Што рабіць, калі страцілі працоўную кніжку

- 17:17Новости, Школа управления

У Мінпрацы і сацабароны растлумачылі парадак дзеянняў пры страце працоўнай кніжкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дублікат (копія) працоўнай кніжкі выдаецца па пісьмовай заяве:

  • работніка да свайго наймальніка;
  • звольненага работніка — да наймальніка па апошнім месцы працы на працягу 6 месяцаў пасля яго звальнення.

Тэрмін выдачы дубліката працоўнай кніжкі — не пазней за 15 каляндарных дзён з дня паступлення заявы ад работніка.

Пры звароце работніка пасля заканчэння 6 месяцаў пасля яго звальнення ранейшым наймальнікам выдаецца даведка аб перыядзе работы, службы работніка, якая з’яўляецца падставай для афармлення па новым месцы працы работніка дубліката працоўнай кніжкі.

У выпадку ліквідацыі арганізацыі дублікат працоўнай кніжкі выдаецца наймальнікам па новым месцы працы незалежна ад тэрміну, які прайшоў з даты звальнення, на падставе звестак, якія пацвярджаюць ліквідацыю арганізацыі, і даведкі аб перыя­дзе працы (службы).

Дублікат працоўнай кніжкі запаўняе наймальнік.

Інфармацыя аб працоўнай дзейнасці работніка ўносіцца на падставе дакументаў, якія прадстаўляюцца работнікам з папярэдніх месцаў працы.

Увага! З 1 студзеня 2024 года інфармацыя аб працоўнай дзейнасці работніка ўносіцца за перыяд:

  • з 1 студзеня 2003 года — на падставе даных Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва;
  • да 1 студзеня 2003 года — на падставе дакументаў, што прадстаўляюцца работнікам з папярэдніх месцаў працы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ