Што дапамагае развіваць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці вучняў? Вопыт пінскай школы № 8

- 9:00Главная, Образование

Развіваць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці вучням пінскай сярэдняй школы № 8 дапамагаюць заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Мастацкае слова”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Школьны ўзрост — час, поўны цікавых ідэй, задум і фантазій, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Маўшук. — Галоўнае — накіраваць творчую энергію ў стваральнае рэчышча, своечасова вызначыць дзіцячыя здольнасці і стварыць умовы для самавыяўлення. Гэта вельмі важна, бо творчы працэс фарміруе мысленне, эмацыянальную сферу, уяўленне, уменне выказваць думкі, будаваць зносіны, супрацоўнічаць, вырашаць праблемы — кампетэнцыі, якія вызнача­юць паспяховасць у соцыуме.

На занятках аб’яднання па інтарэсах вучні размаўляюць, разважаюць, працу­юць над словам, пішуць сачыненні. Творчыя заданні патрабуюць ад школьнікаў розных навыкаў: аналізаваць, супастаўляць, камбінаваць. Гэтыя навыкі ўдасканальваюцца сродкамі выяўленчага, музычнага, харэаграфічнага і тэатральнага мастацтва.

— Дзякуючы заняткам, істотна пашыраецца чытацкая прастора падлеткаў, што вельмі важна ў эпоху гаджэтаў, — заўважае педагог. — Школьнікі адпрацоўваюць выразнасць маўлення, вучацца прыгожа і правільна гаварыць, дэкламаваць тэкст, іграць на сцэне. Мастацкая літаратура дапамагае разабрацца ў псіхалагічных, маральных, гістарычных і філасофскіх праб­лемах. 

Сустрэчы праходзяць не толькі ў інтэграванай, індывідуальнай, групавой і калектыўнай форме, але і ў форме гульні, экскурсіі, творчай майстэрні, канцэрта, літаратурнай вечарыны, прэзентацыі і абароны творчага праекта, спектакля. Спачатку дзеці гуляюць, сачыняюць, вучацца, затым вынаходзяць, даследуюць, канструю­юць, а потым рэалізуюць задуманае праз розныя віды дзейнасці, звязаныя з мовай (літаратурную творчасць, тэатр). 

— На першых занятках школьнікі знаёмяцца адно з адным, чытаюць любімыя вершы, паказваюць свае малюнкі і фота­здымкі, — працягвае Іна Маўшук. — Падчас гульнявога практыкавання “Мой партрэт у промнях сонца” прапаную намаляваць у цэнтры аркуша сонейка, пасярэдзіне яго напісаць імя ці ўставіць аўтапартрэт, а ўздоўж сонечных промняў размясціць уласныя перавагі і станоўчыя якасці характару. Важна, каб промняў было як мага больш. Затым вучні паказваюць свае сонейкі і расказваюць пра сябе. А завяршаецца гульня абмеркаваннем таго, як часта мы памятаем уласныя станоўчыя якасці і як часта нам гавораць пра іх іншыя, ці прыемна чалавеку чуць пра сябе толькі добрае і чаму.

Багаты матэрыял для творчасці дае прырода. Дзеці любяць прагулкі і экскурсіі ў розную пару года. Паэтычнае адкрыццё навакольнага свету адбываецца падчас знаёмства з пейзажнай лірыкай.

Наведваючы бібліятэку, настаўніца цікавіцца ў вучняў, наколькі, на іх думку, лёгка пісаць вершы, казкі ці апавяданні. Многія адказваюць, што, напэўна, цяжка, але і цікава адначасова. Пасля гэтага педагог прапануе выхаванцам паспрабаваць сябе ў ролі паэтаў і пастарацца разгадаць сакрэты мастацкага слова.

— Вучні актыўна падбіраюць рыфмы і складаюць з імі чатырохрадкоўі, паступова пачынаюць адчуваць рытміку верша, а гэта ўжо аснова вершаскладан­ня, — расказвае Іна Маўшук. — Канечне, далёка не ўсе дзіцячыя тэксты можна на­зваць сапраўднай паэзіяй, але важна, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляецца жаданне выказаць адносіны да прыроды, школы, родных, да памятных падзей, прычым нават у флегматыкаў. Знаёмства з творчасцю равеснікаў робіць іх больш уважлівымі адно да аднаго. Усе работы нараджаюцца на занятках, дзеці запісваюць іх у спецыяльныя сшыткі, якія афармляюць з выдумкай. Чарнавікі з памылкамі паказваюць індывідуальнасць кожнага. Гэта першыя крокі ў творчы свет, няхай і не заўсёды ўдалыя, але многія вучні цягнуцца да складальніцтва. Паколькі з дому школьнікі, як правіла, прыносяць пісьмовыя, але безаблічныя і клішаваныя творы, дзеці працуюць над тэкстамі менавіта на занятках.

Для развіцця інтэлектуальных здольнасцей выхаванцаў настаўніца арганізуе розныя гульні, тэма якіх абвяшчаецца загадзя.

Падчас гульні “З кнігі — на п’едэстал”, прысвечанай Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін, вучні адказваюць на пытанні пра помнікі літаратурным героям і аўтарам мастацкіх твораў. Часта звяртаюцца да формы “Сваёй гульні”: удзельнікі выбіраюць пэўную катэгорыю пытанняў. 

— Інтэлектуальныя гульні добра раскрываюць здольнасці школьнікаў, развіваюць у іх цікавасць да прадметаў,
вучаць зносінам, — лічыць Іна Маўшук. — Так, вывучэнне гісторыі тэатральнага мастацтва дзеці пачынаюць са знаё­мства з будовай старажытнагрэчаскага тэатра. Вучні глядзяць тэматычныя фільмы, рыхтуюць прэзентацыі, вырабляюць маскі і разыгрываюць у іх сцэнкі. Атрымліваецца захапляльнае спаборніцтва і яркае відовішча. У гульні “Схаваныя словы” дзеці вучацца працаваць з тэкстам: “У камедыях акцёры высмейвалі недахопы людзей. Якія? Вы знойдзеце іх у зашыфраваным тэксце: КУВОРОВСТВОЯБЛЗЛОПРСЖАДНОСТЬОБЛВЗАВИСТЬСВКАЛОЖЬБЛ”.

Калі ў звычайны ўрок даволі складана ўключыць вялікі аб’ём розных нестандартных заданняў з выкарыстаннем галаваломак, шарад, анаграм, загадак, фразеалагізмаў, прымавак, прыказак, амонімаў, сінонімаў і антонімаў, то на занятках аб’яднання па інтарэсах такой праблемы няма. Вучні не толькі з задавальненнем разгадваюць гатовыя галаваломкі, але і самі складаюць іх. 

А вось выхоўваць культуру маўлення і любоў да слова дапамагаюць конкурсы чытальнікаў. Настаўніца абвяшчае тэму спаборніцтва, а вучні падбіраюць адпаведныя вершы. Будучыя канкурсанты працуюць над правільным маўленнем, тэхнікай выканання, арыгінальнасцю падачы мастацкага тэксту. Школьнікі любяць выступаць на сцэне, таму падобныя спаборніцтвы ладзяцца не толькі на занятках, але і ў рамках прадметнага тыдня ці пэўнай святочнай даты. 

У старажытнасці казалі, што мастацтва — не мэта, а шлях. І гэта сапраўды так. Заняткі мастацтвам закладваюць падмурак для далейшага паступальнага руху ў станаўленні асобы. 

У сваёй рабоце Іна Маўшук не абыхо­дзіць увагай і літаратурна-музычныя кампазіцыі. Даволі часта яе выхаванцы становяцца не проста гледачамі, але і аўтарамі прапанаваных мерапрыемстваў, напрык­лад, да Дня абаронцаў Айчыны, калі ўдалося злучыць літаратуру, гісторыю і музыку. 

— Галоўнае на занятках — творчыя зносіны з дзецьмі і паміж імі, — упэўнена педагог. — Трэба выслухаць кожнага, улічыць яго меркаванне і абавязкова знайсці нагоду, каб пахваліць. Гэта цяжка, але менавіта псіхалагічна камфортная атмасфера пабуджае да творчасці, актывізуе мысленне і жаданне дзейнічаць. Пашырыць мастацка-эстэтычны кругагляд выхаванцаў дазваляюць творчыя выставы.

Школьнікі знаёмяцца таксама з асновамі акцёрскага майстэрства, праглядаюць тэлеспектаклі. Асабліва падабаецца вучням хадзіць на тэатральныя пастаноўкі. Яны дазваляюць дзецям глыбей пазнаць розныя грані духоўнага жыцця пэўнай эпохі, асэнсаваць літаратурны твор як частку мастацкай культуры. 

Нядзіўна, што заняткі з цягам часу прывялі да ўласнай тэатральнай дзейнасці. Ад гульняў-драматызацый, складзеных паводле народных казак, апавяданняў, баек і вершаў, школьнікі пераходзяць да тэатралізацыі рускай і замежнай літаратуры. Навучальны год завяршаецца выніковым святочным паказам, які дэманструе здольнасці кожнага дзіцяці. Але гэтаму папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа: выбар твора, яго дасканалы аналіз, вывучэнне гістарычнага матэрыялу, рэпетыцыі, стварэнне касцюмаў і дэкарацый, падбор музыкі… Займаючыся ўсім гэтым, школьнікі ўсведамляюць, што мастацтва — гэта не забава і задавальненне, а настойлівая і карпатлівая праца, звязаная з набыццём новых ведаў і ўдасканаленнем пэўных уменняў.  

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы