Як веданне фізікі дапамагае маляваць рэалістычныя пейзажы? Па адказ карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” адправілася ў Жупраны да дырэктара школы Уладзіміра Бізюка. Па прафесіі ён фізік, а ў душы мастак.
На рыбалку — па сюжэты
Уладзімір Аляксандравіч, акрамя таго, што кіруе Жупранскай сярэдняй школай імя Ф.Багушэвіча Ашмянскага раёна, выкладае тут фізіку і астраномію, а ў вольны час любіць займацца тэхнічнай творчасцю і вандраваць па родным краі, каб убачаныя краявіды ўвасобіць у сваіх карцінах.
— Паглядзіце, якія месцы прыгожыя! Хіба можна на гэта глядзець і не маляваць? — углядаецца ў акно аўтамабіля Уладзімір Аляксандравіч падчас нашай экскурсіі ад Ашмян да Жупран. — Перш чым узяцца за карціну, я абавязкова бываю на прыродзе. Найчасцей гэта наваколле Віліі і яе прытокі, дзе шмат драпежнай рыбы. Падчас рыбалкі мне заўсёды і з уловам шанцуе, і з навакольнымі краявідамі. Я еду ненадоўга: больш за дзве гадзіны мне цяжка знайсці ў сваім графіку. За гэты час я ўбачу сюжэт, які ляжа ў аснову карціны, злаўлю пару-тройку шчупакоў і атрымаю фізічную нагрузку, бо са спінінгам на месцы не сяджу.
Малюе мой суразмоўнік з дзяцінства. Толькі ў школьныя гады ён больш любіў тэхніку: маляваў караблі, самалёты, аўтамабілі. Пасля ўніверсітэта спрабаваў свае сілы ў акварэлі, графіцы, партрэце. А апошнія гадоў трыццаць прысвяціў пейзажнаму жывапісу алеем. І якраз гэты кірунак зрабіў педагога-мастака мясцовай знакамітасцю. Яго творчасць добра ведаюць і ў Ашмянах, і ў Гродне, і ў Віцебску, і ў іншых гарадах. У.А.Бізюка часта запрашаюць арганізаваць сваю выставу падчас правядзення раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў для педагогаў. Большасць сваіх карцін (а іх сотні) ён падарыў сябрам і цікавым людзям, з якімі яго зводзіў лёс. І канечне, сваёй творчасцю педагог натхняе дзяцей. Без малога чвэрць стагоддзя Уладзімір Бізюк быў дырэктарам Ашмянскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзе ствараў усе ўмовы для развіцця творчых талентаў навучэнцаў і сам быў для іх дастойным прыкладам. Ім жа ён з’яўляецца і цяпер. Толькі апошнія чатыры гады — для навучэнцаў Жупранскай школы.
Мілыя вобразы
— Вольнага часу ў мяне не так шмат, таму я стараюся сумяшчаць жывапіс з іншымі справамі. Напрыклад, мне выдатна малюецца пад інфармацыйныя ці аналітычныя праграмы, пад перадачы пра даследаванні космасу, нанатэхналогіі, гісторыю і развіццё тэхнікі, электронікі і інш. Люблю слухаць падарожнікаў. Такая паўтарагадзінная лекцыя — і мая карціна амаль гатова, — гаворыць педагог.
Але, пра што б ні гаварылася з экрана ці манітора, пра якія б экзатычныя краіны ні вялася размова, на палатно кладзецца толькі родная прырода.
— Мы ўсё імкнёмся некуды ехаць, ляцець за акеан, каб адшукаць прыгажосць. А яна тут, побач. Толькі мы гэтага не заўважаем. Я, напрыклад, акрамя ашмянскіх краявідаў, вельмі люблю прыроду Віцебшчыны. Люблю ўвогуле ўсю сярэднюю паласу — як беларускую, так і расійскую. У Беларусі — 10 тысяч рэк, 20 тысяч азёр, і ўсе яны па-свойму непаўторныя, вартыя захаплення. Малюю і архітэктурныя славутасці, і гарадскія пейзажы, і старажытныя манастыры, храмы. Люблю маляваць і раніцу, і вечар, і ноч. Нядаўна ехаў па старой дарозе ўздоўж Віліі і адным позіркам злавіў свой будучы сюжэт. Я нават машыны не спыняў — толькі на імгненне павярнуў галаву. Няхай не сёння, можа, толькі праз год, але абавязкова намалюю гэтую ранішнюю лукавіну ракі, закаваную сінім ільдом, на ёй — дзве трэшчыны, а ў іх — адбітак усходу сонца. Я ведаю, што цяпер буду з гэтым жыць, пракручваць у думках, уяўляць, пакуль не пакладу гэты сюжэт на палатно.
Мы, настаўнікі, павінны закласці ў дзецях любоў да свайго, роднага, блізкага. А для гэтага спачатку ім трэба паказаць, што гэта прыгожа. І рабіць гэта можна ў тым ліку і праз карціны.
Каб не забыцца нічога з убачанага, Уладзімір Аляксандравіч фатаграфуе пейзажы. Яны становяцца штуршком для напісання карцін, але мастак ніколі іх не змалёўвае. Тлумачыць ён гэта так:
— Фота ёсць фота, і няхай імі займаюцца мастакі-фатографы. Гэта іх творчасць. Мая — пра іншае. У мяне больш за 10 тысяч фотапейзажаў у электронным варыянце. І гэта пры тым, што, каб адабраць сюды адно фота, я магу адбракаваць з паўсотні яго варыянтаў. Час ад часу іх пераглядваю, еду на тое месца, назіраю, чакаю момант, які лепш за ўсё адлюстраваць. Часам гэта просты пейзаж: цячэнне рэчкі, дарога, дрэвы — здавалася б, нічога незвычайнага. Але на карцінах гэтае месца заўсёды выглядае адметна. Адну з такіх мясцін я намаляваў ужо некалькі дзясяткаў разоў — у розныя поры года, у розны час сутак, з розных ракурсаў. Некалькі крокаў адыдзі — і карціна мяняецца, сонца павярнулася — новыя колеры, прыедзь сюды праз год — адно дрэва ўпала і ўсё змяніла, узровень вады падняўся ці снег выпаў — увогуле іншы краявід. І самае цікавае — ніколі не скажаш, гледзячы на ўсе гэтыя карціны, што на іх адна і тая ж мясціна. Мне і зараз не даюць спакою пэўныя задумы. Я часам міжволі іх падлічваю, у думках рухаючыся па сваёй мясцовасці: тут узлесак мне падабаецца, далей — спуск дарогі, тут — мост праз раку… І ўсё гэта хочацца намаляваць.
Фізічная прырода
Дык у чым жа сувязь фізікі і мастацтва? Што іх аб’ядноўвае? Па словах Уладзіміра Бізюка, тут усё проста:
— Я нават на ўроках фізікі гавару пра гэтую сувязь сваім вучням. Вось, напрыклад, мы праходзім геаметрычную оптыку, дзе вывучаюцца законы распаўсюджвання святла ў празрыстых асяроддзях, адлюстравання промняў ад люстраных паверхняў і прынцыпы пабудовы малюнкаў пры праходжанні святла ў аптычных сістэмах. І мастак, ведаючы гэта, намалюе больш рэалістычны пейзаж з возерам. Я адчуваю эстэтычную асалоду ад таго, што законы оптыкі выконваюцца і ў мастацкіх творах.
Мне цікава не проста расказаць дзецям пра святло, кванты, геаметрычную і хвалевую оптыку, а паказаць, што ўсе гэтыя з’явы можна ўбачыць і ў прыродзе, і, адпаведна, на пейзажах. З дзецьмі мы разважаем, напрыклад, чаму ўсход сонца кожны дзень розны, чаму цёмнае неба можа рэзка пасвятлець, як мяняецца адценне вады ў залежнасці ад сілы ветру, колеру неба, вышыні сонца, як адрозніваецца даўжыня хваль падаючага і адлюстраванага святла. Прафесійныя мастакі найчасцей проста бачаць гэтыя з’явы і перадаюць іх у рабоце, я ж яшчэ добра ведаю і іх фізічную прыроду.
Для навучэнцаў, якія хочуць больш даведацца пра такія мастацкія нюансы, Уладзімір Аляксандравіч праводзіць майстар-класы. А яшчэ, прызнаецца, ён вельмі любіць замяняць у школе ўрокі выяўленчага мастацтва.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара