Тэрыторыя сярэдняй школы № 2 Мастоў даўно стала для жыхароў раёна месцам прагулак з паметкай “прыгожа і з густам”. Усё гэта дзякуючы цікавым архітэктурным формам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ужо на працягу многіх гадоў стварае іх работнік установы адукацыі Уладзімір Буйко. Незвычайнае школьнае пераўтварэнне пачалося 10 гадоў назад.
— Адразу за нашай установай адукацыі ёсць невялікае ўзвышша. Калісьці там размяшчаўся рэзервуар з вадой, — успамінае дырэктар школы Аляксандр Старавойтаў. — Шчыра кажучы, 10 гадоў назад з некаторай асцярожнасцю паставіўся да прапановы нашага майстра на ўсе рукі Уладзіміра Пятровіча пабудаваць тут невялікі замак. Якраз у той год актыўна ішлі работы па добраўпарадкаванні школы і заставаліся розныя абрэзкі будаўнічых матэрыялаў. Яны і сталі сыравінай для нашага школьнага замка.
Усе сумненні дырэктара рассеяліся, калі планы Уладзіміра Буйко ўвасобіліся ў жыццё. Тут вырас прыгожы сярэдневяковы замак з належнай яму брутальнасцю, уваходнай брамай і нават стражнікамі. Безумоўна, любая прапанова майстра па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі з таго часу заўсёды атрымлівала падтрымку і адабрэнне.
Пасля гэтага змянілася, напрыклад, размешчаная непадалёк замка студня. Адным з галоўных месцаў прыцягнення ўвагі для ўсіх жыхароў раёна стаў карабель з пунсовымі ветразямі на школьнай сажалцы прама насупраць увахода.
— Першапачаткова карабель быў драўляным, але з часам вада зрабіла сваю справу, і некалькі гадоў назад наш галоўны школьны мастак падарыў яму новае жыццё ў новым афармленні. Цяпер ён выкананы з бетону і прэтэндуе на зайздросную даўгавечнасць, — гаворыць Аляксандр Старавойтаў.
Цікава, што разам са школьнымі пунсовымі ветразямі нарадзілася ў школе цікавая традыцыя. Кожны год выпускнікі ўстановы адукацыі робяць тут агульны здымак, а іх фатаграфіі сёння ўпрыгожваюць школьныя стэнды.
Прадыктавана інтарэсамі школьнікаў была яшчэ адна ідэя для творчасці Уладзіміра Буйко. Вучні малодшых класаў актыўна займаюцца шахматамі ў рамках факультатыву. Каб падтрымаць цікавасць дзяцей да гульні інтэлектуалаў, у школьным парку з’явілася тэматычная зона адпачынку. На стылізаваных квадратах гульнявога поля тут занялі свае месцы ладдзя, конь, ферзь і кароль. Сур’ёзныя фігуры нібы замерлі, назіраючы за гульнёй тых, хто ўсаджваецца за гульнявы стол прама насупраць іх.
— Калі надвор’е дазваляе, праводзім тут фінал чэмпіянату школы па шахматах, — удакладняе дырэктар.
Каля ўвахода ў школу гасцей і вучняў сустракае скульптура беларускага першадрукара ў поўны рост — дзякуючы творчаму бачанню ўсё таго ж майстра на ўсе рукі Уладзіміру Буйко. А з мая гэтага года красуецца на тэрыторыі школы і сімвалічная для краю жывёла — зубр. Прычым гэтая архітэктурная форма яшчэ і з асветніцкім зместам. QR-код на стэндзе каля асілка з Чырвонай кнігі адпраўляе гасцей школьнай тэрыторыі на вядомы твор Міколы Гусоўскага.
— Прытрымліваюся пазіцыі, што тэрыторыя школы не павінна быць абгароджанай пустэчай. Калі ў цёплае надвор’е нашы навучэнцы выходзяць на перапынках на вуліцу, іх тут сустракае добры фон. Упэўнены, такое школьнае добраўпарадкаванне спрыяе іх творчаму развіццю, як і развіццю пачуцця густу, — дадае Аляксандр Старавойтаў.
Шырока прадстаўлена творчасць школьнага майстра і ў самой установе адукацыі. Яго почырк ёсць літаральна ў кожным кабінеце. Гэта Мірскі замак ва ўсю сцяну ў кабінеце гісторыі, аб’ёмная фігура касманаўта, які лунае ў космасе, у кабінеце фізікі і астраноміі, авіятар у вучэбным класе для малодшых школьнікаў і нават квадрат Піфагора як альтэрнатыва школьнай шпаргалцы ў фае…
— Ёсць у нашай школе ўзорны тэатр “Муза”. Ужо не раз ён становіцца пераможцам абласных, рэспубліканскіх конкурсаў. Два гады запар нашы навучэнцы станавіліся пераможцамі абласнога конкурсу тэатраў на англійскай мове. Шыкоўныя дэкарацыі да конкурсных тэатральных пастаноў заўсёды выконвае наш Уладзімір Пятровіч і тым самым вельмі дапамагае дзецям стаць бліжэй да пераможных месцаў, — працягвае Аляксандр Старавойтаў.
Вяртаючыся да таго, з чаго пачалі — тэрыторыі ля школы, нельга не адзначыць яшчэ адзін момант. І без таго падобная на парк зона яшчэ больш прыкметна змяняецца да навагодніх свят. З’яўляецца тут калядная батлейка з падсветкай, белыя мядзведзі з мультфільма “Умка”, галоўны чараўнік зімовага свята ў санях і Снежная каралева на троне.
Фатаграфуюцца на тэрыторыі школы ўсе жыхары Мастоў. І не толькі! У жніўні напярэдадні святкавання Дня горада была тут і дэлегацыя гасцей з Расіі падчас азнаямленчай экскурсіі па горадзе.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара