Што абмяркоўвалі прадстаўнікі сферы адукацыі з розных рэгіёнаў на рэдакцыйным савеце «Педагагічнай прэсы»

- 11:08Главная, Новости

“Разам, у адной камандзе, мы зможам многае”, — заўважыла начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз на пасяджэнні рэдакцыйнага савета Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 І гэта сапраўды так, бо толькі асабістыя сустрэчы і размовы з нашымі чытачамі спрыяюць нараджэнню новых ідэй і праектаў, якія знаходзяць сваё пачэснае месца на старонках “Настаўніцкай газеты”. Гэта якраз і стала адной з тэм для абмеркавання на савеце, які за вялікім рэдакцыйным сталом аб’яднаў кіраўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” і начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі з самых розных рэгіёнаў краіны.

Сустрэча прайшла ў адкрытым (нават святочным) фармаце, бо ў госці да “Настаўніцкай” прыехалі даўнія сябры і паплечнікі. Сярод іх начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, начальнік аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людміла Тупіца, начальнікі ўпраўленняў адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз, Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца, Салігорскага райвыканкама Ігар Цыбулька і загадчыца Лідскага РВМК Ірына Шостка.

Як адзначыла дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская, падводзячы некаторыя вынікі мінулага года, усе яны на старонках газеты — гэта інтэрв’ю, нарысы, замалёўкі з камандзіровак і ­прэс-тураў. І падзякавала кіраўнікам за арганізацыю гасцінных сустрэч у сваіх установах адукацыі.

Андрэй Уладзіміравіч Загурскі, гаворачы пра цеснае і плённае супрацоўніцтва з “Настаўніцкай” у 2023 годзе, пра значэнне слова для педагогаў, звярнуўся да знакамітага пушкінскага “…глаголом жги сердца людей”. Сапраўды, слова па-ранейшаму мае значэнне, бо за кожным словам стаіць дзеянне, асабліва ў педагогіцы. Ды і ў журналістыцы таксама, бо, каб напі­саць слова, трэба прыехаць, пагутарыць, убачыць і адчуць.

“Усе гады, што працую ў сістэме адукацыі, чытаю “Настаўніцкую газету”. Апошнім часам яна стала больш цікавай і чытэльнай. Друкаванае слова ў педагагічнай грамадскасці значнае, таму мы працягнем наша супрацоўніцтва і гатовы ўдзельнічаць ва ўсіх праектах. Калі гаварыць пра мінулы год для сістэмы адукацыі Аршаншчыны, то ён быў паспяховым”, — адзначыў Андрэй Ула­дзіміравіч.

Начальнік аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людміла Тупіца падтрымала калегу, пацвердзіўшы і свой намер захаваць наладжаныя сувязі з газетай, тым больш што ў раёне хапае і высокапрафесійных педагогаў, і адметных навучальных устаноў, гатовых дзяліцца назапашаным вопытам.

“У нас таксама ёсць дасягненні па выніках мінулага года. У прыватнасці, вельмі парадавала гімназія Хойнікаў, якая стала пераможцай на конкурсе па духоўна-маральным выхаванні і падвяла нас да выдання адпаведнай кнігі. Прыемна ўспомніць і той факт, што пра наш рэгіён шмат пісалася ў “Настаўніцкай газеце”, — заўважыла Людміла Мікалаеўна.

Начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз таксама адзначыла зменены фармат “Настаўніцкай”, які паспрыяў папулярызацыі газеты. Акрамя таго, Людміла Васільеўна звярнула ўвагу на неабход­насць пастаяннага развіцця педагога, у чым яму дапамагае прафесійнае выданне, на старонках якога друкуецца перадавы настаўніцкі вопыт.

“Я ўвесь час нагадваю сваім педагогам пра неабходнасць дзяліцца назапашаным вопытам на старонках газеты. І ў каэфіцыент паспяховасці абавязкова ўключаю формулу: адзін настаўнік — адзін артыкул у год. Увогуле, 2023 год быў цікавым, насычаным і творчым. Нашы вучні годна выступілі на алімпіядзе, здалі ЦЭ, ЦТ, мы грунтоўна падрыхтаваліся да новага навучальнага года, рэалізавалі шмат цікавых праектаў. Гэтага ж чакаем і ад 2024-га. І разам з тым разумеем, што ўсё зале­жыць ад нас, ад нашай зладжанай каманднай работы”, — падкрэсліла Людміла Васільеўна.

Уласную гісторыю наладжвання цесных зносін з газетай расказала начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца. Літаральна праз месяц пасля прызначэння на пасаду начальніка яна стала гераіняй нашага праекта “Суботняя планёрка”. Пасля быў матэрыял пра педагагічную дынастыю, з якой выйшла Алена Сяргееўна, матэрыялы настаўнікаў горада — і кантакты наладжаны.

“2023 год для сістэмы адукацыі Бабруйска стаў даволі паспяховым. Па выніках ЦЭ і ЦТ навучэнцамі горада атрымана 33 стабальныя сертыфікаты. Пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі 12 навучэнцаў, рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару — 4. У міжнародных алімпіядах прадметнай накіраванасці заваявана 5 дыпломаў (3 па хіміі, 2 па рускай мове).

Суперфіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майс­тэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” стала Святлана Здаранкова, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска. Настаўнікам года Магілёўшчыны заслужана стаў Аляксей Шунько, які выкладае працоўнае навучанне ў гімназіі № 1.

Тром установам адукацыі прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза: сярэдняй школе № 1 — імя Барыса Іванавіча Коўзана, сярэдняй школе № 27 — Веры Захараўны Харужай, сярэдняй школе № 35 — Паўла Іванавіча Батава, гімназіі № 3 Бабруйска — імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева),” — падзялілася Алена Сяргееўна.

Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігара Цыбулькі, су­пра­цоў-
ніцтва раёна з прафесійным выданнем выйшла на новы ўзровень.

“Мы ўдзячны Выдавецкаму дому за праяўленую ўвагу да нашых педагогаў, што падштурхоўвае да развіцця наладжаных адносін. Тым больш што нам ёсць чым дзяліцца”, — адзначыў Ігар Аляксандравіч.

А загадчыца Лідскага РВМК Ірына Шостка агучыла пажаданні педагогаў свайго рэгіёна: своечасова абвяшчаць пра змяненні ў адукацыйным заканадаўстве і пабольш даваць практыка-арыентаваных матэрыялаў у дапамогу кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дарэчы, такія матэрыялы хутка з’явяцца (асобнай рубрыкай) на нашым сеткавым рэсурсе ng-press.by. І, канечне, асобныя артыкулы бу­дуць друкавацца ў газеце.

“Настаўнікі Лідскага раёна адзначаюць не толькі змяненні ў газеце (мабільную рубрыкацыю), але і абнаўленне газетнага сайта, які стаў не толькі прыгожым, але і карысным”, — засведчыла Ірына Юр’еўна.

 Кульмінацыяй пасяджэння рэдакцыйнага савета стала ўзнагароджанне кіраўнікоў рэгіянальных аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі падзякамі за плённае супрацоўніцтва, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі за перамогу ў нашым конкурсе на лепшую арганізацыю падпіскі на другое паўгоддзе 2023 года. Акрамя таго, пад рэдакцыйнай навагодняй ёлкай жаданняў нашых гасцей чакалі адметныя сувеніры. Ну і, вядома, магчымасць загадаць яшчэ адно запаветнае жаданне. Спадзяёмся, што гэта далейшае супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”.

Мы ж актыўна рыхтуемся да новых сустрэч. 2024 год бу­дзе адметным для Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”: спачатку вый­дзе соты нумар часопіса “Спорт time”, затым будзем адзначаць 10-годдзе газеты для замяшчальных бацькоў “Домой!” і 100-годдзе навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета”. Сачыце за навінамі!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА