Скарбонка ўнікальнага вопыту

- 10:37Выхаванне

Адкрываючы прэс-канферэнцыю, Л.В.Емяльянчык адзначыла, што сёння Нацыянальны адукацына-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” з’яўляецца флагманам дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў краіне і па праве заваяваў славу на міжнароднай арэне.

— Цэнтр па сваёй сутнасці з’яўляецца ўнікальнай установай, у якой удала спалучаюцца адукацыйны і аздараўленчы складнікі, рэалізоў­ваецца працэс выхавання патрыётаў, — падкрэсліла Ларыса Васільеўна. — Эфектыўнасць гэтай работы пацвярджаецца на працягу ўсіх 50 гадоў існавання цэнтра. Са­праўды, некалькі дзесяцігоддзяў сюды накіроўваліся і накіроўваюцца лепшыя з лепшых: тыя дзеці, якія дасягалі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай рабоце. Шматлікія спартсмены, музыканты, грамадскія дзеячы нашай краіны калісьці былі выхаванцамі, а зараз з’яўляюцца сябрамі і сацыяльнымі партнёрамі “Зубраняці”. Унікальнасць цэнтра таксама ў тым, што апошнім часам ён прадстаўлены і на міжнароднай арэне. Сюды прыязджаюць дзеці не толькі з нашых краін-суседак, але і з далёкага замежжа: Кітая, Японіі, Сірыі, ЗША. Таксама сёння “Зубраня” з’яўляецца цэнтрам навукова-метадычнага суправаджэння ўсёй сістэмы дзіцячага адпачынку. Калектыў цэнтра неаднаразова ўзнагароджваўся на розных узроўнях, а ў 2015 годзе за шматгадовую дзей­насць быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Выступаючы перад журналістамі, дырэктар цэнтра Н.Г.Ануфрыева нагадала, што першая ўрачыстая лінейка ў тады яшчэ Рэспубліканскім піянерскім лагеры ЦК ЛКСМБ “Зубраня” адбылася 17 жніўня 1969 года.

— Вельмі хутка праляцелі 50 гадоў, але зараз, як і раней, цэнтр застаецца маладым. Грамадзяне нашай Краіны дзяцінства, як мы часта называем “Зубраня”, — гэта дзеці малодшага школьнага ўзросту, падлеткі і старэйшыя школьнікі, — адзначыла Надзея Генадзьеўна. — На пачатку дзейнасці за год лагер наведвалі каля 6 тысяч дзяцей, а сёння гэтая лічба вырасла да 16 тысяч. Лагер увесь час развіваўся. Сёння гэта сучасная інфраструктура сусветнага ўзроўню ў плане архітэктуры, добраўпарадкавання і ўмоў жыцця нашых выхаванцаў. Усе справядліва адзначаюць, што “Зубраня” адрозніваецца створанай атмасферай узаема­дзеяння выхаванцаў і педагогаў на розных узроўнях. На кароткі перыяд
(18 ці 21 дзень) найбліжэйшае акружэнне дзіцяці замяшчаецца спе­цыяльна створаным педагагічным асяроддзем.

Рашэнне аб стварэнні “Зубраняці” было прынята пры непасрэдным удзеле тагачаснага кіраўніка дзяржавы Пятра Міронавіча Машэрава. Кіраўніцтва дзейнасцю лагера было даручана ЦК камсамола Беларусі. Менавіта тады і былі закладзены асновы выхаваўчай сістэмы.

— У пераходны перыяд “Зубраня” перажываў пэўныя цяжкасці, як і краіна ў цэлым. Са змяненнем выхаваўчай парадыгмы педагагічны калектыў стаў шукаць свой шлях і фарміра­ваць сваю педагагічную сістэму. Прайшоўшы праз шэраг выпрабаваняў, “Зубраня” змог захаваць свой аўтарытэт: ва ўсе часы пуцёўка да нас успрымалася і ўспрымаецца як узнагарода, — падкрэсліла Н.Г.Ануфрыева. — Мы і зараз запрашаем дзяцей, якія дасягнулі значных для іх невялікага жыцця поспехаў у розных відах сацыяльна актыўнай дзейнасці: гэта і выдатнікі вучобы, і дзеці, якія вынікова займаюцца пэўнымі відамі творчасці, і юныя спартсмены — звыш 40 катэгорый дзіцячага актыву. За год у цэнтра рэалізоўваецца 50 педагагічных праграм рознай накіраванасці.

Па словах Н.Г.Ануфрыевай, цэнтр сёння з’яўляецца шматпрофільнай установай. Мы рэалізоўваем праграму агульнай сярэдняй адукацыі, прычым школа займаецца не толькі навучаннем, але і праводзіць шырокамаштабную даследчую дзейнасць. Сёлета ў “Лідар-клубе” адкрыта аддзяленне “Юніёр плюс”, якое па сутнасці з’яўляецца міні-тэхнапаркам з сучасна абсталяванымі лабараторыямі. Таксама па прагараме ПРААН будуецца дэманстрацыйны разумны экадом.

Праграма аздараўлення рэалізоўваецца з выкарыстаннем прыродных фактараў (цэнтр “Зубраня” размешчаны ў курортнай зоне), а таксама праз рэалізацыю спе­цыяльных аздараўленчых комплексаў у рэкан­струяванай медыцын-скай частцы, накіраваных на ўзмацненне дзіцячай паставы, імунітэту, работу з дзецьмі з аслабленым зрокам. Сістэма рэалізацыі праграмы “10 крокаў да здароўя” ўключае рухальную актыўнасць, збалансаванае харчаванне, адпаведны водны рэжым і шмат іншага.

— У праграмах адпачынку дзеці найлепшым чынам паказваюць свае таленты, таму гэты напрамак таксама мае вялікае значэнне. А колькі талентаў выявіў наш традыцыйны фестываль мастацтваў! Гэты напрамак дапоўніўся правядзеннем фестывалю “Юныя таленты Беларусі”, удзельнікі якога змаглі рэалізаваць сябе на вялікай сцэне.

Але краевугольным каменем усёй дзейнасці з’яўляецца наша ўнікальная выхаваўчая сістэма, — дадала на заканчэнне дырэктар цэнтра. — Яе надзвычайная эфектыўнасць у розныя гістарычныя перыяды нашай дзейнасці грунтуецца на маладосці: нашы выхавальнікі — энергічныя маладыя людзі, у якіх ёсць жаданне самарэалізавацца і, што вельмі важна, якія валодаюць унікальным педагагічным прыёмам — памяццю дзяцінства.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі — вядомы беларускі спявак Іван Вабі­шчэвіч і намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Уладзімір Фалалееў — падзяліліся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад знаходжання ў цэнтры ў якасці выхаванцаў і супрацоўнікаў, расказалі пра выбудаваныя за шмат гадоў партнёрскія адносіны і рэалізаваныя за час супрацоўніцтва праекты.

Аляксандр ГАРНАСТАЕЎ.