і іншыя рысы чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы (WorldSkills Russia)”, якія аб’ядналі беларускую каманду
Добрай школай для ўдасканалення прафесійнага майстэрства перад Сусветным чэмпіянатам WorldSkills у Абу-Дабі (ААЭ), своеасаблівым піяр-ходам для сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны стаў удзел беларускай зборнай у чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы (WorldSkills Russia)” — 2017, які прайшоў у Краснадары. Як паведамляла наша газета, нацыянальная зборная Беларусі заваявала 2 залатыя медалі, 21 сярэбраны і 6 бронзавых медалёў. На гэты раз мы больш падрабязна раскажам пра адметнасці гэтых спаборніцтваў, пра тое, як выступалі ўдзельнікі нацыянальнай каманды і якія мерапрыемствы былі праведзены ў рамках чэмпіянату.
С.Р.Бутрым, намеснік начальніка цэнтра вучэбна-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА, член дэлегацыі, паведаміла, што трохдзённае спаборніцтва праходзіла на 4 крытых пляцоўках і ў 2 адкрытых павільёнах выставачна-кангрэснага комплексу “Экспаград Поўдзень”, які мае памер больш за 56 тысяч квадратных метраў. Конкурс па прафесійнай кампетэнцыі “Геадэзія” праходзіў на дадатковай знешняй пляцоўцы недалёка ад комплексу. Усяго ў фінале V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы”, які лічыцца самым маштабным у Расійскай Федэрацыі спаборніцтвам прафесійнага майстэрства па стандартах WorldSkills International, у Краснадары прыняло ўдзел больш за 1300 чалавек з усіх 85 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія выступалі ў 109 прафесійных кампетэнцыях. На спаборніцтве прысутнічала больш за 1600 экспертаў, сярод іх — 33 эксперты з Беларусі, у лік якіх увайшлі спецыялісты прадпрыемстваў, майстры вытворчага навучання і педагогі. Усе яны сталі членамі экспертнага журы для ацэньвання прафесійных навыкаў канкурсантаў. Усяго ў спаборніцтвах, экспертнай ацэнцы і дзелавой праграме чэмпіянату ў Краснадары прыняло ўдзел амаль 5000 чалавек, у тым ліку 277 замежных удзельнікаў з 24 краін свету.
Напярэдадні спаборніцтва беларускія эксперты разам з экспертамі Расійскай Федэрацыі прайшлі курс павышэння кваліфікацыі і абаранілі праекты ў адпаведных групах, якія адпавядалі ўзроўням пачаткоўцаў, практыкаў і прафесіяналаў. Эксперты таксама ўдзельнічалі ў трэнінгах па распрацоўцы методыкі правядзення чэмпіянату. Фінальным выпрабаваннем стала абарона праектаў па складанні конкурснага задання, вызначэнні крытэрыяў ацэнкі, тэхнічнага апісання і пераліку неабходнага для спаборніцтваў абсталявання.
Урачыстая цырымонія адкрыцця спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве праходзіла на адкрытай пляцоўцы выставачна-кангрэснага комплексу “Экспаград Поўдзень”. Удзельнікаў чэмпіянату віталі намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Людміла Агародава, губернатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў, генеральны дырэктар саюза “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) Роберт Уразаў. У рамках цырымоніі адкрыцця былі прэзентаваны афіцыйныя талісманы 45-га чэмпіянату свету WorldSkills Kazan — 2019: хлопчык Skillsy і дзяўчынка Smarty.
Каманда WorldSkills Belarus налічвала 35 чалавек, сярод якіх былі навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, студэнты ўніверсітэтаў і маладыя рабочыя з прадпрыемстваў і арганізацый розных рэгіёнаў нашай краіны. Канкурсанты спаборнічалі ў 29 прафесійных кампетэнцыях 6 сфер дзейнасці.
Колькі слоў аб прафесійных кампетэнцыях, якія тычацца дрэваапрацоўкі. У гэтым годзе да прафесійнай кампетэнцыі “Сталярныя работы”, якая ўваходзіла ў папярэднія спаборніцтвы WorldSkills, дадалі яшчэ дзве: “Цяслярскія работы” і “Выраб мэблі”. Разам з куратарам гэтага кірунку метадыстам РІПА А.А.Стахавец, экспертам конкурсу, загадчыкам кафедры тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта С.В.Шэцькам, майстрам Віцебскага тэхналагічнага каледжа С.В.Дзенісенка і майстрам Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 Д.В.Расцюшэўскім была спланавана работа па падрыхтоўцы канкурсантаў для чэмпіянату ў Краснадары: распрацаваны методыка падрыхтоўкі, конкурсныя заданні, тэхнічнае апісанне, вызначаны крытэрыі ацэнкі і пералік неабходнага для спаборніцтваў абсталявання, падрыхтаваны трэніровачныя пляцоўкі для стажыроўкі і навучання. Навучальныя ўстановы адпаведнага профілю, якія размешчаны ў сталіцы і рэгіёнах, прадаставілі ўдзельнікам конкурсу свае вучэбныя майстэрні для трэніровак па згаданых кампетэнцыях. Трэба адзначыць, што ўстановы аснашчаны на самым высокім узроўні, а дапамагалі ў гэтым базавыя прадпрыемствы, якія станоўча праявілі сябе яшчэ на папярэдніх спаборніцтвах. На гэты раз была прадастаўлена сыравіна і неабходныя інструменты для трэніровак.
Мінскі прафесійны ліцэй № 5 стаў адной з прафесійных пляцовак для ўдзельнікаў конкурсу Івана Скорба, студэнта БДТУ, і навучэнца ліцэя Арцёма Капусты па кампетэнцыях “Вытворчасць мэблі”, “Сталярная справа”. Пад кіраўніцтвам майстра Д.В.Расцюшэўскага, які з’яўляецца міжнародным экспертам па кампетэнцыях дрэваапрацоўкі, на першым этапе падрыхтоўкі хлопцы адточвалі сваё майстэрства ў дрэваапрацоўцы, шліфуючы ўручную класічныя сталярныя злучэнні. На другім этапе канкурсанты выкарыстоўвалі ручны электрыфікаваны інструмент фірмы Festool. Трэцім этапам была адпрацоўка конкурсных заданняў WorldSkills папярэдніх гадоў правядзення. І, нарэшце, з сакавіка гэтага года навучэнцы адпрацоўвалі заданні чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы”.
Як адзначыла Ірына Анатольеўна Зяневіч, метадыст ліцэя, у рамках заяўленых на чэмпіянатах 3 кампетэнцый выкарыстоўваецца электрыфікаваны інструмент нямецкай фірмы Festool. Гэта сучаснае і даволі дарагое абсталяванне ў дрэваапрацоўцы, і дазволіць яго сабе можа не кожная навучальная ўстанова. У ліцэі № 5 абсталяваннем Festool аснашчана майстэрня электрыфікаванай апрацоўкі драўніны, што дапамагае вывесці прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў ліцэя на сусветны ўзровень, адпавядаць высокім сусветным стандартам. Перамогі навучэнцаў ліцэя таму пацвярджэнне.
У 2015 годзе ў ліцэй прыйшоў вучыцца сталярнай справе Арцём Капуста, на выгляд звычайны хлопец, але, як высветлілася потым, з цвёрдым характарам і творчым стаўленнем да навучання. Ён адразу ж праявіў сябе, стаў старастам групы, актыўна ўдзельнічаў у жыцці ліцэя і паступова заваяваў аўтарытэт сярод педагогаў навучальнай установы і сваіх равеснікаў. Выбар спецыяльнасці сталяра-станочніка быў для Арцёма невыпадковым. За гады вучобы ў ліцэі хлопец выступаў на алімпіядах па працоўным навучанні, дзе займаў прызавыя месцы. На ўнутрыліцэйскім конкурсе прафесійнага майстэрства, які праходзіў па стандартах WorldSkills у рамках падрыхтоўкі да II Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus — 2016 Арцём заняў 1-е месца. Гэта і была тая кропка адліку, з якой пачалося яго станаўленне як маладога прафесіянала.
На гарадскім этапе Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus — 2016 Арцём зноў быў першым і заваяваў “золата” для свайго ліцэя, а на рэспубліканскім узроўні чэмпіянату атрымаў сярэбраны медаль у прафесійнай кампетэнцыі “Сталярныя работы”.
Іван Скорб пакуль што толькі другакурснік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, але паспеў стаць знакамітасцю ў студэнцкім асяроддзі. Яшчэ на 1 курсе Іван перамог на II Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkillsBelarus — 2016. Але, калі меркаваць па прыроднай сціпласці і маўклівасці хлопца, ён да ролі героя наўрад ці прывыкне. Яшчэ з ранняга дзяцінства Івана заўважыў настаўнік працоўнага навучання Навадворскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Міхаіл Іванавіч Шайтар. Іван з 1 класа паказаў сваё захапленне габляваннем і пілаваннем, а таксама творчы падыход да кожнага вырабу. Гэта перадалося хлопцу ад бацькі, які вырабляў неверагодныя рэчы з драўніны. Цяпер, успамінаючы свае першыя драўляныя рэчы, хлопец лічыць іх недасканалымі і нават прымітыўнымі. Але гэта быў першы вопыт, які прывёў да ўдасканалення сваёй работы. А поспех у алімпіядах па працоўным навучанні дапамог выйсці Івану ўжо на новую прыступку. Цяпер ён можа зрабіць кухонныя прылады, не горшыя чым у прамысловай вытворчасці. На конкурсе ў Краснадары яго кухонны стол стаў самым лепшым і самым прыгожым, паўтарыць які не ўдалося нікому.
У чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” Іван Скорб прызнаны лепшым у кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі”. Арцём Капуста таксама годна паказаў сваё майстэрства і заваяваў сярэбраны медаль у кампетэнцыі “Сталярная справа”.
Як расказаў рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, у рамках чэмпіянату праводзілася шырокая дзелавая праграма, у якой актыўны ўдзел прымала беларуская дэлегацыя. У прыватнасці, прайшоў круглы стол “Развіццё руху WorldSkills на Еўразійскай прасторы” з удзелам прадстаўнікоў кіруючых органаў адукацыйнай галіны і прамысловасці Расійскай Федэрацыі, а таксама дэлегацый з Беларусі і Казахстана. У ходзе пасяджэння абмяркоўваліся пытанні аб неабходнасці фарміравання новага пакалення рабочых кадраў для прамысловага комплексу краін — членаў Еўразійскай прасторы, якія прайшлі б апераджальную падрыхтоўку, авалодалі б ведамі і навыкамі інавацыйных тэхналогій і самага сучаснага абсталявання. Па выніках круглага стала быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве па развіцці праекта WorldSkills паміж саюзам “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі.
— Мы аб’ядналіся для павышэння якасці прафесійнай адукацыі, укаранення ў сістэму адукацыі перадавога міжнароднага вопыту падрыхтоўкі кадраў і ўдасканалення адпаведных стандартаў, — заявіў афіцыйны дэлегат WorldSkills А.Х.Шкляр. — Нашы краіны дамовіліся аб сумесным прызнанні вынікаў чэмпіянатаў і дэманстрацыйнага іспыту, аб арганізацыі сумесных збораў каманд і спаборніцтваў па высокатэхналагічных кампетэнцыях, а таксама аб рэалізацыі праграмы FutureSkills, нацэленай на прагназаванне прафесій будучыні.
Па выніках спаборніцтваў усім замежным канкурсантам, уключаючы ўдзельнікаў Адкрытага еўразійскага чэмпіянату з Беларусі, Казахстана і Узбекістана, былі ўручаны skills-пашпарты (SkillsPassport), якія адлюстроўваюць узровень валодання кампетэнцыяй па стандартах WorldSkills з указаннем колькасці набраных балаў.
— Чэмпіянаты — гэта не проста спаборніцтва, гэта маштабная дзейнасць па фарміраванні каманды з ліку асабліва адораных маладых людзей з усёй краіны ў адзіную зборную, — заявіла Г.В.Іванова, намеснік начальніка цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА, Тeam leader нацыянальнай каманды (кіраўнік групы людзей, якія выконваюць агульнае заданне або звязаныя агульнай ідэ яй). — Аб’яднаць, натхніць, падтрымаць, быць добрым слухачом, выклікаць прыхільнасць да сябе канкурсанта, знайсці адказ на яго пытанні, ведаць правілы WorldSkills, каб кваліфікавана кансультаваць, выступаць у якасці пасрэдніка ў выпадку неабходнасці — усе гэтыя функцыі выконвае Тeam leader каманды.
Дзякуючы сумеснай рабоце членаў аргкамітэта WorldSkills і Тeam leader каманды Г.В.Івановай, беларуская зборная была названа самай арганізаванай камандай.
З кожным годам расце перакананне ў тым, наколькі спрыяе развіццю прафесійнай адукацыі нашай краіны міжнародны рух WorldSkills, наколькі імкліва расце прэстыж і матывацыя моладзі да выбару рабочых прафесій. А для ўстаноў прафесійнай адукацыі гэта добрая магчымасць устанаўлення партнёрскіх адносін з прадпрыемствамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, доступу да перадавых тэхналогій, набыцця вопыту сінхранізацыі прафесійных і адукацыйных стандартаў для эфектыўнай падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі.
Значная роля ў падрыхтоўцы і паспяховым удзеле ў чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” адводзіцца камітэту па адукацыі Мінскага гарвыканкама, упраўленням адукацыі аблвыканкамаў.
Па выніках удзелу ў WorldSkills Russia будзе канчаткова сфарміравана рэспубліканская зборная, якая прадставіць Беларусь у самым прэстыжным сусветным конкурсе прафесійнага майстэрства — 44-м Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills. Ён пройдзе ў кастрычніку 2017 года ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара і навучэнцаў.