Сіла — у камандзе

- 10:07Дадатковая адукацыя

Клуб змешаных адзінаборстваў “Фенікс” адпавядае сваёй назве. У яго гісторыі былі моманты, калі хтосьці сыходзіў, хтосьці вяртаўся, даводзілася мяняць пляцоўку. Уздымы і падзенні — гэта норма для любой справы, але ў клубе яны сталі сімвалічнымі.

Адкрытыя

“Фенікс” нарадзіўся ў 2005 годзе ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Ранак” Мінска. Ініцыятарам і заснавальнікам стала Ірына Каралькова. “Я прыйшла ў спорт выпадкова, — гаворыць Ірына Ула­дзіміраўна. — У 11 гадоў мама завяла мяне ў гурток па хоры, а ў суседнім кабінеце займаліся вольнай барацьбой. На другі дзень заняткаў я туды зазірнула і там засталася. Трэніроўкі былі паспяховымі: трапіла ў жаночую зборную Беларусі па вольнай барацьбе. Потым займалася рукапашным боем, скончыла БДУФК, стала трэнерам”.

Пачынаўся клуб з 250 выхаванцаў, зараз у ім трэніруецца больш за 400 дзяцей. На заняткі бяруць з 5 гадоў. Да 8 гадоў ідзе агульнафізічная падрыхтоўка. Трэнеры закладваюць ударную базу і базу фізічных якасцей. Галоўная перавага клуба — да іх можа прыйс­ці любое дзіця. Яно само выбірае: стац­ь аматарам і займацца для свайго здароўя, развіцця, самаўпэўненасці або прафесіяналам, які атрымае званне і бу­дзе ўдзельнічац­ь у сур’ёзных спаборніцтвах. Максімум па ў­зросце — студэнты да 25 гадоў, але могуць хадзіць і дарослыя для ўласнага развіцця, падтрымання формы.

“Цяпер спорт больш канкурэнтны, — разважае Ірына Каралькова. — Ёсць шмат напрамкаў, шмат клубаў. Каб дзеці прыйшлі ў твой, ты павінен паказаць высокі ўзровень. Патрэбны кваліфікаваны трэнер, добрая спартыўная зала. Цяпер моладзь больш патрабавальная. Калі я пачынала, усё было прасцей”.

Некаторыя выхаванцы спачатку трэніруюцца ў “Феніксе”, а потым прыходзяць туды працаваць. Так было з Сяргеем Малчанавым, Дзянісам Магерам, Максімам Сцяцко, Настассяй Плоціцай. Аднадумцамі па стварэнні клуба сталі Максім Каралькоў і Дзмітрый Давідчук. Яны ўжо даўно працуюц­ь і нават выхавалі некаторых цяперашніх калег. “У нас каля 15 трэнераў, якія працу­юць па розных базах. Клуб мае філіялы ў Слуцку, Маладзечне, Салігорску, — расказвае Ірына Каралькова. — Мы стараемся пашырацца і прасоўваць наш кірунак, каб дзеці часцей прыходзілі ў спартыўную залу”.

Выхаванцаў клуба дзеляць па ў­зроставых групах. Асобна займаецца група вышэйшага спартыўнага майстэрства. Гэта зборная, куды бяруць КМС, майстроў спорту і майстроў спорту міжнароднага класа. Заняткі пачынаюцца з размінкі, трэба разагрэць суставы, падрыхтаваць цела да работы. Потым ідзе спецыяльная частка: трэнеры даюц­ь практыкаванні на развіццё якасцей, якія запланаваны на пэўны дзень. Гэта можа быць хуткасць, цягавітасц­ь і інш. Затым — асноўная частка, куды ўваходзяць асноўныя комплексы практыкаванняў. Напрыклад, удары рукамі, нагамі, іх спалучэнне, блакіроўка. У заключнай част­цы спартсмены пераходзяць у павольны тэмп, расцягваюцца і супакойваюць свой арганізм.

Калі дзіцяці не падыходзіць методыка пэўнага трэнера, яно можа перайсці да іншага. У “Феніксе” няма нездаровай канкурэнцыі. Галоўнае — каб дзіця засталося ў спорце, а хто з ім будзе займацца, пытанне не першай важнасці. Некаторым трэба змяніць групу, таму што расклад не падыходзiць. Тут таксама ніякіх праблем. Бывае нават так, што выхаванец хо­дзіць то да аднаго трэнера, то да другога. Сітуацыі розныя, але ўспрыманне аднолькавае — адэк­ватнае.

У клубе ёсць прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы па рукапашным баі, ММА, пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў па грэплінгу, рукапашным баі, змешаных адзінаборствах. Трэнеры падрыхтавалі 47 майстроў спорту і 11 майстроў спорту міжнароднага класа.

“Збоку відаць, як дзіця развіваецца за час заняткаў. У яго з’яўляюцца сіла, цягавітасць, яно становіцца мацнейшым, бачны рэльеф мышцаў. І гэта без трэнажорнай залы, толькі за кошт самых простых фізічных практыкаванняў, якія паказваюць яшчэ ў школе. Пры рэгулярных занятках, правільным падыходзе яны даюць выдатны вынік, — гаворыць Ірына Каралькова. — Ёсць і псіхалагічны эфект. У 5 гадоў дзеці прыходзяць няўпэўненымі, некаторыя нават са слязьмі. З часам яны супакойваюцца, прызвычайваюцца і ўліваюцца ў калектыў. Дзякуючы рабоце становяцца больш упэўненымі ў сабе і разумеюць, што, калі ты чагосьці не ўмееш, пры пэўных намаганнях усё рана ці позна атрымаецца”.

Універсальныя

Змешаныя адзінаборствы лічацца адным з універсальных відаў спорту, там ёсць як элементы барацьбы, так і ўдарнай тэхнікі. Таму спартсмены клуба ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па ўшу-саньда, рукапашным баі, змешаных адзінаборствах, кікбоксінгу, грэплінгу, баявым самба. Кожны від — гэта пэўныя правілы і патрабаванні. Трэнер рыхтуе выхаванцаў пад спаборніцтвы, правілы, тэхніку, каб яны маглі максімальна якасна і добра выступіць.

Ірына Уладзіміраўна, як суддзя нацыянальнай катэгорыі па рукапашным баі і суддзя міжнароднай катэгорыі па змешаных адзіна­борствах, часам абслугоўвае турніры, дзе выступаюць выхаванцы “Фенікса”. “Цяжка трымац­ь у сабе эмоцыі, не хварэць за спартсмена свайго клуба, быць непрадузятым, цвяроза ацэньваць паядынак, аддавац­ь перамогу таму, хто заслужыў. Трэба разумець, што тут ты ў першую чаргу незалежны суддзя, гэта твая прафесія і ніякіх эмоцый быць не можа”. Цяжка і ад адказнасці. Як правіла, у сур’ёзных турнірах удзельнічаюць спартсмены высокага класа. Паядынкі складаныя, байцы выступаюць практычна аднолькава, але суддзя павінен вызначыц­ь лепшага і аддаць яму балы. Незадаволены бок можа падаць пратэст на рашэнне суддзі, і той павінен адказац­ь за сваё рашэнне. Ірына Уладзіміраўна з такім сутыкалася. У яе былі прафесійныя сумненні, ці правільна яна ацаніла гэты бой, ці ўбачыла ўсе прыёмы, якія зрабіў спартсмен. Такія думкі могуць мучыць некалькі дзён.

“Тое, што я працую суддзёй, дапамагае мне ў падрыхтоўцы дзяцей у клубе. На падсвядомым узроўні ты добра ведаеш правілы, у цябе ёсць бачанне паядынку, самога працэсу барацьбы. Стараюся данесці да дзяцей, як суддзя ўспрымае бой збоку, як ён яго ацэньвае”.

Прафесійныя

13—15 лістапада ў Мінску прайшоў чэмпіянат Еўропы па рукапашным баі. Спартсмены клуба “Фенікс” заваявалі 2 бронзавыя і 2 сярэбраныя медалі, а педагог Дзяніс Магер узяў “золата”. Раней ён выйграваў чэмпіянат Еўропы па ММА, рукапашным баі і чэмпіянат свету па рукапашным баі. Цудоўныя вынікі для хлопца, які пачаў займацца змешанымі адзінаборствамі толькі ў 16 гадоў. Да гэтага 10 гадоў Дзяніс хадзіў на футбол. Калі кінуў, паўгода нічым не займаўся, але хацеў з сябрамі паспрабаваць сябе ў якім-небудзь відзе адзінаборстваў. “Два сябра схадзілі ў клуб “Фенікс”, мы падцягнуліся за імі. Хадзілі ў звычайную групу, нас было чалавек 5—7 з кампаніі, — расказвае Дзяніс Магер. — З часам адзін перастаў ха­дзіць, другі, трэці, праз год застаўся толькі я. Напэўна, таму што за 10 гадоў выпрацаваў звычку трэніравацца ў другой палове дня, ведаў, што ўвечары заў­сёды буду заняты. Хлопцам, якія ўпершыню з гэтым сутыкнуліся, было складана. Праз паўгода я трапіў у зборную каманду клуба”.

Часам трэнеры праводзяць майстар-класы для цяжкіх падлеткаў, якія стаяць на ўліку. Ім паказваюць самыя простыя элементы, яны паўтараюць. Некаторыя пасля прыходзяць у клуб займацца і нават знімаюцца з уліку.

Дзяніс пазіцыянуе сябе ў першую чаргу як спартсмен. Трэніруецца два разы на дзень з панядзелка па пятніцу і адзін раз у суботу. Раней ён выступаў на аматарскім узроўні, цяпер чакае дэбюту на прафесійным. Аматарскі — гэта баі на чэмпіянатах Еўропы і свету. Але ён толькі на словах аматарскі, таму што спартсмены рыхтуюцца да паядынкаў сур’ёзна. У прафесійным спорце на баях ты зарабляеш рэйтынг і ганарары. “Спачатку я рабіў акцэнт на аматарскую кар’еру, таму што ты проста б’ешся, набіраешся вопыту, адзін раз прайграў, другі — выйграў, нічога страшнага. У прафесійным спорце вядуць статыстыку, таму за пройгрышамі і выйгрышамі сочаць.

У мяне ў галаве быў такі план: стану чэмпіёнам Еўропы, пайду ў прафесіяналы. Калі стаў, падумаў, хачу выйграць яшчэ і чэмпіянат свету. Праз паўгода пачаў праводзіць прафесійныя баі ў нашай беларускай лізе BFC. Перамог у тытульным баі і праз 2—3 месяцы выйграў чэмпіянат свету па рукапашным баі. На наступны год правёў тры прафесійныя баі ў Беларусі і падпісаў кантракт з бахрэйнскай арганізацыяй. На жаль, пакуль мой дэбют пераносіцца. Але я трэніруюся, трымаю сябе ў форме. Каб не было прастою, вырашыў паўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы па рукапашным баі і выйграў яго”.

Да трэніровак у Дзяніса дадаюцца заняткі з дзецьмі 6 дзён на тыдзень. Фізічная і маральная стомленасць часам перашкаджае сканцэнтравацца на рабоце педагога. Але ў сярэдзіне заняткаў напружанне спадае, і працэс прыносіць задавальненне. Асабліва радасна, калі выхаванец выйграе на спаборніцтвах. Свае баі і перамогі так не ўспрымаюцца, бо гэта работа, а ў дзяцей усё шчыра.


Клуб “Фенікс” — гэта каманда. Ім шанцуе з людзьмі: як у пачатку з’явіўся добры калектыў, так туды і прыходзяць матываваныя, адкрытыя трэнеры. А за імі падцягваюцца такія ж дзеці.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва СК “Фенікс”.