадпрымальнікі, міжнародныя эксперты і прадстаўнікі конкурсу мінулых гадоў.
На гэты раз арганізатары зрабілі асаблівы акцэнт на правядзенні майстар-класаў — на пляцоўках БелЭкспа хімічныя рэчывы змешваліся, квадракоптары ляталі, робаты выконвалі свае функцыі, у прадстаўленыя гульні можна было пагуляць, рухавікі рухаліся, вышывальныя машыны вышывалі, прадукцыю ў секцыі “Харчовая прамысловасць” можна было прадэгуставаць… Сакрэтам поспеху маладых перспектыўных кампаній і эфектыўнай арганізацыяй бізнесу дзяліліся прадпрымальнікі “Бізнес-школы ІПМ”, якая першая і адзіная ў краіне створана па мадэлі еўрапейскіх устаноў бізнес-адукацыі. “З кожным годам конкурс захоплівае не толькі ўсё больш неабыякавых маладых людзей, але і тых, хто нават не думаў аб распрацоўцы інавацый, якія дазваляюць рэалізавацца самому і быць карысным для дзяржавы. Прадстаўленыя праекты — гэта пэўны паказчык таго, наколькі эфектыўна ажыццяўляецца супрацоўніцтва моладзі і дзяржавы, якая падтрымлівае пачаткоўцаў навукоўцаў”, — адзначыў Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і дадаў, што сёння маладзёжныя ініцыятывы не фантастычныя, а іх аўтары не хварэюць юнацкім максімалізмам: “Гэта рэальныя ідэі, якія прынясуць даход і асобным прадпрыемствам, і галіне ў цэлым. Ёсць сапраўды прарыўныя рэчы, якія годна ацэньваюцца і Нацыянальнай акадэміяй навук, і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, і ў цэлым дзяржавай. Я шчыра спадзяюся, што тыя задумкі, якія ёсць у юнакоў і дзяўчат, будуць рэалізаваны і не абмяжуюцца прэзентацыямі на выставах”.
Пра гэта гаварыў і першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, выступаючы перад удзельнікамі конкурсу і запрашаючы іх у акадэмію навук: “Магчыма, вашы ідэі стануць стартам у навуковай кар’еры. Кожны з вас, хто прайшоў такое сіта, дастойны таго, каб атрымаць навуковае званне і працягнуць кар’ерны рост у навуцы”.
Звяртаючыся да фіналістаў конкурсу, Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзякаваў усім удзельнікам: “Дзякую вам усім за працу, бо праекты — гэта вынік карпатлівай напружанай інтэлектуальнай працы, і добра, што ёсць пляцоўкі, на якіх яны атрымліваюць маральнае і матэрыяльнае задавальненне. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць гэты рух, пачынаючы ўжо са школьнага ўзроўню. Дарэчы, у гэтыя дні ў Нацыянальным дзіцячым лагеры “Зубраня” праходзіць змена “Свежыя ідэі — яркія праекты”, куды з’ехаліся самыя актыўныя школьнікі з усёй краіны, якія прымалі ўдзел у праекце “100 ідэй для Беларусі” ці толькі збіраюцца ў яго ўключыцца”.

Квадракоптары: заручаемся паветранай дапамогай

На выставе традыцыйна шырока была прадстаўлена намінацыя “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі. Вытворчасць”. Тут былі і сучаснае бачанне архітэктурных рашэнняў пры будаўніцтве дзіцячага садка і школы, і рашэнне недахопу парковак у дварах за кошт пашырэння іх на зялёнай зоне, усталяваўшы на яе спецыяльныя экарашоткі. Некалькі аўтараў прапаноўвалі новае выкарыстанне для другаснай сыравіны: выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксанр Варанцоў распрацаваў склад лакафарбавага пакрыцця для пешаходных пераходаў з адходаў шкловытворчасці, якая пераўзыходзіць па якасці і святлоадбівальнасці існуючыя аналагі; навучэнец сярэдняй школы № 35 Віцебска Арцём Аўчыннікаў распрацаваў будаўнічыя матэрыялы з шэрсці, палавіння, саломы; студэнты БРУ — з пластыку; аспірант ГДТУ імя П.В.Сухога Яўген Шматок распрацаваў смарт-крышталь са шкла, які мяняе свае аптычныя якасці пры змяненні знешніх умоў — асветленасці, тэмпературы і інш. Такі матэрыял шырока выкарыстоўвацца ў архітэктуры ў свеце, у нас пакуль гэтыя тэхналогіі неасвоеныя. Яўген паспрабаваў гэта выправіць. Самымі духмянымі былі стэнды Дар’і Раманчук, выхаванкі Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа, і Аксаны Бурак, педагога Выверскага дзіцячага сада — базавай школы (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), якія прадставілі праекты па стварэнні сваімі рукамі духоў і араматызатараў на аснове натуральных кампанентаў.
У дзясятку пераможцаў у гэтай намінацыі ўвайшла распрацоўка Аліны Марышавай, малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі высокіх ціскаў Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, якая распрацавала ўнікальны спосаб штампоўкі ключавых дэталей калайдара, і Антона Любахінца, першакурсніка БрДТУ, які распрацаваў сістэму выратавання на вадзе, у цэнтры якой — квадракоптар. Прынцып такі: пры ўваходзе на тэрыторыю пляжа чалавеку выдаецца бранзалет з GPS-модулем. Калі чалавек пачынае тануць, націскае на кнопку на бранзалеце, тым самым пасылаючы сігнал пра сваё месцазнаходжанне на камп’ютар, а адтуль імгненна падаецца сігнал на пускавую ўстаноўку і запускаецца квадракоптар, які дастаўляе чалавеку выратавальны жылет. Па падліках юнака, самым дарагім тут будзе квадракоптар — яго кошт складзе каля 750 долараў, на астатняе дастаткова будзе 250 долараў. У межах аднаго пляжа такая сістэма акупіцца за адзін сезон.
Дарэчы, што тычыцца квадракоптараў, то яны правілі балем на сёлетнім конкурсе, як на мінулых — робаты. А прычынай стала шырокая сфера іх прымянення і вялікі кошт, бо ўсе квадракоптары маюць замежную прапіску, а аўтары сёлетніх распрацовак прапаноўваюць свае паслугі ў распрацоўцы айчынных аналагаў, якія будуць значна таннейшымі за імпартныя. Акрамя таго, распрацоўшчыкі айчынных мадэлей пашырылі спектр іх прымянення. Так, навучэнец сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Максіміліян Клімовіч патлумачыў, што яго квадракоптар можна выкарыстоўваць у рабоце службаў па надзвычайных сітуацыях (кантроль пажарнай бяспекі), міліцыі (патруляванне зон), прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі (назіранне за пасевамі), лясніцтва і рыбалоўства (лесаахова і кантроль рыбнага промыслу), кампаній, якія займаюцца геадэзіяй, інстытутаў геаграфіі і геалогіі і інш. Юлія Плюта, студэнтка БДУІР, распрацоўваючы плату кіравання для свайго квадракоптара, аснасціла яе наборам датчыкаў — акселерометрам, гіграскопам, барометрам, што дазволіць на аснове іх паказчыкаў карэкціраваць алгарытм палёту. Падыдзе гэта для выкарыстання як мультыкоптараў, так і самалётаў, планераў, верталётаў, лодак. Галоўнай асаблівасцю платы Юліі стала функцыя аўтапілота, дзякуючы якой апарат можа самастойна перамяшчацца па зададзеных пунктах без аператара. Гэтыя і іншыя мадэлі беспілотных лятальных апаратаў былі выдзелены ў новую намінацыю — “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць”.

Навіны ў белым халаце

Вельмі перспектыўнымі назвалі эксперты многія распрацоўкі, прадстаўленыя ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка і вытворчасць”. Напрыклад, згаданы вышэй Антон Любахінец прадставіў вынаходніцтва для людзей з парушэннямі зроку, якое дазволіць замяніць ім кій: змешчаны на руцэ прыбор апавяшчае пра перашкоду, якая знаходзіцца перад чалавекам, і адлегласць да яе. Асабліва актуальнымі могуць быць новыя метады лячэння жоўцекамянёвай хваробы, гепатыту С, зажыўлення ран на скуры. Некаторыя ўжо паспяхова прымяняюцца. Напрыклад, інавацыйны метад лячэння тэрмічных апёкаў скуры ў дзяцей шляхам прымянення ўнутрывеннага лазернага апраменьвання крыві, які распрацаваў Аляксандр Глуткін, асістэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паспяхова прымяняецца ў Гродзенскай дзіцячай клінічнай бальніцы. Як паказала практыка прымянення, гэты спосаб ачышчае кроў ад назапашаных у ёй прадуктаў парушанага працэсу абмену рэчываў — выніку тэрмічнага пашкоджання скуры.
Вялікі рэзананс сярод экспертаў і гасцей выклікала распрацоўка супрацоўнікаў Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі “Даследаванне генатыпу пацыента для вызначэння паспяховасці лячэння сардэчна-сасудзістай паталогіі прэпаратамі “Варфарын” і “Клопідагрэл”. Сутнасць у тым, што, перш чым назначаць дазіроўку, трэба вывучыць ДНК пацыента. Гэта дазволіць прагназаваць эфектыўнасць тэрапіі названымі прэпаратамі ў пацыентаў, якія перанеслі сардэчна-сасудзістыя захворванні. Гэтая распрацоўка ўвайшла ў лік фіналістаў.
Дзясятку пераможцаў папоўніў і праект супрацоўнікаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — анлайн-сэрвіс для прасоўвання і продажу камплекта паслуг у сферы медыцынскага турызму. “Экспарт медыцынскага турызму — перспектыўная галіна развіцця нашай рэспублікі, — гаворыць аўтар праекта Ганна Раманюк. — Гэтая галіна дазваляе падняць прэстыж дзяржавы на сусветным узроўні і з’яўляецца адной з крыніц прыцягнення ў краіну замежнай валюты. Так, у 2014 годзе ўстановамі аховы здароўя Мінска аказана замежным грамадзянам медыцынскіх паслуг на суму, эквівалентную 10 млн долараў.
Калі ў сярэднім 1 турыст прывозіць у краіну 1 тысячу долараў, то 1 медыцынскі турыст — 3—4 тысячы. Але праблема ў тым, што замежныя грамадзяне мала ведаюць аб магчымасцях медыцынскіх устаноў Беларусі, якія, дарэчы, па многіх пазіцыях пераўзышлі сваіх замежных калег. Таму наш партал змяшчае ўсебаковую інфармацыю па ўсіх ключавых экспартаарыентаваных напрамках аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, якая прадастаўляецца медыцынскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, актуальную інфармацыю па пытаннях візавай падтрымкі і медыцынскага страхавання. На партале забяспечана магчымасць атрымання паслуг трансферу, браніравання жылля для замежных пацыентаў і асоб, якія іх суправаджаюць, паслуг спецыялізаванага медыцынскага перакладчыка і інш.”.

Ты тое, што ты ясі

У намінацыі “Біятэхналогіі. Хімічная і харчовая прамысловасць” асабліва актыўнымі былі навучэнцы школ і гімназій краіны. Яны прапаноўвалі свае метады ачысткі нафтаўтрымліваючых сцёкавых вод, рэгенерацыі нітратаў серабра ў школьнай лабараторыі. Навучэнкі гімназіі Дзяржынска распрацавалі рэцэпт канцэнтраванага курынага булёну без шкодных дабавак, а навучэнцы сярэдняй школы № 70 Мінска імя Л.Н.Гурцьева наладзілі выраб хлеба з расліннымі дабаўкамі, якія здольны папаўняць недахоп амінакіслот. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Чарнякова раслінныя кампаненты (кукурузныя лісты, бульбяны крухмал і інш.) выкарыстала для вытворчасці аднаразовага біяраскладальнага посуду, які не шкодны ні для чалавека, ні для прыроды. З гэтай намінацыі ў пераможцы выйшаў праект Аляксея Кляцкова, аспіранта Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі “Карысныя прадукты на аснове 4-хлорызатыязолаў”. За складанай навуковай назвай хаваецца вытворчасць прадуктаў для людзей, хворых на анкалогію.
Вытворчасць карысных прадуктаў, іх захаванне было задачай і ў фіналістаў у намінацыі “Аграпрымысловыя тэхналогіі і вытворчасць. Сельская гаспадарка”. Асабліва цікавымі былі распрацоўкі супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Яны зрабілі ўпэўненыя крокі ў арганічным земляробстве, у вытворчасці і пашырэнні асартыменту сухіх сняданняў, араматызацыі алкагольнай прадукцыі — супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні ўпершыню стварылі навуковую базу па выкарыстанні драўніны дуба пры вытворчасці алкагольнай прадукцыі і распрацавалі ўнікальны араматычны спектр напіткаў, што дазволіла стварыць новыя беларускія брэнды. Навучэнка клецкай сярэдняй школы № 1 Вікторыя Васількевіч распрацавала экалагічна чысты антысептычны прэпарат для апрацоўкі фруктаў “Антыгніль”, які дазволіць без усялякай шкоды для здароўя чалавека захоўваць свежымі плады і ягады і не страчваць вітаміны ў іх. У гэтым сектары пераможцамі сталі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Алена Далгова і Юрый Шашко з распрацоўкай высокадакладнага метаду ідэнтыфікацыі ўзбуджальнікаў, якія выклікаюць захворванні раслін.

“Делу — время, а потехе — час”

У намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і авіякасмічныя тэхналогіі” самымі перспектыўнымі аказаліся праект студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі “Віртуальны комплекс для даследавання электраабсталявання перспектыўных лятальных апаратаў” і інтэрактыўны экран-прадавец Мікіты Забалоцкага з БДУ “Люстэрка 3D”. Канкурэнцыю ім паспрабавалі скласці аўтары мабільных гульняў, інтэрнэт-парталаў, сацыяльных сетак і інтэрнэт-праектаў.
Падобны кантэнт прапаноўваўся і ў намінацыі “Мабільныя тэхналогіі”. Але з усіх мабільных гульняў і дадаткаў для дзяцей была аддадзена перавага мабільнаму навучанню. Так, у дзясятку пераможцаў увайшоў мультымедыйны праект “Школьны эксперымент” ад творчай групы Пліскай сярэдняй школы імя В.А.Мікуліча і БДУ. Увазе карыстальнікаў прапаноўваюцца відэазапісы лабараторных работ, цікавых эксперыментаў па фізіцы, займальныя дэманстрацыі — цяпер неабавязкова мець дарагое абсталяванне, каб на свае вочы ўбачыць эксперыменты з ім. Ёсць у аўтараў і мабільная версія для аперацыйнай сістэмы Android. Гэты прадукт ужо выклікаў цікаваць у навучэнцаў іншых школ нашай краіны і замежжа.

Урокі ад шапавалаў і ноткі фолк-транса: модная гісторыя

Самай шматлікай была намінацыя “Сацыяльная сфера”, якая ўвабрала ў сябе ажно 36 праектаў. Частка з іх заклікана вярнуць сучаснікаў у мінулае: гэта і інтэрактыўныя пазнавальныя гульні, прысвечаныя гісторыі асобных гарадоў і Беларусі ўвогуле, стварэнне музея рэтракамп’ютараў (студэнты БДУіР сабралі ўжо сотні экспанатаў), педагог Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна прадставіла перасовачны “Музейны дыліжанс на колах часу”. Інстытут філасофіі НАН Беларусі прадставіў цыкл кароткаметражных навукова-папулярных відэаролікаў пад агульнай назвай “Пантэон беларускага асветніцтва”, прысвечаных творчай біяграфіі знакамітых і не вядомых шырокай аўдыторыі асветнікаў і мысліцеляў. Самыя творчыя ўдзельнікі фіналу прадставілі свае новыя праекты, але з аўтэнтычнымі ноткамі. Так, Валерыя Юльюшэнка з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дыпламантка шматлікіх міжнародных музычных конкурсаў, стыпендыят Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, прадставіла сучасны погляд на беларускія цымбалы. Яна стварае арыгінальныя кампазіцыі, у якіх сінтэзуе класічнае гучанне з такімі сучаснымі музычнымі кірункамі, як электра-поп, рок, транс, джаз і інш. Мікс сучаснасці і аўтэнтыкі прадэманстраваў Дзяніс Наліўка, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, падчас паказу калекцыі школьнай формы з элементамі традыцыйнага беларускага арнаменту. Дарэчы, не так даўно Дзяніс завязаў творчыя кантакты з пераможцай мінулага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Веранікай Клюевай. Вынікам іх супрацоўніцтва стала новая калекцыя маладзёжнага адзення, паказ якой стаў сюрпрызам для ўсіх прысутных. Вышываныя матывы на прадукцыі Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” ужо вядомы экспертам конкурсу — іх аўтары ў мінулым годзе прапаноўвалі сваю ідэю па стварэнні дызайн-цэнтра вышыўкі Fainy.by і сталі пераможцамі. Для маладых мадэльераў фінал стаў своеасаблівай справаздачай: за гэты год ім удалося ажыццявіць свае ідэі напоўніцу: галаўныя ўборы, футболкі, халаты, верхняе адзенне, сувенірная прадукцыя і нават вясельныя сукенкі, адзенне для нованароджаных і многія іншыя рэчы атрымалі адмысловы выгляд.Аўтэнтычныя ноткі ў свае вырабы шчодра ўнеслі і юныя шапавалы з Дрыбінскага раённага гісторыка- этнаграфічнага музея (Магілёўская вобласць). З 2009 года шапавальства (валянне шапак, валёнкаў, рукавіц) было ўключана ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, але супрацоўнікі музея мараць, што гэтае майстэрства будзе ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што дазволіць усяму свету даведацца пра непаўторны нацыянальны промысел Беларусі. Аўтары праекта хочуць, каб беларусы і замежныя госці мелі магчымасць пабыць навучэнцамі “Школы юных шапавалаў”, у якой вопытныя майстры будуць знаёміць іх з шапавальскім рамяством, даваць урокі па вывучэнні ўнікальнай умоўнай мовы шапавалаў “Катрушніцкі лемязень”, паказваць, як ствараюцца валёнкі, і каб усе маглі зрабіць сабе на памяць сувенір у выглядзе міні-валёнкаў ці валянай цацкі. Гэтая ідэя была падтрымана саветам конкурсу адназначна і замкнула дзясятку пераможцаў.

Стартап — ад тэорыі да практыкі

Усе 10 пераможцаў атрымалі гранты (кожны амаль 12 млн рублёў) ад Беларускага інавацыйнага фонду, смартфоны ад кампаніі Huawei і пуцёўкі на Міжнародны маладзёжны конкурс “100 ідэй для СНД”, які пройдзе ў красавіку і на якім маладыя людзі прадставяць свае праекты. Прызы ад партнёраў конкурсу ў выглядзе грашовых сертыфікатаў ад 3 да 30 млн на развіццё ўласнага бізнесу, сертыфікатаў на бясплатнае навучанне ў летняй школе па абароне інтэлектуальнай уласнасці чакалі многіх іншых фіналістаў.
Галоўны прыз конкурсу — узнагароды і сертыфікат у памеры 120 мільёнаў беларускіх рублёў — спецыяльны прыз ад кампаніі “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” — дастаўся аўтарскаму калектыву праекта “Кавітацыйны вадапенны насадак пажарнага ствала” з Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь у складзе Андрэя Камлюка, Хаана Чан Дык і Аляксандра Грачуліна. “Пры тушэнні пажараў найбольш шырока выкарыстоўваюцца ручныя пажарныя ствалы, — тлумачыць Андрэй Камлюк. — Самым распаўсюджаным з іх з’яўляецца ствол СРК-50. Ён прымяняецца для фарміравання распыленага і кампактнага струменя вады і з-за сваіх канструктыўных асаблівасцей не можа выкарыстоўвацца для падачы пены. Для пашырэння магчымасцей гэтага ствала мы прапанавалі выкарыстоўваць кавітацыйны вадапенны насадак, які дазволіць у якасці вогнетушыльнага рэчыва выкарыстоўваць і ваду, і пену. Такая ўніверсальнасць забяспечыць высокую эфектыўнасць пажаратушэння, а таксама паменшыць расход вогнетушыльных рэчываў і як вынік — экалагічны ўрон ад пажаратушэння”.
Як адзначылі эксперты, сёлетнія праекты фіналістаў вельмі добра падрыхтаваныя, прадуманыя, правільна складзеныя бізнес-планы. Відавочна, намаганні ў гэтым кірунку не прайшлі дарма. Так, па словах Алесі Віннік, каардынатара праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, у 2015 годзе па краіне прайшло 768 стартап-мерапрыемстваў, 30 семінараў-практыкумаў, 93 трэнінгі фінансавай адукацыі і 28 праграм дыстанцыйнага навучання.
Распрацоўкі фіналістаў мінулых гадоў з поспехам пацвердзілі свой інавацыйны статус і сталі пераможцамі конкурсу інавацыйных праектаў на Міжнародным маладзёжным форуме навукі і інавацый краін БРІКС і ЕАЭС. Гэта Наталля Шчамялёва з праектам “Распрацоўка і стварэнне новых ветэрынарных прэпаратаў з павышанай эфектыўнасцю для тэрапіі паразітарных хвароб сельскагаспадарчых жывёл”, Кірыл Ляўкоў з праектам “ТурбаСфера — энергазберагальная ўстаноўка для ўтылізацыі энергіі залішняга ціску прыроднага газу”, Сяргей Саламевіч з праектам “Біяразыходжвальныя супрацьпухлінныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных пухлін: “Тэмадэкс” і “Праспідэлонг”. З мэтай камерцыялізацыі праектаў моладзі, выяўлення і ўкаранення інавацыйных праектаў і навукова- тэхнічных распрацовак, а таксама стымулявання і падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі пры грамадскай арганізацыі “БРСМ” у лістападзе 2015 года быў створаны Савет маладых прадпрымальнікаў. Па словах Алесі Віннік, у найбліжэйшыя некалькі гадоў плануецца стварэнне бізнес-інкубатара, укараненне сістэмы грантаў і эліт-карт для інтэлектуальнай моладзі — пераможцаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Арганізатары спадзяюцца, што яшчэ больш актывізуе моладзь і заахвоціць прапаноўваць свае ідэі і тое, што нядаўна ўпершыню ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады было ўключана фінансаванне конкурсу “100 ідэй для Беларусі” больш на 2,3 мільярда рублёў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Яўгенія ПАМЫТКІНА.