Сімвалічны ключ ад сталічных варот

У суботу Баранавічы афіцыйна ўступілі ў правы стольнага маладзёжнага горада, атрымаўшы сімвалічны ключ ад яго сімвалічных варот. Такі падарунак першай у гісторыі Беларусі маладзёжнай сталіцы і яе мэру Юрыю Грамакоўскаму ўручыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Удзельнікамі ўрачыстай падзеі сталі не толькі жыхары Баранавіч, але і студэнцкая моладзь з усёй краіны.

Ганаровая місія

— За старшыню Баранавіцкага гарвыканкама можна і парадавацца, і паспачуваць яму. Раней Юрый Анатольевіч быў мэрам прыгожага і ўтульнага горада, а цяпер стаў кіраўніком сталіцы — самага неспакойнага і жывога горада, горада актыўнай моладзі. Для кіраўніцтва горада такі статус — гэта ганаровая місія праводзіць самыя маштабныя рэспубліканскія мерапрыемствы. Я рады, што перамогу ў конкурсе “Маладзёжная сталіца” атрымалі менавіта Баранавічы. Іх перамога невыпадковая: у горадзе больш за чвэрць насельніцтва — гэта моладзь — актыўная, мэтанакіраваная і адукаваная. Мы ў сваю чаргу зробім усё магчымае, каб Баранавічы адпавядалі званню сталічнага горада, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.Рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Іванавіч Качурка адзначыў, што ён і яго калегі выкарыстаюць магчымасць, каб паказаць ва ўсёй прыгажосці свой універсітэт. Па словах Міхаіла Анатольевіча, для гэтага будзе шмат нагод: многія мерапрыемствы пройдуць на яго пляцоўцы і будуць папулярызаваць і ўстанову, і моладзь краіны. Так, у гэтым годзе не толькі ў Мінску, але і ў Баранавічах пройдзе некалькі знакавых семінараў са студэнтамі і прадстаўнікамі ўніверсітэтаў практычна з усіх еўрапейскіх дзяржаў. На іх беларуская моладзь атрымае магчымасць паказаць сябе не толькі творча, але і прадэманстраваць свой інтэлектуальны патэнцыял. Міністр адукацыі выказаў упэўненасць, што сімвалічны ключ адчыніць дзверы для моладзі з усёй краіны да адукацыі і ў іншых навучальных установах Баранавіч.
— Тое, што Баранавічы прызнаны першай сталіцай моладзі ў гісторыі нашай краіны, — велізарны гонар для нас, — адзначыў Ю.А.Грамакоўскі. — Рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў горадзе ўдзяляецца шмат увагі, і ад кожнага з нас залежыць, ці будуць створаны ўмовы для таго, каб юнакі і дзяўчаты змаглі рэалізаваць сябе тут. Баранавіцкая моладзь нас радуе поспехамі ў сферы адукацыі, спорце, культуры і вытворчасці. Маладыя людзі ніколі не застаюцца ў баку ад гарадскіх пытанняў і прапаноў. Напрыклад, толькі дзякуючы ініцыятыве моладзі ў 2015 годзе мы адкрылі не проста гарадскі парк, а парк моладзі “Натхнёныя Перамогай”, дзе створана Алея Закаханых, функцыянуе поўнамаштабная лыжаролерная траса, пляцоўка для варкаўта і скейт-парк, які нічым не саступае сталічнаму. Маладзёжная сталіца — гэта, вядома, гучыць горда, і мы выдатна ўсведамляем той цяжар адказнасці, які ўскладзены на нас. Думаю, мы не падвядзём і пранясём яго з гонарам не толькі ў гэтым годзе, але і ў наступных. У нас дружная каманда, а разам мы зможам многае.

Лабірынтамі творчасці

Пераканацца ў тым, што ганаровае званне “Маладзёжная сталіца” Баранавічы атрымалі недарма, можна было да самага вечара. Па ўсім горадзе разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі дзіцячай творчасці. Адна з іх — у Палацы дзіцячай творчасці. Тут у пошуку адказаў на спрадвечныя пытанні “Што?”, “Дзе?”, “Калі?” сышліся лепшыя галовы горада — удзельнікі інтэлектуальнага клуба “Альянс” — шматкратныя прызёры і чэмпіёны рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, уладальнікі тытула “Эрудыты планеты”. У свет сузор’яў запрасіў гасцей астранамічны клуб “Галактыка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі наведаць і мабільны планетарый, дзе вучоныя расказалі ім пра сувязь паміж астраноміяй і часам.Для моладзі горада педагогі палаца правялі шэраг майстар-класаў — па лепцы керамічных аб’ёмных скульптурак, па стварэнні сувеніраў да Дня закаханых, па пляценні з бісеру; фларысты паказалі, як з прыроднага матэрыялу можна ствараць абярэгі на шчасце, кулінары пачаравалі з цестам. Падчас прэзентацыі работы аб’яднанні па інтарэсах знайшлі мноства прыхільнікаў, якія захапіліся атлетычнай гімнастыкай, майстэрствам рукапашнага бою, усходнімі і бальнымі танцамі, вакалам. Для маленькіх модніц педагогі раскрылі сакрэты прыгажосці, зачаравалі дызайнерскімі ідэямі тэатра моды.
Самы вялікі ажыятаж выклікалі тэатральныя майстар-класы, якіх было праведзена адразу некалькі: па тэатральнай харэаграфіі, акцёрскім майстэрстве, сцэнічным баі, сцэнічным руху. Замацаваў уражанні гасцей палаца спектакль “Медэя” — жаночы погляд на вядомую гісторыю. За гэты спектакль юныя акцёры, удзельнікі ўзорнага тэатра-студыі “Паралель”, днямі прывезлі 1-е месца і шэраг перамог у розных намінацыях з Міжнароднага тэатральнага фестывалю-конкурсу Kultur on Tour, які традыцыйна праходзіць у нямецкім Брэмене.
Як расказала Ларыса Яўгенаўна Сартакова, рэжысёр і кіраўнік тэатра-студыі “Паралель”, сёлета калектыву споўніцца 19 гадоў, у ім займаюцца больш за 50 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 27 гадоў. За гэты час было пастаўлена больш за 50 спектакляў, ва ўсіх іх бачны почырк тэатра — сінтэз драмы і харэаграфіі. Пра ўзровень захаплення моладзі і іх падрыхтоўку гаворыць тое, што 18 выпускнікоў прафесійна займаюцца тэатральнай акцёрскай дзейнасцю, працуюць у айчынных тэатрах, тэатрах Расіі, ЗША. Некаторыя з іх з’яўляюцца членамі міжнароднага тэатральнага фестывалю “Паралельныя міры”, які праходзіць пры палацы ўжо 6 гадоў. Не менш насычанай была праграма на эколага-турыстычнай пляцоўцы. Так, у Цэнтры турызму і краязнаўства прайшло спартыўнае свята “Турыстычны гарадок” і забаўляльна-спартыўная праграма “Тата, мама, я — турыстычная сям’я”, конкурсная праграма “Юны турыст”, брэйн-рынг “Ваенная гісторыя Беларусі”, краязнаўчая віктарына.
Супрацоўнікі эколага-біялагічнага цэнтра паказалі сваю зялёную гаспадарку, якая займае ажно чатыры з паловай гектары, запрасілі шматлікіх гасцей на экскурсію па аранжарэі, правялі па экалагічнай сцежцы, дзе расказалі, як птушкі будуюць гнёзды, як вызначыць жывёл і птушак па слядах на снезе, на выставе жывёл пазнаёмілі з махнатымі насельнікамі цэнтра і нават правялі майстар-клас па стрыжцы сабак. Людна было і на майстар-класах па фларыстыцы і раслінаводстве.
Таццяна Уладзіміраўна Варабей, метадыст цэнтра, ужо сёння абдумвае, як разнастаіць работу ў цэнтры:
— Хоць выхаванцаў у нас нямала (сёлета іх 1310), але ў асноўным гэта навучэнцы 5—8 класаў. Мы б хацелі, каб занятак па душы знайшлі і старшакласнікі. Думаю, што для іх будзе больш актуальнай дапрафесійная падрыхтоўка. Першыя крокі ў нашым цэнтры ўжо могуць зрабіць будучыя садаводы, агароднікі, ландшафтныя дызайнеры, медыкі. Хочацца сёлета пашырыць гэты кірунак.
Думаецца, што гэта будзе правільны шлях. У прыватнасці, іх аб’яднанне па інтарэсах “Юны медык” вельмі запатрабавана і пакуль адзінае ў Брэсцкім рэгіёне. У ім займаюцца 45 выхаванцаў — гэта навучэнцы 8—11 класаў устаноў горада. Яны вывучаюць захворванні, іх прафілактыку, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, замацоўваюць веды на базе розных медыцынскіх устаноў пад кіраўніцтвам прафесараў, дацэнтаў, напрыклад, наладжана сувязь з кафедрай нармальнай анатоміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У гэтыя дні юныя медыкі знаёмілі сваіх гасцей з фітатэрапіяй і частавалі гарбатай.
— Мы вырошчваем 56 відаў лекавых раслін, з іх гатуем лекавыя, вітамінныя зборы. У сённяшнім меню — гаючыя напіткі з шасці розных збораў, — гавораць юныя медыкі Аляксандра Пятрашка і Валерыя Радчанка. — Але падчас дэгустацыі школьнікі не толькі цікавяцца ўласцівасцямі напіткаў, але і могуць узяць у нас насенне і вырошчваць іх у сябе на ўчастках, гатаваць зборы самастойна.
Абедзве дзяўчыны мараць пра медыцынскую прафесію, але кірунак пакуль яшчэ не выбралі. Па словах Таццяны Васільеўны Баршчэўскай, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Юны медык”, спачатку яе выхаванцы мараць стаць тэрапеўтамі, хірургамі, а потым, дзякуючы дасканаламу вывучэнню прафілактыкі захворванняў, у прыватнасці, захапіўшыся лекавымі травамі, некаторыя з іх задумваюцца і пра такія спецыялізацыі, як “фітатэрапія”, “валеалогія”.
Людна было і на культурна-асветніцкай пляцоўцы, якая разгарнулася адразу ў шасці ўстановах горада. Тут прайшлі выставы творчых работ, канцэрты, у ліку якіх і канцэрт фартэпіяннай музыкі, тэатралізаваныя паказы, модны паказ “Уборы з бабулінага куфэрка”.
Горача ва ўсіх сэнсах было на спартыўнай пляцоўцы. Ва ўстановах горада прайшлі спаборніцтвы па горна-пешаходным турызме, спартыўным арыентаванні, мастацкай гімнастыцы, спартыўнай акрабатыцы, гарадскі турнір па боксе, першынство Брэсцкай вобласці па шахматах. Вызначыліся лідары і сярод хакеістаў, прайшлі паказальныя выступленні юных фігурыстаў, выступленні ўдзельнікаў Міжнародных спаборніцтваў BаbyCap. Школы горада правялі матчы па валейболе, гандболе, дзюдо. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце прайшло першынство па настольным тэнісе сярод студэнтаў і педагогаў, матчавыя сустрэчы па валейболе, турнір па плаванні на прызы Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту.
Зрабілі студэнты перадышку толькі на час дыялогу ў адкрытым фармаце “Залог поспеху краіны — поспех моладзі”, на якім студэнты вышэйшых навучальных устаноў з усіх куточкаў краіны змаглі задаць пытанні міністру адукацыі. Большасць з іх тычылася вучобы: сучасных падыходаў у адукацыі, новых спецыяльнасцей, гатоўнасці прадпрыемстваў да доўгатэрміновых навукаёмістых праектаў. Адказваючы на пытанне студэнта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, які пацікавіўся, ці магчыма, каб лекцыі чыталі не толькі выкладчыкі, але і спецыялісты з вытворчасці, Міхаіл Анатольевіч адказаў, што гэта неабходна рабіць, прычым запрашаць ва ўніверсітэты трэба і фінансістаў, і прыватных прадпрымальнікаў.
Завяршылася суботняе свята ў канцэртна-актавай зале ўніверсітэта, дзе прайшоў рэспубліканскі канцэрт “Арт-экспрэс”, у якім творча прадставілі сябе студэнты 43 вышэйшых навучальных устаноў краіны і зоркі беларускай эстрады.
Такім насычаным быў першы дзень Баранавіч у статусе маладзёжнай сталіцы. Яшчэ больш горад плануе правесці на працягу года: культурна-масавыя, спартыўна-відовішчныя, навуковыя мерапрыемствы — усіх запланавана больш за 140 як гарадскога, так і рэспубліканскага маштабу. Так, люты ў Баранавічах пройдзе пад знакам здаровага ладу жыцця. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў горадзе збяруцца асілкі з усёй Беларусі на Рэспубліканскі турнір па гіравым спорце. Не менш захапляльнымі абяцаюць стаць спаборніцтвы па каратэ, боўлінгу, більярдзе. Кульмінацыяй стане май, калі горад будзе святкаваць 145- гадовы юбілей. У маі ў Баранавічах пройдзе шэраг культурных мерапрыемстваў, напрыклад, Міжнародны фестываль духавой музыкі. Ліпень пройдзе пад знакам актыўнага адпачынку. На гэты час запланаваны міжнародны паўмарафон, прысвечаны вызваленню горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і фестываль “Моладзь Беларусі і Расіі ў XXI стагоддзі разам”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.