Настаўніца хіміі Мельніцкай базавай школы Валянціна Мірчук узначаліла прафсаюзную пярвічку толькі ў студзені гэтага года, а ўжо зрабіла нямала. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Лінія старту
Валянціна Мікалаеўна — карэнная жыхарка аграгарадка Мельнікі, што на Маларытчыне. У свой час была выпускніцай школы, у якую ў 2006 годзе пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і дэкрэтных водпускаў вярнулася працаваць настаўніцай. На той момант у іх з мужам ужо было двое дзяцей, пазней нарадзілася і трэцяе дзіця. Але мнагадзетная маці заўсёды на ўсё знаходзіць час, з уласцівай ёй актыўнасцю і нязменным аптымізмам бярэцца за любыя справы.
Валянціна Мірчук выкладае хімію ў Мельніцкай базавай школе, а таксама суседняй Замшанскай базавай школе. У Мельніцкай, акрамя гэтага, вядзе працоўнае навучанне ў дзяўчынак. Адказвае за вырошчванне ў школьным парніку расады агародніны, якую школа рэалізуе мясцовым жыхарам, а на атрыманыя сродкі кожны год робіць добрыя рамонты. А яшчэ яна выдатны класны кіраўнік, у гэтым навучальным годзе праводзіць у дарослае жыццё ўжо трэці свой выпуск дзевяцікласнікаў. Яны разам ходзяць у паходы, ладзяць лыжныя прабежкі, клапоцяцца аб помніках героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, ездзяць на экскурсіі.
— Я не магу не даць сваім дзецям тое, што мне некалі даў мой класны кіраўнік Яўген Іосіфавіч Дземідзюк. Дзякуючы яму, наша пазакласнае жыццё было вельмі насычаным і цікавым, і гэта помніцца праз гады. Лічу, цяпер мая чарга, — адзначае мая суразмоўніца. — Дарэчы, Яўген Іосіфавіч быў настаўнікам хіміі і біялогіі, і менавіта яго станоўчы прыклад паўплываў на мой выбар прафесіі.
Валянціна Мікалаеўна пяць гадоў уваходзіла ў прафкам школы, адказвала за культурна-масавы сектар, работу з ветэранамі працы. А ў студзені гэтага года калектыў даручыў ёй узначаліць прафсаюзную ячэйку. Прызнаецца — было прыемна, але крыху страшнавата. З людзьмі ёй працаваць вельмі падабаецца, але хвалявалася, ці справіцца належным чынам з дакументацыяй, справаздачамі. Аднак усё атрымалася. З любым пытаннем настаўніца заўсёды можа звярнуцца да сваіх папярэдніц на месцы старшыні пярвічкі, у школе працягваюць працаваць дзве з іх. Пры неабходнасці дапамагае слушнымі парадамі старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Сцяпанаўна Бурштын. Добрае сацыяльнае партнёрства склалася з дырэктарам школы Андрэем Віктаравічам Васільевым — кіраўніком маладым, ініцыятыўным.
Па словах маёй суразмоўніцы, вялікую падтрымку ва ўсіх пачынаннях яна атрымлівае ад членаў прафкама. Аб кожным з іх Валянціна Мікалаеўна расказвае з такой цеплынёй, што становіцца відавочна — гэта не проста даніна ветлівасці. Намеснікам старшыні пярвічкі з’яўляецца настаўніца геаграфіі і біялогіі Таццяна Мікалаеўна Кірылава, якая са шчырай сардэчнасцю адносіцца да кожнага члена калектыву, ведае іх клопаты і заўсёды гатова дапамагчы. За ахову працы адказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталь Ануфрыевіч Пішчык, перакананы прыхільнік здаровага ладу жыцця. Творчыя рашэнні забяспечвае настаўніца пачатковых класаў таленавіты музыкант Ларыса Іванаўна Саковіч, якая кожнае мерапрыемства ператварае ў свята. А лабарант Эдуард Сцяпанавіч Лаўранюк, які перамяшчаецца з дапамогай крэсла-каляскі, з уласцівай яму ўважлівасцю і адказнасцю сочыць за парадкам з дакументацыяй прафкама.
Жыццё ў аб’ектыве
— Я лічу, што прафсаюзны лідар — гэта той жа настаўнік, толькі ўжо не для вучняў, а для педагогаў. Яго задача калектыў згуртаваць, накіраваць, палепшыць умовы працы і разнастаіць жыццё цікавымі падзеямі, — дзеліцца думкамі мая суразмоўніца.
Ахоп прафсаюзным членствам — 100%. Пярвічка аб’ядноўвае 36 чалавек, з іх 24 работнікі школы і 12 былых членаў калектыву, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Святы тут праходзяць вельмі душэўна і творча, ці гэта асабісты юбілей, ці чырвоныя даты календара. Разам удзельнічаюць у спартакіядах, выязджаюць на экскурсіі. У ліку апошніх — наведванне Хатыні, Кургана Славы, музея займальных навук “Квантум” у Мінску. Заўсёды запрашаюць з сабой у паездкі ветэранаў працы. Увогуле, былыя члены калектыву ахоплены рознабаковым клопатам. Іх запрашаюць на школьныя мерапрыемствы, віншуюць са святамі, пры неабходнасці дапамагаюць. Некаторыя з ветэранаў працы працягваюць удзельнічаць у жыцці школы. Так, Галіна Сцяпанаўна Братчук, якая выкладала рускую мову і літаратуру, па-ранейшаму піша вершы да конкурсаў і праграм.
Трэба адзначыць, што жыццё прафсаюзнай пярвічкі актыўна не толькі ідзе, але і асвятляецца. Валянціна Мікалаеўна не спыняецца на тым, што піша тэксты і робіць фотаздымкі, яна яшчэ здымае відэасюжэты, прычым вельмі якасныя, як сапраўдны прафесіянал. Усё гэта выкладваецца ў іх педагагічны чат у месенджары.
Дарэчы, актыўнасць прафсаюзнага лідара не абмяжоўваецца толькі школьнымі пытаннямі. Паколькі ўстанова адукацыі з’яўляецца цэнтрам культурнага і сацыяльнага жыцця вёскі, Валянціна Мірчук вырашыла зрабіць важную справу для ўсіх аднавяскоўцаў. Стварыла Viber-групу “Мельнікі. Навіны” і рэгулярна напаўняе яе кантэнтам. Дарэчы, у ёй ужо 344 удзельнікі. Акрамя навін і фотаздымкаў, дорыць землякам і свае натхняльныя відэасюжэты.
— Мне падабаецца, як людзі ў ТікТок з любоўю паказваюць свае вёскі, я вырашыла таксама гэта зрабіць. Гэтай вясной з’ездзіла на малочнатаварную ферму, зняла, як даяркі дояць кароў і гадуюць цялят. Пабывала ў полі, дзе працавалі трактары. У самой вёсцы крыху паздымала, хто як агарод садзіць ці вокны ў хаце мые. Звяла ўсё гэта ў адзін сюжэт, дабавіла нашай беларускай музыкі. Людзям вельмі спадабалася, просяць здымаць яшчэ, — расказвае яна.
Члены школьнай пярвічкі — актыўныя ўдзельнікі прафсаюзных анлайн-конкурсаў фотаздымкаў. Так, Валянціна Мірчук заняла 1-е месца ў фотаконкурсе “Настаўнік — гэта прызванне” Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А ветэран працы Ніна Сцяпанаўна Смаль перамагла ў конкурсе “Мая сям’я праз гады”. У яе з мужам тры сыны, тры нявесткі, шэсць унукаў і два праўнукі, і ўсе яны сабраліся разам, каб зрабіць цёплае сямейнае фота.
Хаця пярвічка ў школе адносна невялікая, у калектыўным дагаворы прапісаны шэраг актуальных дадатковых мер сацыяльнай падтрымкі. У ліку найбольш запатрабаваных — матэрыяльная дапамога і аплатныя дні адпачынку ў выпадку нараджэння дзіцяці, смерці блізкага сваяка. Мнагадзетным бацькам дапамагаюць падрыхтаваць дзетак да новага навучальнага года. Карыстаюцца члены прафсаюза і матэрыяльнай дапамогай з прычыны атрымання дзецьмі платнай адукацыі.
Тыя работнікі, якія хочуць палепшыць сваё здароўе ў прафсаюзных здраўніцах, атрымліваюць кампенсацыю за пуцёўку да 80% ад яе кошту. Дарэчы, найбольшай папулярнасцю ў іх карыстаецца санаторый “Буг”, што ў Жабінкаўскім раёне Брэстчыны.
Шэраг бонусаў прапісаны ў калектыўным дагаворы для маладых спецыялістаў, але зараз работнікаў з такім статусам у школе няма. А вось надбаўкі і заахвочванні за высокія дасягненні ў працы запатрабаваны — вучні мельніцкіх настаўнікаў не раз перамагалі ў алімпіядах і спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў, дасягалі іншых поспехаў. А нядаўна ў калектыўны дагавор унеслі дадатковы прыемны бонус для тэхнічнага персаналу і работнікаў харчаблока — права ўзяць ужо не 2, а да 5 дадатковых заахвочвальных дзён да адпачынку.
Палёт нармальны!..
Валянціна Мірчук з усмешкай расказвае, што яна нарадзілася 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, і ў дзяцінстве яе жартам звалі Валянцінай Церашковай. Шмат гадоў у настаўніцы была мара — скокнуць з парашутам. І нядаўна яна разам з дачкой Ганнай яе ажыццявіла. Што і казаць, такі ўчынак лепш за любыя словы паказвае валявы і рашучы характар нашай гераіні. З такім прафсаюзным лідарам калектыў дакладна не засумуе!..
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва гераіні