Што ні край, то свой звычай

- 11:27Навіны рэгіёнаў

Выхаванне навучэнцаў на традыцыях народнай культуры — адзін з галоўных кірункаў зместу адукацыйнага працэсу ў Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна.

Увядзенне дзяцей у традыцыйнае фальклорнае асяроддзе — адзін з фактараў выхавання. Ён не толькі знаёміць дзіця з навакольным светам, але і ўнушае маральныя правілы, нормы паводзін. Прычым усё гэта робіцца ў яркай эмацыянальнай форме, зразумелай і даступнай.


“Каб вы былі багатыя, як гэтая восень!” — менавіта так звычайна вітаюць адно аднаго на свята Багач, якое прымеркавана да заканчэння збору ўраджаю. Гэта даўняя выдатная традыцыя, якую любяць і чакаюць вучні, іх бацькі і настаўнікі. Калі жніво падыходзіць да канца, бацькі пакідаюць дзецям нязжатую жменю жыта — дзедаву, ці “божую бараду”. Потым кусцік зжынаюць, перавязваюць стужкай і прыносяць вучням.

Класныя кіраўнікі плануюць работу так, каб мерапрыемства было не паказальным, не сцэнічным, а каб усе, хто на ім прысутнічае, адчувалі сябе далучанымі да працэсу, былі ўдзельнікамі абраду.

На дзіва цікавай і разнастайнай атрымліваецца выстава творчых работ “Салон агародных мод”, якая арганізуецца непасрэдна перад святам. Галоўным на свяце з’яўляецца хлеб — сімвал сямейнага дабрабыту, шчаслівай долі. Менавіта таму ў гэты дзень на стале пачэснае месца займае духмяны каравай, спечаны з мукі новага ўраджаю. З працавітых рук бацькоў ён пераходзіць у дзіцячыя рукі.

Галоўнымі героямі абраду з’яўляюцца Гаспадар, Гаспадыня, Восень, Дзед-усёвед, працавітыя жнейкі і госці. На працягу ўсяго свята вучні адгадваюць загадкі, называюць прыказкі і прымаўкі пра працу, гуляюць у народныя гульні, спяваюць, танцуюць, кажуць словы падзякі залатой ніўцы, урадлівай зямельцы, цёпламу сонейку, яснаму небу, дажджавой вадзіцы. Не абыходзіцца свята і без конкурсаў “Хто шчыра дбае, той хлеб мае”, “Млын”, “Бульба”. Пераможцамі становяцца самыя спрытныя, кемлівыя, працалюбівыя.

Абавязкова ў свяце прымаюць удзел бацькі. Матулі выпякаюць розныя вырабы, накрываюць стол, частуюць дзяцей.

Заканчваецца свята ўрачыстай замовай да Багача, каб ён і ў наступным годзе забяспечыў ніву жытам і прынёс у хату дастатак.

Таццяна ДАНІЛОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раён.