Да адных і тых жа памылак прыводзяць траўмы з мінулага: калісьці яны стварылі шаблон паводзінскіх рэакцый і стэрэатыпных дзеянняў. Спыніць іх дапамагае схема-тэрапія. Як яна працуе, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” растлумачыў псіхолаг, старшы выкладчык Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, выкладчык псіхалогіі РІВШ Аляксандр Галецкі.
— Аляксандр, як працуе схема-тэрапія? Наколькі дзейснай яна з’яўляецца, калі трэба знайсці альтэрнатыўны і адаптыўны спосаб мыслення і паводзін?
— Схема-тэрапія — гэта спецыяльны падвід КПТ, заснаваны на мадэлі ранніх дэзадаптыўных схем. У сваю чаргу схема — гэта набор глыбінных перакананняў пра сябе, пра іншых і пра навакольны свет, якія фарміруюцца ў дзяцінстве і развіваюцца на працягу жыцця. Прычым фарміруюцца яны па тых шаблонах мыслення, эмоцый і паводзін, якія даўно ўкараніліся і перашкаджаюць развіццю і дабрабыту чалавека. Схемы могуць быць вынікам негатыўнага дзіцячага або іншага жыццёвага вопыту, звязанага з крытычным або хранічным незадавальненнем базавых эмацыянальных патрэб. У выніку ў чалавека могуць сфарміравацца пэўныя перакананні, эмацыянальныя і паводзінскія рэакцыі. Схема-тэрапія грунтуецца на тэорыі недабудаванага сябе і з’яўляецца эфектыўным падыходам да лячэння эмацыянальных і паводзінскіх праблем.
— У адрозненне ад КПТ схема-тэрапія заўсёды дзейсная ў дачыненні да тых, хто пакутуе ад засмучэння асобы?
— Схема-тэрапія можа быць эфектыўным падыходам для людзей, якія пакутуюць ад засмучэнняў асобы, аднак яе эфектыўнасць можа залежаць ад канкрэтнага выпадку і індывідуальных асаблівасцей пацыента.
Засмучэнні асобы характарызуюцца шаблонамі мыслення, паводзін і эмацыянальных рэакцый, з якімі чалавек даўно жыве, да якіх ён прывык і якімі кіруецца ў многіх сітуацыях. Схема-тэрапія накіравана на работу з такімі глыбокімі схемамі, што дазваляе ператвараць і мяняць негатыўныя мадэлі паводзін і развіваць больш адаптыўныя стратэгіі. Але ў выпадку цяжкіх засмучэнняў асобы для дасягнення найлепшых вынікаў можа спатрэбіцца камбінаваны падыход. Ён уключае ў сябе розныя метады і тэрапеўтычныя падыходы, у тым ліку некаторыя іншыя напрамкі КПТ і псіхафармакатэрапію.
Такім чынам, схема-тэрапія мае патэнцыял для эфектыўнай работы з засмучэннямі асобы, але канчатковае рашэнне аб падыходзе да лячэння павінна прымацца спецыялістам на аснове акалічнасцей кожнага асобнага выпадку.
— Па якіх прыкметах псіхолаг можа зразумець, што перад ім чалавек з засмучэннем асобы? Якія тыповыя прыкметы гэта выдаюць?
— Ёсць шэраг тыповых маркераў, якія могуць паказваць на магчымую наяўнасць засмучэння асобы. У першую чаргу гэта нестабільнасць эмоцый. У чалавека з’яўляюцца інтэнсіўныя і нестабільныя эмацыянальныя рэакцыі на розныя сітуацыі, хутка мяняецца настрой, назіраюцца яркія эмацыянальныя пад’ёмы, ёсць праблемы з кантролем эмоцый.
Акрамя гэтага, у чалавека з засмучэннем асобы прасочваецца негатыўнае ўспрыманне сябе і навакольных. Ён можа адчуваць няўпэўненасць, непаўнавартаснасць і не прымаць уласныя дасягненні. Таксама такі чалавек можа негатыўна ставіцца да навакольных людзей і мець праблемы ва ўсталяванні і падтрыманні ўзаемаадносін. Наяўнасць працяглых і ўстойлівых негатыўных паводзінскіх мадэлей, такіх як неспакой, пазбяганне блізкасці, эмацыянальная няўстойлівасць, таксама паказваюць на тое, што перад псіхолагам знаходзіцца кліент з засмучэннем асобы.
Важна адзначыць, што, для таго каб пацвердзіць наяўнасць засмучэння асобы, патрэбна больш глыбокая і падрабязная ацэнка з боку спецыяліста. Для гэтага прымяняюцца стандартызаваныя інструменты і крытэрыі.
Эмоцыі па шаблонах
— Ці заўсёды ў схеме-тэрапіі аналіз дзіцячага вопыту з’яўляецца важным элементам дыягностыкі?
— Так, у схеме-тэрапіі аналіз дзіцячага вопыту заўсёды з’яўляецца важным элементам дыягностыкі і лячэння. Дзіцячы вопыт адыгрывае значную ролю ў фарміраванні схем, якія могуць стаць асновай для розных псіхалагічных праблем, уключаючы засмучэнні асобы.
Аналіз дзіцячага вопыту ўключае ў сябе работу з пацыентам па выяўленні і разуменні ранніх падзей і ўзаемадзеянняў, якія маглі паўплываць на яго эмацыянальнае і кагнітыўнае развіццё. Таксама разглядаюцца адносіны з бацькамі і іншымі значнымі людзьмі, траўматычныя падзеі і моманты непажаданага вопыту. Гэта дазваляе зразумець, як раннія падзеі і адносіны могуць быць звязаны з бягучымі праблемамі і схемамі, як яны ўплываюць на сённяшняе мысленне і паводзіны.
— Чаму ў схеме-тэрапіі псіхолаг павінен быць у пазіцыі абмежаванага бацькоўства? У чым дапамагае рэпарэнтынг?
— Схема-тэрапія насамрэч уключае ў сябе канцэпцыю абмежаванага бацькоўства, або рэпарэнтынгу, і прадугледжвае, што псіхолаг займае пазіцыю аднаго з бацькоў падчас тэрапіі. Гэта азначае, што тэрапеўт павінен клапаціцца, разумець, падтрымліваць кліента, вытрымліваць яго межы, каб такім чынам дапамагчы яму перажыць і адчуць здаровы бацькоўскі вопыт падчас тэрапеўтычных зносін.
Абмежаванае бацькоўства ў схеме-тэрапіі дапамагае па некалькіх прычынах. Сярод іх запаўненне эмацыянальных прабелаў, устанаўленне трывалых меж, падтрымка росту і развіцця кліента і інш.
— Як схема-тэрапія працуе ў дачыненні да людзей з антысацыяльным засмучэннем? Ці паддаюцца ўвогуле сацыяпаты тэрапіі?
— Схема-тэрапія можа быць карыснай у рабоце з людзьмі, якія маюць антысацыяльныя засмучэнні, але ёсць шэраг фактараў, якія могуць абцяжарыць прымяненне гэтага падыходу ў такіх выпадках. Антысацыяльнае засмучэнне таксама вядома як псіхапатыя або сацыяпатыя. Яно характарызуецца парушэннем паводзін, недахопам або адсутнасцю эмпатыі, грэблівым стаўленнем да правіл і патрэб іншых людзей, а таксама павышанай рызыкай для сябе і для навакольных.
Адным з асноўных выклікаў у рабоце з тымі, хто мае антысацыяльныя засмучэнні, з’яўляецца іх нежаданне і незгаворлівасць прайсці тэрапію. Людзі з гэтым засмучэннем звычайна не адчуваюць адмоўных эмоцый або пачуццяў у выніку сваіх дэструктыўных дзеянняў і часта не вераць у неабходнасць змяненняў або лячэння. Гэта можа зрабіць цяжкім матывацыю пацыента на працэс змяненняў і актыўнага ўдзелу ў тэрапеўтычнай рабоце. Акрамя таго, некаторыя рысы антысацыяльнага засмучэння, такія як маніпуляцыя, схільнасць да падману і адсутнасць эмацыянальнай аддачы, могуць ствараць цяжкасці ва ўсталяванні сувязі і даверу паміж пацыентам і тэрапеўтам.
Тым не менш схема-тэрапія можа быць карыснай падчас работы з аспектамі антысацыяльнага засмучэння: дэструктыўнымі схемамі мыслення, паводзінамі і ўстаноўкамі. Таксама яна можа дапамагчы ў развіцці эмацыянальнай рэгуляцыі і навыкаў міжасобаснага ўзаемадзеяння. Аднак поспех тэрапіі будзе залежаць ад матывацыі і супрацоўніцтва пацыента, а таксама ад таго, наколькі моцныя выяўленыя сімптомы антысацыяльнага засмучэння і праблемы, звязаныя з ім.
Перш чым прыступаць да тэрапіі, важна прааналізаваць і ацаніць канкрэтныя патрэбы пацыента і вызначыць, якія падыходы і метады будуць найбольш эфектыўнымі ў гэтым выпадку. Каманда спецыялістаў, уключаючы псіхолагаў і псіхіятраў, разам можа распрацаваць найбольш эфектыўны план лячэння.
— Якія абмежаванні для схемы-тэрапіі існуюць?
— Схема-тэрапія, як і любы іншы падыход псіхатэрапіі, мае свае абмежаванні. Самы першы і важны — складанасць і працягласць лячэння.
Цяжкасці з матывацыяй і супрацоўніцтвам таксама могуць стаць перашкодай да работы са схемамі. У залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей кліента некаторыя людзі адчуваюць цяжкасці з матывацыяй або супрацоўніцтвам у тэрапіі. Напрыклад, асобы з антысацыяльным засмучэннем або нізкай матывацыяй, якія хочуць змяніцца, могуць адчуваць цяжкасці з прыняццем і ўкараненнем прапанаваных стратэгій.
Усе людзі ўнікальныя, і розныя метады тэрапіі могуць быць эфектыўнымі ў розных сітуацыях. Схема-тэрапія не з’яўляецца ўніверсальным рашэннем для ўсіх псіхалагічных праблем і расстройстваў. У некаторых выпадках, каб дасягнуць найлепшага выніку, можа спатрэбіцца камбінацыя розных метадаў і падыходаў.
Падтрымаць бацькоў
— Аляксандр, ці можа схема-тэрапія прымяняцца ў тэрапіі з дзецьмі і падлеткамі?
— Так, схема-тэрапія можа прымяняцца ў рабоце дзецьмі і падлеткамі. Падыходы і метады схемы-тэрапіі могуць быць адаптаваны і мадыфікаваны з улікам узроставых асаблівасцей і развіцця маладых людзей. Прымяняючы схему-тэрапію ў рабоце са школьнікамі, можна на раннім этапе выявіць дэструк-
тыўныя схемы і ўстаноўкі і прапрацаваць іх. Схемы могуць быць сфарміраваныя ўжо ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Адпаведная схема-тэрапія дапаможа ідэнтыфікаваць іх і працаваць з імі на ранніх стадыях, дазваляючы пазбягаць паўтарэння ў дарослым жыцці.
Схема-тэрапія дапамагае развіццю эмацыянальнай рэгуляцыі і міжасобасных навыкаў. Дзеці і падлеткі могуць адчуваць цяжкасці з эмоцыямі, ва ўсталяванні здаровых міжасобасных адносін. Схема-тэрапія дапамагае справіцца з гэтым.
Адзначаны метад можа падтрымаць бацькоў, калі яны ўзаемадзейнічаюць са сваімі дзецьмі. Магчымасць развіваць навыкі ў дарослых па вызначэнні меж, камунікацыі і эмацыянальнай падтрымкі — гэта важны складнік работы з дзецьмі праз схемы.
Як і ў выпадку работы з дарослымі, важна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці або падлетка. Псіхолагі і тэрапеўты, якія працуюць з імі, павінны мець вопыт і адукацыю ў галіне развіцця і тэрапіі дзяцей і падлеткаў, каб адаптаваць схему-тэрапію да іх унікальных патрэб і магчымасцей.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА